Яшчэ шчымяць былыя раны…

Мітынг на гарадской плошчы з нагоды святкавання 69-й гадавіны з Дня вызвалення Ганцавіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў даў старт велапрабегу па памятных месцах.

Ветэраны вайны і былыя вязні ўскладваюць кветкі да помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны
Ветэраны вайны і былыя вязні ўскладваюць кветкі да помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны / Фото: Пётр Гузаевский

Вечны агонь каля помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады вайны і пахаваны на ганцавіцкай зямлі, духавы аркестр, ветэраны з узнагародамі на святочных пінжаках і былыя вязні, моладзь з кветкамі ў руках – усё разам стварала ўрачыстую атмасферу на мітынгу. Таму, як толькі вядучыя Яўгенія Рудко і Сяргей Калоша вымавілі першыя словы, людскі “вулей” сціх.

Мінута маўчання, вянкі да помніка ад прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, некалькі песень пра Беларусь, выступленне і віншаванне з “асаблівай датай у гісторыі раёна” старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Дразда – усё ішло па гадамі адкатанай праграме. Хіба толькі яшчэ больш парадзелыя шарэнгі ветэранаў і вязняў Вялікай Айчыннай нагадвалі аб тым, што час ідзе.

“Яшчэ шчымяць былыя раны…” – разносяцца словы верша, які чытае вядучая. Раны і сапраўды шчымяць, асабліва ў іх – ветэранаў і вязняў. Нездарма ж яны такія падатлівыя на цікавасць да перажытага імі.

“Я быў у Ганцавічах у 1941-м, калі нашы адступалі, – згадвае ветэран вайны Уладзімір Лук’янавіч Гнацюк. – У 1944-м, пасля вызвалення раёна, спачатку атрымаў бронь як чыгуначнік і рамантаваў пуці. А потым мяне ўзялі ў армію, навучылі на тапографа”. Малады салдат адправіўся на фронт напрыканцы вайны, аднак яшчэ паспеў атрымаць за баявыя заслугі ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені.

Такі ж ордэн упрыгожвае лацкан пінжака і Сцяпана Іванавіча Васілава. “Пра мяне ўжо не раз пісалі,” – сціпла адзначыў ветэран, аднак ахвотна пачаў расказваць пра тое, што трывожыць яго памяць.

У Вольгі Іванаўны Задзяркоўскай і пытаць нічога не прыйшлося, настолькі вядомы яна ў раёне чалавек. Былая сувязістка, якая дабравольна адправілася на фронт і разам з 14-й асобнай ротай сувязі 22-й гвардзейскай Данбаскай Чырвоназнамённай бамбардыровачнай дывізіі прайшла франтавымі дарогамі ад Масквы да Сталіна (цяпер Данецка). Была камісавана па хваробе, пасля вайны разам з сям’ёй трапіла ў Ганцавічы (на даваеннае месца працы бацькі), дзе і засталася назаўсёды…

Пасля мітынгу ветэраны і былыя вязні разам з усімі, хто ў гэты дзень прыйшоў на плошчу, правялі ў добры шлях удзельнікаў велапрабегу на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Сарокавым. А пасля выканалі яшчэ адну, вельмі важную для іх справу: усклалі кветкі да помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і былі пахаваны на ганцавіцкай зямлі.

Дзякуючы ўдзельнікам велапрабегу, кветкі ў гэты дзень былі ўскладзены таксама на брацкую магілу на гарадскіх зачыненых могілках, Курган Славы ва ўрочышчы Горкі, брацкую магілу на 7-м кіламетры аўтадарогі Ганцавічы – Хатынічы і месца масавага знішчэння мірнага насельніцтва па вуліцы Чэхава ў райцэнтры.

З выступлення старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Дразда:
“Цяпер у раёне пражываюць 14 інвалідаў і 2 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 2 прыфрантавікі, 4 працаўнікі тылу.

Як гэта было…
“У ходзе наступлення войск 1-га Беларускага фронту на Баранавіцка-Брэсцкім напрамку савецкія войскі ўступілі на тэрыторыю Ганцавіцкага раёна. Баявыя дзеянні па вызваленні Ганцаўшчыны вялі часці 28-й і 61-й армій. Жорсткія баі за вызваленне раёна вяла 48-я гвардзейская Крыварожская стралковая дывізія пад камандаваннем генерала Корчыкава, якая ўваходзіла ў склад арміі генерала Лучынскага.

Падраздзяленні 138-га гвардзейскага палка пад камандаваннем падпалкоўніка Кучаравенкі 48-й дывізіі 7 ліпеня нанеслі з боку вёскі Агарэвічы ўдар па Ганцавічах і ўварваліся ў раённы цэнтр. Гітлераўцы ўпарта супраціўляліся, асабліва ў раёне чыгуначнай станцыі, але былі разгромлены”.
З кнігі “Памяць. Ганцавіцкі раён”, Мінск, БелТА, 1999.

Из рубрики