Невядомы госць падарыў маладажонам 100 мільёнаў

Нечаканы і вельмі прыемны сюрпрыз – 100 мільёнаў рублёў – атрымае маладая сям`я Андрэя і Ксеніі Зялёнка. Урачыстасць, падчас якой маладыя звязалі свой лёс шлюбам, абмяняліся заручальнымі кольцамі і атрымалі падарункі ад родных, сваякоў і сяброў, адбылася ў Ганцавічах яшчэ ў пачатку жніўня. А нядаўна маладажоны праверылі латарэйныя білетаў, якія дарылі на вяселлі, і адзін з іх аказаўся з салідным выйгрышам.

Як расказала “ГЧ” маці жаніха Іна Зялёнка, у запрашэннях, якія яны накіроўвалі гасцям, дзеля жарту ўказалі, што ўваход у банкетную залу на вяселле будзе па латарэйных білетах. Многія запрошаныя так і зрабілі – сапраўды прыйшлі з латарэямі.

Малодшая сястра жаніха Даша вітала гасцей і збірала “прапускныя” латарэйныя білеты. І калі гукі музыкі і звон бакалаў праз тыдзень-другі заціх, білеты праверылі.

“Білетаў было каля сарака, з іх пяць аказаліся выйгрышнымі – чатыры на невялікія сумы, а адзін білет “Суперлато”– на 100 мільёнаў рублёў! – расказвае маці маладога. – Гэта, канешне, нечакана і радасна. Дзяцей ужо запрасілі ў Мінск, каб правесці экспертызу білета, а таксама на тэлебачанне для ўручэння сертыфіката на гэтую суму”.

Атрымаць выйгрыш маладажоны змогуць пасля таго, як латарэйны білет пройдзе экспертызу: маладажоны адвезлі яго ў Мінск 6 верасня. А передачу па тэлебачанні, падчас якой Андрэю і Ксеніі Зялёнка будуць уручаць сертыфікат на 10 тысяч (да дэнамінацыі 100 млн) рублёў, гледачы змогуць убачыць праз некалькі месяцаў.

Хочацца павіншаваць маладых са стварэннем новай сям`і, з каштоўным сюрпрызам. Але, напэўна, прыйдзецца маладой пары збіраць гасцей яшчэ раз і адзначыць радасную навіну, каб аддзячыць за падарунак, бо невядома, з чыёй жа лёгкай рукі быў куплены шчаслівы латарэйны білет.

Материалы по теме
Из рубрики