Грошы ўзялі, а работу пакуль не зрабілі

У рэдакцыю газеты «ГЧ» звярнулася Ала Глеб. Яна расказала: “Я інвалід 2-й групы. Два тыдні таму я звярнулася ў наш камунгас за паслугай па скошванні пустазелля. Пасля размовы з Аляксеем Галяком мне згадзіліся аказаць гэтую паслугу танней.

Час ідзе, пустазелле буяе... Хочацца верыць, што хутка трава будзе скошана
Час ідзе, пустазелле буяе... Хочацца верыць, што хутка трава будзе скошана / Фото: Юлия Полесская

Праз нейкі час прыйшоў рабочы і сказаў мне, што не будзе працаваць, таму што яму дрэнна. Каб яму палегчала, прыйшлося даць бутэльку водкі. “Падлячыўшыся”, работнік камунгаса скасіў толькі палову, бо пачаўся дождж, і ён пайшоў. Прыйшоў на другі дзень, крыху папэцкаўся – і зноў наўцёкі.

Заплаціла я за гэту паслугу 99600 рублёў у камунгасе, ды яшчэ 50 тысяч аддала за бутэльку, якая пайшла на “лячэнне” касцу. А агарод мой да гэтага часу так і не скошаны. Каб я гэту справу ведала, то папрасіла б чалавека з Любашава, за 150 тысяч мне зрабілі б работу за дзень…” – скардзілася Ала Аляксандраўна.

Па словах жанчыны, яна звярталася ў камунгас. Яе адтуль адправілі словамі: “Колькі заплацілі, столькі і скасілі!”

Аднак да каго ў камунгасе звярталася, Ала Аляксандраўна сказаць не змагла. Дадала толькі, што з Аляксеем Галяком больш пагаварыць у яе не атрымалася, бо ён знаходзіцца ў адпачынку.

Карэспандэнт звязалася з намеснікам дырэктара КУШВП ЖКГ «Ганцавіцкая РЖКГ» Сяргеем Вайцешыкам. Той адказаў, што пасля адпачынку ён працуе ўжо паўтара тыдня. Пра гэты факт ён чуе ўпершыню, за гэты час да яго ніхто не звяртаўся з падобнымі просьбамі. «Калі б Ала Аляксандраўна пайшла не ў рэдакцыю са скаргамі, а звярнулася да нас, то пытанне ўжо даўно вырашылася б,» – cказаў Сяргей Канстанцінавіч і запэўніў, што ў бліжэйшы час пустазелле на ўчастку Алы Глеб будзе скошана.

Из рубрики