Прыадхінуты небасхіл Алеся Каско

У лютым пабачыў свет зборнік «Прыадхінуты небасхіл» са старымі і новымі вершамі нашага земляка, вядомага паэта Алеся Каско. Кніга выпушчана ў свет выдавецкай установай “Пазітыў-цэнтр” у Мінску тыражом 500 экзэмпляраў.

У зборнік увайшлі як новыя вершы, так і з ранейшых паэтавых кніг
У зборнік увайшлі як новыя вершы, так і з ранейшых паэтавых кніг

Алесем Каско на працягу аднаго года выдадзены ўжо другі зборнік вершаў. Спачатку “Нічога больш” — кніга, напоўненая філасофскімі роздумамі, смелымі жыццёвымі высновамі, яркімі паэтычнымі вобразамі. Цяпер — “Прыадхінуты небасхіл”. Другі зборнік на год — гэта сапраўдная ўдача для любога пісьменніка. І можна шчыра парадавацца за Алеся Канстанцінавіча, які гэту ўдачу заслужыў: кожны верш сведчыць аб напружанай працы душы і розуму.

“Выдаць гэты зборнік  была не мая ініцыятыва, — сціпла прызнаецца Алесь Канстанцінавіч. — Мяне знайшоў мой зямляк, паэт Яўген Сергіеня. Пазнаёміўшыся з многімі маімі кнігамі, ён захацеў, каб я падрыхтаваў невялічкі зборнік адпаведнай тэматыкі”.

Яўген Сергіеня, аказваецца, — яшчэ адзін наш зямляк. Цяпер ён з’яўляецца епіскапам пратэстанцкай царквы пяцідзясятнікаў Гомельшчыны. Чалавек адукаваны, разумны, які таксама спрабуе пісаць вершы. Зразумела, ён не мог застацца абыякавым да шчырых, выпакутаваных радкоў Алеся Каско.

Паэт прапанову прыняў адразу. “Хрысціянская тэматыка, — лічыць ён, — гэта адна з тых сіл, якія супрацьстаяць бездухоўнасці, што запаланіла нашу эстраду, тэлебачанне, радыё. Сапраўдная паэзія з’яўляецца

духоўна насычанай. І той паэт, які піша проста пра прыроду, хараство свету, ужо піша духоўную паэзію”.

Па словах Алеся Канстанцінавіча, для гэтага духоўна-асветніцкага выдання ён падбіраў творы асабліва старанна, нават прыдзірліва. Увайшлі сюды старыя і новыя вершы, а таксама вершы ў прозе, якіх раней, па прызнанні аўтара, ён не пісаў. Паэт і выдаўцы папрацавалі на славу і над знешнім выглядам кнігі. І “нованароджаны” зборнік атрымаўся прыгожым, выкананым проста і з густам.

Ледзь не штрыхамі на вокладцы абазначаны неба, дарога, дрэва (ці то яблыня з роднага Чудзіна, ці то тая, з якой некалі Ева сарвала яблык?). Гэтыя ж сімвалы ў шэрым варыянце праходзяць па кожнай бялюткай старонцы з творамі — не замінаюць чытачу, а наадварот, нібы вяртаюць да Пачатку, да Каранёў, услед за паэтам узносяць яго да Нябёс:

У сне зорна-сінім
я лётаў высока
і стойваў дыханне
над роднай зямлёй…

Палітра зборніка — знешне небагатая, выкарыстоўваюцца толькі сіні, блакітны, шэры і белы колеры. Аднак менавіта яны  сімвалізуюць усё існае на зямлі. Сіні — колер неба, боскасці, а значыць, усяго таямнічага, святога, колер высакароднасці і чысціні, пастаянства і дасканаласці. Блакітны — колер, сімвалізуючы сентыментальнасць, пустыя мары, легкадумнасць, інакш кажучы, грахі чалавечыя. Шэры — колер беднасці, смутку, гарадской цеснаты, але і — попелу, якім пасыпаюць галаву ў знак смутку за тое, што Хрыстос пакутаваў за грахі людзей. Белы ж сімвалізуе сонечнае святло, а значыць, жыццё.

Пераклікаючыся, колеры “афарбоўваюць” не толькі вокладку і старонкі кнігі, але і многія вершы зборніка: “Не раз яшчэ чыстая сінь па начах як знічку, здагадку аброніць…”, “Дый нябёсаў няма над зашэрхлай зямлёй, іх туман засланіў павалокай сівой…” “Пакуль касцы, як белыя буслы, не травы ў лузе — тваё лета косяць”… Нават з гэтых радкоў відаць, наколькі сімвалічная ўся паэзія Алеся Каско.

І кожны з чытачоў можа па-свойму “расшыфрроўваць” сказанае паэтам, знаходзіць у высокіх радках роднаснае, блізкае яму.

Паэт прыадхінуў для сябе небасхіл — зазірнуў у таямніцы Сусвету, адной з якіх з’яўляецца душа чалавека. Цяпер — чарга чытачоў услед за аўтарам шукаць гармонію з самім сабой, з грамадствам, Прыродай і Тварцом усяго існага на зямлі.

Из рубрики