Колькі гадоў Дзеду Марозу?
Мала хто задумваўся пра адказ на вынесенае ў загаловак пытанне. Усе прывыклі ставіць вядомага навагодняга персанажа ў адзін шэраг са старажытнымі казачнымі героямі. Але напаверку аказваецца, што Дзед Мароз па гістарычных мерках яшчэ не стары – і мае 80 годзікаў.
Для пачатку давайце вызначым, хто такі Дзед Мароз. Вікіпедыя кажа, што гэта казкавы персанаж усходнеславянскага гарадскога фальклора, пабудаваны па матывах жыццяпісання Святога Мікалая і народных уяўленняў пра мароз. Існаванне Дзеда Мароза прывязваецца да зімовай змены каляндарнага года.
Першае, што бянтэжыць, калі задумацца над “навагоднасцю” Дзеда Мароза: адлік новага года ў розныя часы вёўся па-рознаму. У славян такая перазменка прывязвалася да цыклу работ на зямлі. Таму нават пасля ўвядзення хрысціянства і – адпаведна – хрысціянскага календара нашы продкі былі схільныя бачыць пачатак года з надыходам вясны (часцей кажуць пра 1 сакавіка, хоць гэта вельмі ўмоўна, бо арыенціроўка была не на хрысціянскі каляндар).
Які ж тутака Дзед Мароз? Значыць, трэба шукаць, калі пачалі сустрэчу новага года адносіць да зімы.
Новы год = 1 студзеня?
Як выявілася пры вывучэнні матэрыялаў, пры пошуку адказу па азначанай праблеме многія нашы суайчыннікі ідуць следам за расійскай версіяй развіцця навагодняй тэмы. І… памыляюцца.
Традыцыя лічыць пачаткам года 1 студзеня ўзыходзіць да распараджэння рымскага імператара Юлія Цэзара, які ў 45 годзе ДА нараджэння Хрыстова ўвёў каляндар, названы ў гонар аўтара. Першыя сведчанні пра адлік года ад 1 студзеня згодна з хрысціянскім календаром на беларускай зямлі адносяцца да ХІІ стагоддзя. Тым не менш у народзе гэта яшчэ доўга не прыжывалася.
Да таго ж у хрысціянстве адбыўся раскол (канчаткова ў ХІ стагоддзі), а праваслаўнымі было прынята весці гадавы адлік ад 1 верасня (гэта дзень пачатку заснавання свету).
Пачынаючы з ХІV стагоддзя Вялікае Княства Літоўскае ішло на збліжэнне з Польскай Каронай. Апошняя імкнулася распаўсюджваць свае ўплывы на ўсход. У тым ліку – праз эскпансію каталіцызму. Да каляндарнай сістэмы спрычынілася Люблінская унія (1569). Пасля яе, у 1583 годзе, агульны для абедзвюх дзяржаў кароль Сцяпан Батура загадам увёў Грыгарыянскі каляндар (уведзены папам Грыгорыем XIII за год напярэдадні).
З тых пор Новы год у Беларусі афіцыйна і пачалі адзначаць 1 студзеня. Дарэчы, большасць еўрапейскіх краін пераходзіла на сучасную традыцыю святкавання 1 студзеня на працягу XVI—XVII стагоддзяў. Таму ВКЛ, як варта лічыць, знаходзілася ў тагачасным цывілізацыйным трэндзе.
Зразумела, адразу прышчапіцца традыцыя не магла. Таму даследчыкі лічаць, што быў час, калі беларусы маглі адзначаць Новы год ажно тры разы: 1 студзеня, 1 сакавіка і 1 верасня.
Дапамагло схіліць народныя масы да першастудзеньскага пачатку года ўніяцтва, якое ўзнікла ў 1596 годзе і перавяло большасць праваслаўных пад каталіцкую юрысдыкцыю.
Асобна зазначым, што ў Расіі адлік новага года з 1 студзеня быў уведзены толькі 1700 годзе ўказам Пятра І, але – па юліянскім календары, які ў сваю чаргу быў зменены на Грыгарыянскі адно ў 1918 годзе бальшавікамі. Гэта значыць, беларусы Новы год 1 студзеня па сучасным календары сустракалі на 335 гадоў раней за расіян.
Праўда, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) беларускія землі ўвайшлі у склад Расійскай Імперыі. Таму функцыянаванне грамадства па Грыгарыянскім календары было перарвана.
