Агароджу, устаноўленую не па правілах, могуць знесці

Асоба, якая парушыла патрабаванні да ўстаноўкі агароджы вакол свайго зямельнага надзелу, можа не толькі пасварыцца з суседзямі, але і абавязана будзе прывесці агароджу ў норму.

Агароджа можа быць зроблена на любы густ, але важна, каб яна была ўстаноўлена па нарматыўных правілах
Агароджа можа быць зроблена на любы густ, але важна, каб яна была ўстаноўлена па нарматыўных правілах / Фото: Юлия Полесская

У рэдакцыю газеты “ГЧ” звярнулася жыхарка раёна Вера Р., якая расказала: “Я жыву ў старым драўляным доміку, які знаходзіцца на адлегласці крыху больш за 70 см ад плоту, што раздзяляе мой і суседні зямельны надзелы. Дом пабудаваны даўно, недзе ў 40-х гадах, і на той момант каля мяне ніхто не жыў. Цяпер у мяне з’явіліся суседзі. Яны хочуць устанавіць высокую бетонную глухую агароджу паралельна майму плоту.  была б не супраць, няхай сабе ўпрыгожваюць свой надзел. Але справа ў тым, што маё акно, якое выходзіць на сонечны бок, будзе больш чым напалову закрыта іх агароджай. Вельмі не хочацца сварыцца з суседзямі, але і мне крыўдна будзе, калі ў акно будуць упірацца бетонныя глыбы. Падкажыце, калі ласка, ці ёсць якія-небудзь нормы ўстаноўкі плоту? Ці могуць мясцовыя органы землеўпарадкавальнай службы дазволіць падобнае?”

Па словах начальніка аддзела архітэктуры Віталія Пракурата, згодна з тэхнічным кодэксам устаноўленай практыкі «Градостроительство. Районы усадебного жилищного строительства. Нормы планировки и застройки» ТКП 45-3.01-117-2008 (02250), зацверджанага загадам Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2008 года № 439, прысутнасць агаро-джы зямельнага надзелу, яго вышыня і ступень святлопранікнення, а таксама эстэтычнасць павінны ўзгадняцца з тэрытарыяльнымі органамі архітэктуры.

Віталій Пракурат расказаў, што пры ўстаноўцы агароджы вакол свайго зямельнага надзелу трэба абавязкова прытрымлівацца пэўных патрабаванняў. “Так, з боку дарогі вышыня агароджы можа дасягаць 2-х метраў, са святлопранікненнем ад 0 да 100%. А вось з боку суседняга зямельнага ўчастка вышыня агароджы павінна быць не больш 1,7 м, ступень святлопранікнення – ад 50 да 100% па ўсёй вышыні. Устаноўка агароджы-дублёра (як у вышэйапісанай сітуацыі) дазваляецца толькі на адлегласці аднаго і больш метраў ад ужо ўстаноўленай агароджы. У гэтым выпадку яна можа мець вышыню больш за 1,7 метра і з меншым працэнтам святлопранікнення,” – удакладніў Віталій Расціслававіч.

З даўніх часоў людзі абгароджваюць сваю тэрыторыю. Некалі гэта выглядала больш сціпла. Цяпер існуе вялікі выбар розных відаў агародж. Ды і фінансавыя магчымасці людзей дазваляюць ім вылучыцца. Але пры гэтым многія парушаюць патрабаванні да ўстаноўкі агароджы. Таму зараз спрэчкі паміж суседзямі ўзнікаюць часцей. Хто ад зайздрасці, хто па нейкіх іншых прычынах пачынае “разборкі”, якія нярэдка прыводзяць да таго, што парушальніку прыходзіцца разбураць сваю агароджу і пераўстанаўліваць яе па правілах.

Па словах Віталія Пракурата, калі парушальнік гэтага не робіць, а суседзі патрабуюць, то з райвыканкама даецца загад аб прывядзенні агароджы ў норму. Выканаць работу запрашаюць любую будаўнічую арганізацыю або ЖКГ, а па рахунках за работу разлічваецца асоба, якая парушыла правілы ўстаноўкі агароджы.

Каб гэтага не здарылася, Віталій Расціслававіч раіць людзям папярэдне ўзгадняць свае дзеянні са сваімі суседзямі. “Зыходзячы са сваёй практыкі, магу заўважыць, што калі суседзі спачатку не згаджаюцца з вашымі прапановамі, то і пасля ўстаноўкі агароджы наўрад ці гэта зробяць. Таму лепей рабіць усё адразу па правілах і ўзгадняць свае дзеянні з аддзелам архітэктуры райвыканкама,” – дадаў спецыяліст.

Из рубрики