Спяваюць «Хатовічы» – знікаюць імгненні…

У мінулую нядзелю, 18 снежня, народны фальклорна-этнаграфічны гурт “Хатовічы” Хатыніцкага сельскага Дома культуры адзначыў 35-годдзе. З гэтай нагоды гурт трапіў “у поле зроку” не толькі сваіх аднавяскоўцаў і гасцей, але і ў аб’ектыў фотакамеры тэлерадыёкампаніі “Брэст”.

Перад пачаткам мерапрыемства народныя спявачкі далі інтэрв'ю вядучаму перадачы «Край» тэлерадыёкампаніі «Брэст»  Міколу Пракаповічу
Перад пачаткам мерапрыемства народныя спявачкі далі інтэрв'ю вядучаму перадачы «Край» тэлерадыёкампаніі «Брэст» Міколу Пракаповічу / Фото: Светлана Локтыш

Актавая зала Хатыніцкага СДК, па прызнаннях некаторых вяскоўцаў, даўно не была такой паўнюткай: на ўсіх прысутных не хапіла месцаў. Павіншаваць “віноўнікаў урачыстасці” прыйшлі і былы старшыня Хатыніцкага сельвыканкама Часлаў Кадзевіч, які заўсёды як мог падтрымліваў калектыў, і сённяшні старшыня сельвыканкама Генадзь Перашчук, і дырэктар Хатыніцкай сярэдняй школы Еўдакія Навумік. Прыехалі начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Марцінкевіч з гуртом “Талака”, суседзі — вакальны гурт, які працуе пры Боркаўскім сельскім клубе.

Задоўга да пачатку святочнага мерапрыемства прыехалі супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі “Брэст”. У фае СДК вядучы перадачы “Край” абласнога тэлебачання Мікола Пракаповіч з дапамогай сваіх памочнікаў-студыйцаў узяў інтэрв’ю ў расхваляваных, расчырва- неўшыхся самадзейных артыстаў. Прыбраныя ў яркія ўборы, пашытыя і вышытыя ўласнаручна, яны расказвалі пра тое, як ствараўся, развіваўся і ўсе гэтыя гады дзейнічаў іх згуртаваны калектыў, якія эпізоды найбольш запомніліся, якія ўзнагароды — найдаражэйшыя.

А расказаць спявачкам ёсць што. Лёс кожнай з іх — цэлая гісторыя, якая ўплятаецца ў гісторыю ўсяго калектыву. Самая старэйшая ўдзельніца — Галіна Васільеўна Ярашэвіч. “Званочкам” клічуць яшчэ адну з найстарэйшых удзельніц Кацярыну Іванаўну Ярашэвіч, якая “падводзіць” падчас спеваў. Самымі вопытнымі з’яўляюцца таксама Таццяна Адамаўна Навумік, Марыя Трафімаўна Казак, Вольга Фёдараўна Кот, Надзея Якаўлеўна Валуевіч, Ганна Васільеўна Шамрыла, Ганна Аляксандраўна Літвіновіч. Голасна спявае гармонік перадавой даяркі СВК “Хатынічы” Кацярыны Сцяпанаўны Ярашэвіч. А ўвогуле сёння гурт аб’ядноўвае 20 чалавек, узрост якіх — ад 50 да 79 гадоў. І ўсе яны — не проста народныя спявачкі, але і руплівыя майстрыхі, і нястомныя працаўніцы. З 1994 года калектыў носіць назву “народны”, якую пацвярджаў пяць разоў. З першага і да сённяшняга дня гуртом кіруюць Марыя Зельвіч і Вера Валуевіч, якія некалі і арганізавалі яго. Гурт падрыхтаваў сабе змену — дзіцячы фальклорны калектыў “Крынічка”.