Зрэшты, для беларускага сялянства вышэйапісаныя каляндарныя пертурбацыі не мелі прынцыповага значэння. Яно жыло у культурнай парадыгме той рэлігійнай канфесіі, да якой належала. Паноўнымі ж былі праваслаўе, уніяцтва (1596 – 1839) і каталіцызм. Важнейшае значэнне па-ранейшаму мелі элементы язычніцтва. Таму тая ж упрыгожаная ялінка (яна з’явілася ў нас толькі ў ХІХ стагоддзі, але ў сялянскую хату прыйшла толькі ў ХХ) прынагоджвалася не да Новага года, а ў сувязі з Калядамі. Таму і святкавання Новага года як нейкай урачыстасці не праводзілася.
Адпаведна не была распрацавана “праграма” свята і Дзеда Мароза не існавала. Затое яго функцыі (перш за ўсё выканання жаданняў і дарэння прэзентаў) выконваў Святы Мікалай. Яго прыход спачатку адбываўся 6 снежня. Але з’яўленне Святога Мікалая было перасунута да Раства Хрыстова ў сувязі з тым, што Рэфармацыя хрысціянства, якая асабліва разгарнулася па Еўропе ў ХVІ – XVІІ стагоддзях, не адабрала ўшанаванне святых. Гэтым самым фактычна стварылася глеба для ўзнікнення Дзеда Мароза.
Калі і як “зачаты” Дзед Мароз?
На Захадзе аналагам усходнеславянскага Дзеда Мароза з’яўляецца сёння ўсім вядомы Санта-Клаус. Фарміраванне яго вобраза пачалося з з кнігі Вашынгтона Ірвінга “Гісторыя Нью-Ёрка”, якая ўбачыла свет ў 1809 годзе. У ёй гаварылася пра Святога Мікалая. Аднак апісаную гісторыю неўзабаве развіў іншы амерыканскі пісьменнік – Клемент Кларк Мур. Ён у 1823 годзе апублікаваў паэму “Ноч перад Раством, або Візіт Святога Мікалая”.
У гэтым творы ўпершыню і паяўляецца Санта-Клаус – казачны персанаж, які дарыць падарункі дзецям. Паэма атрымала шырокую папулярнасць. Да 1840 года перароджанага са Святога Мікалая Санта-Клауса ведалі па ўсіх Злучаных Штатах Амерыкі. У далейшым – праз творы выяўленчага мастацтва і розную літаратуру – вобраз узбагачаўся і “раскручваўся”. Яго геаграфія ахапіла ўсю заходнюю цывілізацыю.
Падобная гісторыя генезісу ў Дзеда Мароза. Сама прыродная з’ява марозу здаўна персаніфікавалася ўсходнімі славянамі. У міфалогіі беларусаў існаваў бог холаду Зюзя. У расіян яго называлі проста Марозам. Яго вобраз знайшоў адбітак у фальклоры. Узнік шэраг чарадзейных казак з такім персанажам.
У 1840 годзе расійскі пісьменнік-рамантык Уладзімір Адоеўскі публікуе ў зборніку казак аповед “Мароз Іванавіч”. У ім развіваецца традыцыя вобраза, закладзеная ў фальклоры. Сам вобраз Мароза яшчэ не тоесны сучаснаму: галоўнае – не прывязаны да Новага года і не дарыць падарункаў.
Да кшталтавання вобраза спрычыніліся таксама такія творы, як паэма Мікалая Някрасава “Мароз, Чырвоны нос” (1863) і п’еса Мікалая Астроўскага “Снягурачка” (1873).
У другой палове ХІХ стагоддзя ў мяшчанскім асяродку Расіі назіраюцца спробы стварэння самабытнага дзеда, які дарыў бы дзецям падарункі на Раство. Пасля шэрагу варыянтаў у 1886 годзе ўпершыню адзначаецца Марозка.
З яго да пачатку ХХ стагоддзя вырастае блізкі да знаёмага нам вобраз Дзеда Мароза. Але замацавацца ён не паспеў – рэвалюцыі 1917 года прынеслі кардынальныя культурныя трансфармацыі. Рэлігійнасць і мяшчанства былі прызнаны каштоўнасцямі буржуазнай аксіялогіі, таму ім у існаванні ў рамках савецкага ладу было адмоўлена.
Паколькі Беларусь тым часам уваходзіла ў склад Расійскай Імперыі, дык гэта гісторыя мае дачыненне і да гарадоў “Паўночна-Заходняга края”, як тады называлі нашу краіну.
