“Я не баюся памерці – баюся пакінуць без догляду сваіх коцікаў”
Галодным, худым, хворым, пакусаным сабакамі катам ужо многа гадоў даюць шанс на жыццё дзве жанчыны-пенсіянеркі, якія за сваю невялікую пенсію, акрамя дамашніх катоў, кормяць і даглядаюць бяздомных жывёл.
Вольга Рыгораўна Хазава 7 гадоў не зачыняе кватэру, каб хтосці мог падкінуць ёй бяздомнага коціка / Фото: Аксана Жданюк
На вуліцы Будаўнікоў у Ганцавічах каля дома 15А на каналізацыйным люку пастаянна збіраюцца бяздомныя каты. Гэта не дзіўна, бо па гэтым адрасе пражываюць іх ратавальніцы – Станіслава Казіміраўна Ракуць і Вольга Рыгораўна Хазава. Яны і кормяць, і пояць, і лечаць кінутых жывёл.
Станіслава Казіміраўна Ракуць расказала чытачам «ГЧ» пра свае адносіны да катоў: «Я люблю катоў з дзяцінства, яшчэ маленькай дзяўчынкай спавівала і гушкала іх, седзячы на печы. Ужо дзесяць гадоў я дапамагаю бяздомным жывёлам. Кожны дзень яны збіраюцца каля нашага дома і штодзень я іх кармлю: вару супчык, купляю корм, вадзічку нашу. У рукі яны не даюцца – дзікаватыя.
ў асноўным абыякава адносяцца да гэтых маіх клопатаў, памочнікаў практычна няма, затое ёсць ворагі. Майго дамашняга коціка так нехта пабіў, што замест вочка ў яго было крывавае месіва. Я ката выхадзіла, але на адно вока ён ужо не бачыць. Сустракаюцца агрэсіўна настроеныя асобы, што кіруюцца думкай «не заб`ю, дык хоць пакалечу!» Ды і так буркаюць некаторыя, што пад балконам жывёл кармлю. «Пагалоўе» складаецца з 10 коцікаў і кошак.
Пастаянна новых падкідваюць альбо выкідваюць каля розных магазінаў, а я падбіраю. Аднойчы хворага коціка знайшла, уся галава яго гнаілася. Бачу, памірае кот – я лекаў яму накупіла, мыла кожны дзень галаву гаспадарчым мылам і лячыла. Ачуняў той коцік. І дзеці мае любяць жывёл, дома ў іх жывуць таксама хатнія любімцы».
Па дарозе да кватэры Вольгі Хазавай мне сустрэлася суседка з яе пад`езда. Яна выказалася: «Не ведаю, куды нам звяртацца. Усе жыльцы дома і скаргу ўжо пісалі і ў якія толькі арганізацыі ні стукаліся. Гэта ж у пад`езд не зайсці. У доме ўсе сцены наскрозь прасмярдзелі. Перад гасцямі сорамна – званітуе любога. Вольга Рыгораўна як чалавек – выдатная жанчына, добрая, у царкву ходзіць, але ж як быць з яе катамі?»
Вольга Рыгораўна Хазава распавядае: «У маёй матулі прозвішча ў дзявоцтве нават было Кот. Мо яно нічога і не значыць, але ж у бацькоў было адзінаццаць дзяцей, мы прывыклі не толькі паміж сабой сабой дзяліцца, але і з братамі меншымі. Я сплю з катамі – і ніколі не хварэла і ў бальніцы не ляжала!
Суседзям не падабаецца тое, чым я займаюся, сварацца са мной, скардзяцца, абзываюць. Я хутка пераеду на дачу жыць і коцікаў забяру з сабой. Я ні на кога не крыўдую: Бог ім суддзя. Знаёмая з царквы пазнаёміла мяне з жанчынай з прытулка мінскага для жывёл бяздомных, дык яна прыязджала разоў некалькі і забірала катоў. Я ўжо туды адправіла 75 катоў, але больш іх, як сказала тая жанчына, браць яна не будзе.
Сем гадоў няма замка ў маёй кватэры – гэта на выпадак, калі хто захоча падкінуць кацяня. А я ўжо потым шукаю гаспадароў для сваіх коцікаў.
Два гады назад ажно чатыры кацяняці ў скрынцы з-пад абутку нехта падкінуў. Таня-прыбіральшчыца з вакзала таксама коцікаў бяздомных да мяне прыносіць. Аднойчы нехта наўмысна, пакуль мяне не было дома, ваду паўключаў у кватэры, газ адкрыў… Добра, што хоць нічога дрэннага не адбылося.
На корм і лекі для катоў мне грошай не шкада, і дзеці таксама падтрымліваюць. Сынок у Хабараўску марыць, каб прытулак стварыць для няшчасных катоў і сабак. Праз мае рукі паўтысячы катоў ужо прайшло, калі не больш. Многія мяне абзываюць бамжыхай ці яшчэ якія мянушкі даюць, але я не крыўдую, у маім сэрцы жыве любоў да людзей і жывёл.
Аня і Сашка з магазіна «Пеўнік» – людзі залатыя, многа чым дапамаглі, ды і прыбіральшчыца на рынку Вольга, Ліда Творык… Я ім так удзячна! Калі коцікі хварэюць, я падлечваю іх кропелькамі ад прастуды, таблеткі ад глістоў разам з каўбаскай даю, маслам ад Святой Матронушкі вочы ім праціраю.
Я не баюся памерці – баюся пакінуць без догляду сваіх коцікаў. Таму звяртаюся да кіраўніцтва раёна і да жыхароў горада: «Давайце ўсе разам створым прытулак для бяздомных катоў і сабак». Я малюся Госпаду аб тым, каб людзі мяне зразумелі і палюбілі бліжняга, як самога сябе. Я так удзячна «Ганцавіцкаму часу», што закрануў гэтую тэму!»
Новости
- 16:49 «Белтелеком» повысит тарифы для клиентов с ноября
- 14:57 В Минске мошенники использовали 11-летнюю девочку
- 12:37 Жительница Барановичей заплатила мошеннику за беседку
- 12:04 РСЦ проверяет необычные показания счетчиков
- 11:51 Минфин снизит выплаты за драгоценные металлы населению
- 11:08 Райагросервисы банкротились, а теперь их восстанавливают. Что скрывается за успехом одного из лучших?
- 10:57 Владельцы участков начнут строить по новым правилам
- 19:31 Фейковые сайты заманивают школьников готовыми ответами
- 12:57 В Барановичах найденный ноутбук пытались сдать на детали
- 13:36 Bitget ограничит операции клиентов из Беларуси с 18 октября
Материалы по теме
Самого неотразимого питомца выбрали! А теперь интрига – кто станет дипломантом от редакции «Ганцавіцкага часу»?
Народное голосование конкурса «Мой питомец – лучший кадр!» завершено. Дипломанта на главный титул самого неотразимого питомца определили большинством набранных голосов.