“Хатовічы” станавіліся ўдзельнікамі і пераможцамі аглядаў, святаў, фестываляў — ад раённага да міжнароднага ўзроўняў. У 1985 годзе калектыў атрымаў дыплом Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці, прысвечанага 40-годдзю Перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне. Запамінальнымі сталі Першы міжнародны фестываль “Галасы Палесся” г. Іванава (1995г.) і Першы міжнародны фестываль аўтэнтычнага фальклору ў Магілёве (1996г.), дзе “Хатовічы” сталі дыпламантамі. Гурт з’яўляецца таксама дыпламантам Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мир” за актыўны ўдзел у рэспубліканскіх “Дажынках” (г. Столін, 1996г.), лаўрэатам абласнога фестывалю “Талакуха на Бярэсці” (2001г.). На VІ Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў 2009г. “Хатовічы” прадстаўлялі Брэсцкую вобласць. І гэтыя дасягненні адлюстроўваюць толькі частку кіпучай дзейнасці калектыву, якая за гады існавання адзначана больш чым 40 дыпломамі, пахвальнымі лістамі і граматамі. Таму словы, якія падчас творчага вечара былі сказаны ў адрас гурта, не здаваліся простымі кампліментамі, а былі заслужанымі. “Гэта для чалавека 35 гадоў — узрост маладосці. Для калектыва столькі пратрымацца даволі складана, таму і цэніцца высока так званы “праект” Марыі Рыгораўны Зельвіч і Веры Іванаўны Валуевіч”, — адзначыла загадчыца аддзела культуры райвыканкама Ірына Марцінкевіч. Старшыня Хатыніцкага сельвыканкама Генадзь Перашчук назваў “Хатовічы” “візітнай карткай Хатыніч, брэндам вёскі”, а былы старшыня сельвыканкама Часлаў Кадзевіч — песеннымі “фанатамі ў найлепшым сэнсе гэтага слова”. “Іншы раз я здзіўляўся: як паспявалі жанчыны і перадавікамі ў калгасе быць, і сем’і глядзець, і па некалькі разоў на тыдзень на спеўкі бегаць. Ім самім добра з песняй, дык яны хочуць, каб і ўсім вакол было добра!” — захапляўся Часлаў Казіміравіч. “Я ўдзячна лёсу за магчымасць жыць і працаваць на песеннай хатыніцкай зямлі”, — хвалявалася ўраджэнка суседняй вёскі Боркі, а сёння дырэктар Хатыніцкай СШ Еўдакія Навумік. Дарэчы, выступаючыя прыйшлі на вечарыну не з пустымі рукамі, а з падарункамі. Таксама прыгожым падарункам “Хатовічам” сталі цудоўныя песні ў выкананні гуртоў “Талака” ГДК, фальклорнага з Боркаўскага СК, верш пра родную вёску мясцовай паэткі Ніны Кавальчук.

Канечне, за 35 гадоў склад калектыву мяняўся. Тых, хто адышоў у нябыт, успомнілі паімённа: Фаіна Фёдараўна Ваўчок, Соф’я Трафімаўна Курловіч, Надзея Фёдараўна Кісялевіч, Кацярына Іванаўна Казак, Надзея Кандрацьеўна Ваўчок, Вера Мікалаеўна Навумік, Уладзімір Іванавіч Ярашэвіч, Вольга Аляксееўна Кулан. Перад іх фотаздымкамі, якія дэманстраваліся на вялікім экране, з’явіліся два чырвоныя гваздзікі — як сімвал: памятаем…

Пасля вечарыны жанчыны і іх госці сабраліся за святочна накрытым сталом. І не было мяжы ўдзячнасці самадзейных артыстаў тым, хто дапамог зрабіць мерапрыемствы, прысвечаныя ім, прыгожымі, “смачнымі”,  запамінальнымі. У якасці спонсараў называліся кіраўніцтва СВК “Хатынічы”, Хатыніцкага сельвыканкама, дырэктар хлебазавода, дэпутат па Пінскай акрузе Андрэй Арцёменка, прадпрымальнікі Вольга Канановіч, Надзея Кот, Святлана Дрозд, Святлана Наумік, Валерый Дрозд, Лідзія Левіна.

…“Спяваюць жанчыны — знікаюць імгненні…” — засталіся ў памяці словы з верша Міколы Пракаповіча, працытаваныя са сцэны вядучай канцэртнай праграмы “Хатовіч” Надзеяй Навумік. Сапраўды, дзве гадзіны праляцелі як імгненне і пакінулі ў памяці і ў душы захапленне рухавасцю, энергіяй хатыніцкіх бабулек, іх аптымізмам і таленавітасцю, іх самабытнай творчасцю.

Из рубрики