Нараджэнне Дзеда Мароза
Пасля Кастрычнікай рэвалюцыі насаджалася так званая пралетарская культура. У ёй не было месца мяшчанству і рэлігійнасці. Таму многія традыцыі падвергліся выкараненню. У сувязі з існаваннем дзеда Мароза ў навагодне-калядным кантэксце гэты вобраз трапіў пад фактычную забарону разам са святочнай ёлкай. Хоць яшчэ пры Уладзіміры Леніне ёлка суіснавала з атэістычнымі павевамі. Асабліва строга забарона дзейнічала з 1929 года. Савецкі паэт-вульгарызатар Дзям’ян Бедны пісаў:
Старорежимный ёлочный дед
С длинной-предлинной такой бородой
Вылитый сказочный «Дед-Мороз»
С ёлкой под мышкой саночки вёз,
Санки с ребёнком годочков пяти.
Советского тут ничего не найти!
Аднак ужо ў 1935 годзе савецкім кіраўніцтвам з адабрэння самога Іосіфа Сталіна было вырашана вярнуцца да навагодняга дзейства з ёлкаю і Дзедам Марозам. Але прынагодзілі іх не да Раства (свята рэлігійнага і таму непрымальнага), а да Новага года (свята свецкага). Прычым, як вышэй гаварылася, адлік года бальшавікі пачалі рабіць з 1 студзеня Грыгарыянскага календара (а не з 14 студзеня, як было па календары Юліянскім).
1936 год савецкія дзеці сустракалі са святочнай ёлкаю. Яшчэ праз годзік – у студзені 1937 года – на навагоднім свяце ў маскоўскім Доме Саюзаў віталі гасцей Дзед Мароз і яго ўнучка Снягурачка.
Калі ў дакастрычніцкі час ставілася на мэце вобразам Дзеда Мароза дапоўніць рэлігійнае святкаванне Раства Хрыстова, дык бальшавікамі гэты персанаж рэанімоўваўся ў супрацьвагу рэлігійнасці. Урачыстая сустрэча, святкаванне Новага года хоць і запачаткавана Пятром І (гл. вышэй), але як масавая з’ява ўкаранілася пры савецкай уладай і з дапамогаю яе, каб народ пераключыць з Калядаў на аналагічны атэістычны арыенцір.
Больш таго, у сталінскі час Дзед Мароз быў персанажам не апалітычным, а ідэйным. Іншым разам даходзіла да таго, ён маляваўся… з курыльнай люлькай (у чым заключаўся намёк на вобраз Іосіфа Сталіна).
Трэба сказаць, што адносіны да Дзеда Мароза ў савецкага кіраўніцтва развіваліся паралельна з палітыкай адносна казкі як жанру мастацкай літаратуры. На працягу 1920-х гадоў казка ўсё больш прызнавалася небальшавіцкім жанрам, а значыць варожым савецкай уладзе. Вырашана было на дзяржаўным узроўні пазбавіць уплыву казкі на дзяцей. Аднак абсурдную памылку неўзабаве зразумелі – і казку вярнулі ў кола дзіцячага чытання. Сінхронна вярнуўся і Дзед Мароз.
Пасля Другой сусветнай вайны тандэм Дзеда Мароза і Снягурачкі паспрабавалі дапоўніць хлопчыкам у чырвонай шубе і шапцы з лічбавым абазначэннем наступнага года. Хлопчык так і называўся – Новы Год – і выступаў пераемнікам Дзеда Мароза як года старога, мінулага. Пік папулярнасці хлопчыка Новага Года, як можна прасачыць пра тагачасных паштоўках, адносіцца да канца 1950 – сярэдзіны 1960-х гадоў. Але вобраз не прыжыўся і цяпер практычна забыты.
Расійская фалькларыстка Святлана Адоньева даказвае, што кананічны вобраз Дзеда Мароза з унучкай Снягурачкай як абавязковых персанажаў навагодняга свята сфарміраваўся ўжо ў савецкі час. Таму варта весці адлік існавання любімага дзецьмі героя менавіта з першых дзён 1937 года.
Больш складана сітуацыя выглядае з Беларуссю. У 1920 – 1930-я гады яна была распалавінена: адна частка знаходзілася пад савецкай уладай, другая, Заходняя Беларусь, уваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі. Зразумела, “бальшавіцкі” Дзед Мароз паявіўся ў БССР у другой палове 1930-х гадоў, але ў Заходняй Беларусі пра яго савецкую іпастась практычна ніхто не чуў. Там працягвалі культываваць вобраз Святога Мікалая.
