На сходзе абмеркавалі праблемы кругаўцоў

Вострыя пытанні і набалелыя праблемы ўздымалі жыхары вёскі В. Круговічы на сходзе жыхароў вёскі, які прайшоў 11 сакавіка ў сельскім Доме культуры.

Прадстаўнікі  амаль усіх структур і падраздзяленняў раёна – дэпутаты мясцовых Саветаў, супрацоўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, райбальніцы, работнікі культуры, лясгаса, СВК “Крышылавічы”, ДРБУ-100, гандлю, пажарна-выратавальнай службы і іншых трымалі справаздачу перад жыхарамі вёскі.

Кругаўцы ўздымалі пытанні і кепскіх дарог на вуліцы Маладзёжнай і Лясной, і на некалькі месяцаў зацягнуўшагася рамонту каля магазінаў ў цэнтры вёскі,  і праблемы парываў каналізацыі ў двухпавярховых дамах па вул. Леніна і Юбілейнай, а таксама выдзялення сотак пад бульбу, сена, высокіх цэнаў у нашых магазінах, адсутнасці лазні і шмат іншых.

Некаторыя пытанні вырашаліся практычна ў зале. Так вырашылася і хвалюючае для вяскоўцаў пытанне, якое падняла настаўніца Вялікакруговіцкай СШ Таццяны Дунчык, аб тым, што дровы насельніцтву ў лясніцтве выпісваюць толькі ў чацвер, і многія людзі, якія занятыя на працы,  не маюць магчымасці самастойна замовіць. Дырэктар Ганцавіцкага лясгаса Аляксей Крупеніч адказаў, што такой праблемы больш не будзе. «У любы працоўны дзень прыходзьце і выпісвайце, – сказаў Аляксей Іванавіч. – Толькі я вас прашу, у касу, не шукайце леснікоў, каб тыя перадавалі грошы».

Па словах дырэктара лясгаса, дроў можна выпісаць столькі, колькі патрэбна, – сем складаметраў па  льготнай цане, астатнія даражэй, але розніца там не вельмі вялікая.

Навінай для кругаўцоў стала і тое, што ў гэтым годзе будзе адрамантаваны сельскі Дом культуры, на які плануецца выдзеліць  больш за 200 мільёнаў рублёў. І на радасць жыльцам двухпавярховага дома па вул Леніна, 14 у цэнтры В. Круговіч, які належыць рыбгасу “Лактышы”,  ён будзе перададзены КУМПП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ”.

“Ужо многія гады ў падвале стаіць вада, а зараз і каналізацыю забіла,  немагчыма дыхаць нават на другім паверсе», – сказаў жыхар гэтага дома Сяргей Гардзей.

Тое, што сход прайшоў недарэмна, стала вядома ўжо на наступны дзень. У панядзелак у В. Круговічах пачаліся работы па ліквідаванні  праблем і выпраўленні  недахопаў, пра якія гаварылі вяскоўцы.

Дарэчы, сельскія сходы пройдуць і ў іншых вёсках. У аўторак сход прайшоў у Раздзялавічах, дзе вяскоўцы ўздымалі свае набалелыя пытанні.

Па словах начальніка Ганцавіцкага РАНС Уладзіміра Рапейкі,  ён прапанаваў збіраць сельскія сходы і праводзіць навучанне людзей пасля павелічэння колькасці пажараў, у якіх загінулі людзі. А старшыня раённага Савета Віктар Дрозд развіў гэтую ідэю і  прапанаваў на сходы ездзіць з прадстаўнікамі розных структур і арганізацый, якія абслугоўваюць насельніцтва.

“Сустрэчы жыхароў вёсак з кіраўніцтвам і актывам раёна – рэч карысная, бо гэта збліжае  і дазваляе выдзеліць найбольш важныя праблемы і шукаць шляхі іх вырашэння”, – сказаў дэпутат райсавета і былы жыхар вёскі Вялікія  Круговічы Уладзімір Рапейка.

Из рубрики