«Як загадчык сельскага клуба СНІД перамог»

Тэатралізаваную казку для моладзі пад такой назвай у гумарыстычна-пазнавальнай форме ўдзельнікі маладзёжнага аматарскага аб’яднання “Равеснік”, якое дзейнічае пры Хатыніцкім сельскім Доме культуры, прадставілі 24 снежня аднавяскоўцам.

Аўтар твора “Як  Васіль, загадчык сельскага клуба, СНІД перамог”   –  ганцаўчанін Мікалай Ленкавец, сцэнарыі якога ўжо неаднаразова прызнавалі аднымі з лепшых у краіне сярод работнікаў культуры.

Першымі тэатралізаваную пастаноўку яго твора ўбачылі хатынаўцы.

Самадзейныя артысты паказалі рэаліці-шоу, дзе былі не толькі гумарыстычныя эпізоды, але і гучалі рэальныя парады, як уберагчыся ад небяспечнай хваробы.

А гісторыя такая. Уявіце сабе, што жыў на сяле загадчык установы культуры. Быў ён малады прывабны хлопец. Не піў, не курыў, спортам займаўся. А тут яшчэ прыехала па размеркаванні ў вёску маладая настаўніца Маруся.

Закахаліся яны адзін у аднаго, пачалі   за здаровы лад жыцця змагацца, усялякія тэатралізаваныя пастаноўкі ставіць ды тэматычныя канцэрты па прафілактыцы хваробы ў клубе паказваць. Даведаўся аб гэтым СНІД – гэткі Цуда-Юда, не спадабалася дужа гэта яму, як жа тут такое можа быць, што ж гэта  з ім,  такім крымінальным аўтарытэтам, з якім сусветныя антыснідаўскія арганізацыі змагаюцца  ды перамагчы не могуць, а тут нейкі сельскі клуб супраціўнікам для яго з’явіўся.

Абурыўся ён ад такога нахабства. Падманам выкраў ён Марусю. Павёз яе за моры, за горы ў свой палац, а варту, каб яе ніхто не знайшоў, пакінуў з наркаманаў, ды “гамасуксалістаў-алкаголікаў”.

Васіль сабраўся з сябрам сваім, участковым інспектарам РАУС, лейтэнантам Пятровічам прыгажуню выратаваць ды СНІД пакараць.

Старэйшая жыхарка вёскі цётка Агата, збіральніца лекавых траў, вясковая варажэя, дала ім клубочак з нітак, якія паказвалі ім шлях, дзе зладзея знайсці, ды кулі сонныя дала, каб прыхільнікаў СНІДа ўсыпляць.

У Пятровіча ж табельны рэвальвер казённы быў. Вось і пайшлі яны.

Але ж героі не проста ішлі, а гледачам паказвалі і тлумачылі, якую пагрозу нясе людзям такая катэгорыя, бо іх антыграмадская дзейнасць прыводзіць да захворвання.

Потым яны сустрэлі наркаманаў. А гэтыя ж  таксама самыя актыўныя прыхільнікі СНІДа. Наркаманы, якія колюць  наркатычную гадасць  аднаразовымі шпрыцамі,  і ёсць самыя злосныя распаўсюджвальнікі заразы.

Карацей, “варту”  Васіль з участковым Пятровічам перамаглі. Павёз іх Пятровіч у розныя лекавыя ўстановы, каб вылечыць, зрабіць гэтых людзей  з шкоднымі звычкамі  карыснымі для грамадства.

Але ж самы рызыкоўны шлях, каб захварэць на СНІД, гэта палавыя зносіны, асабліва з непастаяннымі партнёрамі. А каб не было захворванняў  пры каханні, для гэтага існуе галоўны сродак – прэзерватыў. Гэта рэч вельмі карысная для людзей, ад яе вялікая карысць, яна вялікі дапаможнік у барацьбе з ворагам, які робіць шкоду.

Але ж СНІД і яго «захапіў у палон». А як жа без яго моладзі быць?  І вось яны ўсе разам сышліся ў бітве з СНІДам. Цяжкім было змаганне, вялікую моц меў вораг, але ж усе разам перамаглі гэтую пачвару, выратавалі Марусю, паланілі СНІД.

Адразу хацелі гэтую чуму ў хатынаўскіх балотах утапіць, але ж потым вырашылі, што няхай яго судзіць Арганізацыя Аб’ядных Нацый. Бо СНІД – гэта тэрарыст №1. Ён жа горш  за бандыцкія групоўкі – такія, як японская “Якудза”, італьянская “Коза Ностра”, кітайская “Трыяда”, пра маскоўскіх браткоў наогул трэба прамаўчаць.

Але казка, як заўжды,  канчаецца дабром. СНІД пакаралі. Васіль ажаніўся з Марусяй, сталі яны жыць-пажываць, дзяцей нараджаць ды здаровы лад жыцця далей прапагандаваць. А лейтэнант Пятровіч за дасягнутыя поспехі ў барацьбе са СНІДам атрымаў званне генерала.

СНІД – адна з самых страшнейшых хвароб, якія нясуць небяспеку чалавецтву ў сучасны час. Яна закранула насельніцтва ўсіх кантынентаў і краін, накрыла  чорным крылом усе мацерыкі.

Для яе няма розніцы якой чалавек расы, які яго сацыяльны статус. Можна зрабіць вялікі пералік знакамітых людзей, напрыклад, танцор Рудольф Нурыеў, акцёр Рок Хадсан, спявак Фрэдзі Мэрк’юры –  яны былі дастаткова багатыя, але, захварэўшы, вылечыцца ўжо не змаглі.

На жаль, на сённяшні час яшчэ не знойдзены лекі, каб уратавацца ад так званай “Чумы ХХІ стагоддзя.”

Гэтая чума ў першую чаргу пазбаўляе жыцця маладых, яны ўваходзяць у першую групу рызыкі. У чым жа выратаванне ад гэтай жудаснай нябяспекі?

Выратаванне ў нас саміх, у тых, хто думае пра сваё здароўе, думае пра сваю будучыню. Казка казкай, але добра было б, каб у рэальным жыцці ніхто і ніколі са СНІДам і не сутыкаўся.

Из рубрики