Тым не менш у 1927 годзе з-пад пяра Сяргея Новіка-Пеюна пад псеўданімам Малады Дзядок быў надрукаваны ў Вільні асобнай кніжачкай “калядны абразок у 1-эй дзеі” “Ёлка Дзеда Мароза. Гэта – сведчанне таго, што такі персанаж некаторым “заходнікам” быў усё ж такі знаёмы. Знаёмства з творам, аднак, гаворыць хутчэй пра перайманне расійскіх дакастрычніцкіх спроб увасаблення Дзеда Мароза ў суладдзі з беларускай фальклорнай традыцыяй вобраза Мароза-Зюзі.
Працаваў Мароз нямала:
Шаць на дрэвы кінуў ён,
Залатых прыгоршчы зорак
Прыляпіў да шыб акон.
<…>
Падышоў Мароз да рэчкі —
І спынілася рака:
У кайданы закавала
Яе дзедава рука.
Люстра рэчкі ледзяное
Гладзіць сонейка з нябёс.
І лятае ў санках снежных
З дзікім свістам Дзед Мароз.
Прапанаваны пісьменнікам беларускі варыянт вобраза не стаў распаўсюджаным. Прычыны гіпатэтычна бачацца ў тым, што гэты персанаж зараджаўся і развіваўся як сімулякр урбаністычнага культурнага кантэксту праваслаўных хрысціян. Між тым у гарадах Заходняй Беларусі пераважалі і дамінавалі ў міжваенны перыяд яўрэі (іўдзеі) і палякі (католікі). Беларускія культурныя асяродкі ў гарадской мясцовасці тым часам толькі фарміраваліся.
“Бальшавіцкі” Дзед Мароз мог упершыню паўстаць перад “заходнікамі” адно напярэдадні 1940 года, перад якім заходнебеларускія землі былі занятыя Чырвонай Арміяй.
З гадамі ўсталяваўся той вобраз Дзеда Мароза, які нам вядомы з дзяцінства. Пра сучаснае фарміраванне персанажа можна казаць, пачынаючы з 1970-х гадоў. З цягам часу забылася, што ён ствараўся дзеля секулярызацыі і атэізацыі культуры і свядомасці савецкіх людзей. Сёння і праваслаўе (Маскоўскага патрыярхата і яшчэ некаторых, але не ўсіх) да навагодняга Дзеда Мароза са Снягуркай адносіцца канструктыўна.
Нагадаем, каталіцкая культура мае свой аналаг – Санта-Клауса, аднак ён з’яўляецца канцэптуальным элементам Раства, рэлігійнай культуры. Нягледзечы на адносна малады ўзрост разглядаемага персанажа, калектыўная памяць у нашым грамадстве не захавала звестак пра пра тое, як да народнай культуры былі прышчэплены Дзед Мароз і Снягурка. Таму цяпер іх існаванне здаецца спаконвечным.
Значыць, рэалізацыя задумы бальшавікамі прайшла даволі спраўна. Прынамсі багата больш удала, чым ажыццяўленне імі сваёй палітыкі: светлай камуністычнай будучыні не дасягнулі, Савецкі Саюз чвэрць веку як разваліўся. Затое Дзед Мароз і Снягурка, як нятленны Фенікс, з году ў год прыходзяць да нас і знікаць у адрозненне ад савецкай улады не збіраюцца. Пры гэтым яны нават не здагадваюца, што іх, па сутнасці, няма.
Высновы
На аснове вышэйвыкладзенай інфармацыі можна вычленіць наступныя галоўныя тэзісы.
1. Новы год ва ўсходніх славян доўгі час не прынагоджваўся да 1 студзеня. Дзеда Мароза як такога не было зусім.
2. У народнай культуры прататыпам Дзеда Мароза можна лічыць персаніфікаванага Мароза, які ў беларусаў называўся Зюзя.
3. Пераход да адліку года з 1 студзеня у ВКЛ адбываецца з увядзеннем Грыгарыянскага календара ў 1583 годзе. У Расіі – толькі з 1700 года (і то па календары юліянскім).
4. Новы год у народзе святам не лічыўся, таму што па-ранейшаму прытрымліваліся каляндарна-абрадавых традыцый.
5. У ХІХ стагоддзі ў заходняй культуры з’яўляецца навагодні персанаж – Санта-Клаус, а трохі пазней ў гарадах Расійскай Імперыі – Марозка.
6. Зараджэнне вобразу Дзеда Мароза з аднясеннем да Новага года і Калядаў адбываецца ў Расіі ў канцы ХІХ стагоддзя.
