Каб развіваліся народныя промыслы, трэба забараніць садзіць бульбу?

Развіццё народных промыслаў на Ганцаўшчыне, выраб і продаж ганцавіцкіх сувеніраў, стварэнне брэнда майстроў раёна – гэтыя і іншыя пытанні хвалявалі ўдзельнікаў творчай сустрэчы “Жывыя крыніцы”, якая прайшла ў кінатэатры “Маладосць” у мінулую суботу, 17 мая. На мерапрыемстве каля двух дзясяткаў майстроў сустрэліся з кіраўніцтвам раёна і расказалі пра свае праблемы і мары.

Майстры Ганцаўшчыны сабраліся разам, каб абмеркаваць набалелыя пытанні развіцця народных промыслаў раёна
Майстры Ганцаўшчыны сабраліся разам, каб абмеркаваць набалелыя пытанні развіцця народных промыслаў раёна / Фото: Светлана Малышко

У раёне сёння налічваецца больш за 200 народных умельцаў, якія прадставілі каля 20 відаў народнага майстэрства: вышыўку, ткацтва, вязанне кручком, салома- і лозапляценне, работы па дрэве, ганчарства і іншыя.

Па словах народных умельцаў, пераймаць вопыт у майстроў сучаснае пакаленне не спяшаецца. Падчас “круглага стала” майстры скардзіліся на тое, што жыхары раёна перасталі цікавіцца народнымі промысламі – “у гурткі ні моладзь, ні дзяцей не зацягнуць”.

“Адзін, ну два разы прыйдуць, паспрабуюць – цяжка, і знікаюць, не хочуць болей хадзіць”, – дзяліўся набалелым майстар з вёскі Хатынічы, які займаецца лозапляценнем.

Майстры гаварылі пра тое, што людзі не хочуць займацца народнай творчасцю яшчэ і таму, што не ведаюць пра віды майстэрства, якія ёсць на Ганцаўшчыне.

Дырэктар раённага Дома рамёстваў Марыя Муха лічыць галоўнай праблемай тое, што ў людзей зараз прапала цікавасць да такой карпатлівай працы і няма жадання займацца гэтым.

“Прымусіць сілай займацца народным рамяством не атрымаецца,” – заключыла Марыя Іванаўна.

У кіраўніка раёна Аляксандра Саланевіча знайшлося шмат прапаноў, як людзей зацікавіць. Ён параіў у школах стварыць гурткі і прыцягнуць туды дзяцей. Аляксандр Паўлавіч жартоўна прапанаваў выкарыстаць лёгкія прымусовыя метады.

Па-першае, прымусіць займацца народнай творчасцю дырэктара школы і старшыню сельвыканкама, каб яны асабістым прыкладам зацікавілі дзяцей і сяльчан.

Ніна Казак, майстрыха з в. Хатынічы, запрашала ўсіх жадаючых паспрабаваць сябе ў ткацкай справе

Па-другое, выкарыстаць гістарычны прыклад пра Пятра 1-га, як той здолеў арганізаваць пасадкі бульбы па ўсёй тэрыторыі Расіі.

“Толькі забараніў Пётр бульбу садзіць, як зараз жа ўсе кінуліся яе вырошчваць, – жартаваў Аляксандр Саланевіч. – Так і ў нас: трэба забараніць народныя промыслы – і ўсе пачнуць імі займацца!”

А калі без жартаў, то праблема не толькі ў тым, што жыхары раёна не хочуць асвойваць народныя промыслы. У асноўным усе ганцавіцкія майстры працуюць “для сябе”.

На выставах іх вырабы рэдка ўбачыш, у магазінах ганцавіцкія сувеніры не прадаюцца. Аляксандр Саланевіч адзначыў, як прыкра бывае ад таго, што ў раёне, дзе так шмат майстроў, нават просты кошык купіць праблемна.

Ён расказаў, як у мінулым годзе хацеў журавін у ганцавіцкі кошык насыпаць, каб на свята ў Клецк завезці, дык журавіны знайшліся, а вось кошыка не вышукалі – прыйшлося ў кітайскі сыпаць.

“Любы выраб, што робіцца рукамі, цэніцца даражэй. А ў нас гэтага чамусьці яшчэ няма!” – сказаў старшыня.

За народных умельцаў заступілася Марыя Муха, якая сказала, што ганцавіцкія майстры вельмі сціплыя, не кожны хоча і зможа гандляваць сваімі вырабамі. Прадстаўнік раённага спажывецкага таварыства прапанавала народным майстрам здаваць свае вырабы на камісію.

Іх ацэняць і потым будуць прадаваць у ганцавіцкіх магазінах як сувеніры, напрыклад, у магазіне “Падарункі”.

Не толькі рэалізацыя сваіх вырабаў хвалявала майстроў, але і знаёмства з творчасцю суседзяў. Ганцавіцкія ўмельцы рэдка выязджаюць на экскурсіі ці на выставы. Асноўная праблема – гэта адсутнасць сродкаў на транспарт.

Таму часцей за ўсё прадстаўляюць раён некалькі найбольш вядомых майстроў, а астатнія толькі мараць пераймаць вопыт і падзяліцца сваім, а таму далей сваёй вёскі з вырабамі нікуды не выязджалі.

“Каб была такая магчымасць, дык мы і болей бы майстроў з сабой бралі, у нас шмат умельцаў, і дзяцей на экскурсіі вазілі б. Глядзіш, і людзі сталі б ахвотней народнай творчасцю цікавіцца”, – гаварыла Марыя Іванаўна.

Аляксандр Саланевіч прапанаваў звяртацца да яго ці да яго намеснікаў, каб вырашыць такія пытанні.

“Трэба быць больш настойлівымі. Прыйдзіце і не саромейцеся нагадаць, што мы абяцалі вам дапамагчы”, – сказаў ён.

Нашы ўмельцы мараць стварыць свой брэнд. Сяргей Сарокаў прапанаваў ўзяць за аснову лапці, якія на Ганцаўшчыне ўнікальныя, бо такія плятуць толькі ў нас, і таямніца іх пляцення можа знікнуць у хуткім часе.

“Думаю, купляць такія лапці ў якасці сувеніра будуць з задавальненнем”, – сказаў Сяргей Вітальевіч.

Удзельнікаў сустрэчы пазнаёмілі са старэйшым майстрам Ганцаўшчыны Казімірам Блінкоўскім, які цяпер на заслужаным адпачынку, але працу па дрэве не кінуў, дый і лапці пляце з лазы.

Другой майстрыцы, Ульяне Віннік, уручылі пасведчанне народнага майстра Беларусі, званне якога яна атрымала ў пачатку гэтага года, а таксама дыплом Міністэрства культуры Беларусі.

Яшчэ адзін майстар, ганчар Віталь Шапялевіч, уступіў у саюз майстроў і хутка таксама атрымае пасведчанне.

Падчас мерапрыемства працавала выстава народных умельцаў Ганцаўшчыны, дзе ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць сябе ў ганчарнай справе ці сесці за кросны і павучыцца ткаць ручнік.

Из рубрики