У Борках прайшоў фэст народнай музыкі «Свае»

Грандыёзнае свята па мясцовых масштабах з удзелам лепшых фальклорных калектываў Ганцаўшчыны і суседніх раёнаў зладзілі па ініцыятыве работнікаў Дома рамёстваў у нядзелю 13 сакавіка ў в. Боркі. Фэст традыцыйнай культуры пад назвай «Свае»быў зусім не падобны на тыя, якія звычайна раздзяляюць удзельнікаў на артыстаў сцэны і гледачоў. Тут не было строгіх сцэнарыяў, кожны прысутны мог стаць спеваком і танцорам. І атмасфера была пранікнута цеплынёй, тут усе былі СВАЕ.

Калі ехалі на фэст, расказвае галоўны рэдактар «ГЧ», то нават не чакалі, што будзе так весела. На ўваходзе ў Боркаўскі ДСКП віселі вышытыя ручнікі, а ў двары гасцей сустракалі саламяныя фігуры бабы і дзеда з гармонікам. У клубе гоман, песні, танцы, сталы са стравамі і салодкімі прысмакамі – як на вяселлі, толькі без спіртнога. А людзі вясёлыя – віншуюць адзін аднаго, радуюцца, абдымаюцца…

«Што тут у вас адбываецца?» – пацікавіўся Пётр Паўлавіч у дырэктара Дома рамёстваў Маргарыты Саланевіч.

Як расказала Маргарыта, задумка такога мерапрыемства належыць супрацоўніку Дома рамёстваў Сяргею Макарэвічу. Ідэю правядзення такога фестывалю ён падгледзеў, калі быў на мерапрыемствах у іншых рэгіёнах. Летам ён быў у Борках у экспедыцыі, пасябраваў з мясцовымі самадзейнымі артыстамі і захацеў наладзіць такі фэст і ў нас.

«Мы запрасілі артыстаў, яны згадзіліся прыехаць. Тут ёсць і яго сябры з Мінска, і артысты з Клецка і Лунінца. Пачалі мы з Борак, бо тут ёсць два калектывы артыстаў. Аб правядзенні свята музыкі дамовіліся яшчэ летам. Гэта толькі пачатак, мы пойдзем і далей, у іншыя населеныя пункты», – расказала «ГЧ» Маргарыта Аляксандраўна.

Для жыхароў маленькай вёсачкі Боркі гэты фэст стаў сапраўдным святам. Столькі людзей было тут – хто спяваў, хто прытанцоўваў, хто частаваўся… Было адчуванне, што знаходзімся на вяселлі 30-гадовай даўнасці.

«Такое свята добрае наладзілі. Усе артысты малайцы! А з Лунінца жанчыны спявалі – аж за душу брала, на такіх высокіх нотах спяваць вельмі цяжка», – падзялілася ўражаннямі ганцаўчанка (ураджэнка в. Боркі) Марыя Мікалаеўна Раманюк.

Сярод удзельнікаў былі фальклорна-этнаграфічныя гурты «Хатовічы» і «Завіца» з Хатыніч і Раздзялавіч, фальклорны гурт з в. Дзятлавічы Лунінецкага раёна, клуб традыцыйнага танца «Сіта», капэла «На таку» і Кацярына Радзівілава з г. Мінска. На фэсце быў і традыцыйны інструментальны калектыў «Роза» з Клецкага раёна, які дзясяткі гадоў таму іграў вяселлі з баянам, барабанам і трубой. 

Пад жывую музыку танцавалі народныя танцы: кракавяк, падыспань, польку. Далучыцца да танцораў могкожны, хто жадаў. Хто не ўмеў танцаваць, таго вучылі.

Мясцовыя жыхары і госці былі ў захапленні. «Парадавалі людзей ад душы! Раней так і было, бо людзі жылі абшчынай, было весела, спявалі, танцавалі. А цяпер што? Людзі запужаныя, беспрацоўе, п`янства… А гэтае мерапрыемства проста любата, часцей бы такія святы ладзіліся», – сказаў «ГЧ» жыхар Борак, пенсіянер Дзмітрый Мікалаевіч Берташ.

Моладзь з ганцавіцкага Дома рамёстваў даказала, што нават адзін-два чалавекі могуць арганізаваць і сабраць людзей. За такое свята трэба выказаць шчырыя словы падзякі і тым артыстам, якія хоць і знаходзяцца ўжо ў шаноўным узросце, усё ж здолелі прыехаць на мясцовы фэст «Свае» на Ганцаўшчыну і паказаць моладзі даўнейшыя танцы, якія, на жаль, ужо знікаюць з сучаснай сцэны. Са смуткам разумееш, што праз два-тры дзясяткі гадоў усё гэта можа знікнуць. Але надзея ўсё ж застаецца, бо разам з бабулямі і жанчынамі ў нацыянальных касцюмах была і моладзь: дзяўчынкі з Хатыніч і Раздзялавіч таксама выканалі народныя танцы і прысутныя аддзячылі іх цёплымі апладысментамі.

Из рубрики