7. Да 1917 года гэты вобраз не паспеў стаць традыцыйным і распаўсюдзіцца за межы гарадской мясцовасці.
8. Пасля Кастрычнікай рэвалюцыі персанаж імкліва выцясняўся, бо не ўпісваўся ў прапанаваную бальшавікамі сістэму каштоўнасцей. З 1929 года можна казаць пра забарону Дзеда Мароза на падсавецкіх тэрыторыях.
9. Спробы ўвядзення Дзеда Мароза ў заходнебеларускую культуру не далі плённых вынікаў.
10. Праз некалькі гадоў пасля забароны меркаванне пра гэты казачны персанаж у саветаў змяняецца – з пачаткам 1937 года Дзед Мароз вяртаецца ў дзіцячую культуру.
11. Пры гэтым вобраз перасаджваецца на глебу свецкага свята – Новага года, становіцца цалкам свецкім персанажам. Больш таго, яго іміджмейкерамі з’яўляюцца бальшавікі. Адной з мэтаў з’яўлялася атэістычнае выхаванне.
12. “Біяграфія” Дзеда Мароза ўзгадавана расійскай культурай, але з невялікімі і непрынцыповымі папраўкамі датычыцца і Беларусі з прычыны знаходжання ў гэты час пад уплывам – палітычным і культурным – усходняй суседкі.
13. І – самае галоўнае, канечне: Дзеда Мароза – няма! Але яго бальшавіцкаму праекту спаўняецца 80.
Новости
- 17:10 Что выбрать в Лиссабоне для отдыха на воде — яхту, вечернюю прогулку или рыбалку
- 12:19 Почему после поездки в Лиссабон хочется ещё один отпуск
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
Материалы по теме
«Дыши легко» – белорусский ответ на борьбу с усталостью за рулём
В 2025 году ОАО «КРИОН» представило новый продукт — дыхательную смесь «Дыши легко». Это обогащённая кислородом смесь в аэрозольной упаковке, предназначенная для активации умственной активности, снижения утомляемости и поддержания общего самочувствия.
Куда на отдых отправились бы жители Брестской области?
В разгаре лето, пора отпусков. Кто-то предпочитает отдыхать дома, кто-то путешествует. А мы решили узнать у жителей г. Ганцевичи Брестской области, куда они бы направились, если бы им предложили отдохнуть в любой точке мира совершенно бесплатно. Некоторые ответы удивили.
Какая семья крепче: официально зарегистрированная в ЗАГСе или гражданский брак?
В настоящее время установилась тенденция, что все больше молодых людей предпочитают пожить гражданским браком, прежде чем официально зарегистрировать свои отношения в ЗАГСе. Ранее свободные отношения порицались, а как теперь? Узнали у жителей Ганцевичей, как они относятся к гражданскому браку.
Из рубрики
На Каляды можна даведацца пра свой лёс, ураджай і якім будзе год
Каляды – гэта час цудаў і варажбы. З 7 па 19 студзеня на Беларусі адзначаюць святкі, ці Каляды. Па традыцыі на працягу ўсіх гэтых дзён дзяўчаты варажылі на сваё замужжа і жаночую долю. Самымі дакладнымі лічыліся прадказанні, атрыманыя ў ноч з 13 на 14 студзеня: казалі, што не наварожыш, усё спраўдзіцца!
«Лучшая ёлка Беларуси»: как один щелчок превратил голосование в пустую трату времени
Голосование за лучшую ёлку Беларуси на одном из ТГ-каналов, где десятки тысяч людей соревновались в детской забаве, в итоге оказалось с фальшивыми результатами. Это ещё один пример, как накрутки за один щелчок превращают любое онлайн-развлечение в фарс. Там, где ещё вчера были живые голоса и равная борьба, сегодня – фальшивые результаты.
Крик души «колхозницы» о том, почему её так называют
Тиктокерша kate.flaw.less живёт в Нидерландах. А перебралась она туда из полесской глубинки Беларуси. В одном из своих роликов она пофилософствовала на тему того, почему деревенских людей часто называют «колхозниками» и высказала своё мнение на этот счёт. Приводим её обращение текстом, близким к говору автора.
Семья с 15 детьми показала, сколько стоит поход в магазин
У Саши и Лиры 15 детей, семья известна в TikTok, где ролики о их жизни собирают сотни тысяч и миллионы просмотров. Глава большого семейства показал на видео, как происходит распаковка продуктов после похода в магазин и сколько это стоит. Итоговый чек впечатляет, в комментариях говорят, что у некоторых это зарплата.