Яўрэйскае жыццё “за першымі саветамі”

Прыход Чырвонай Арміі ў верасні 1939 г. азначаў, што для іудзеяў мінула пагроза нацызму, які вырашаў “яўрэйскае пытанне” радыкальнымі спосабамі. У савецкім палітычным жыцці Заходняй Беларусі яўрэі прынялі самы дзейсны ўдзел. Яны дружна памкнуліся на пасады ў партыйных і савецкіх структурах.

І ў Ганцавіцкім раёне у Круговіцкай гміне партыя вярнула да палітычнага жыцця сваіх былых таварышаў, такім чынам рэабілітаваўшы іх пасля разгону КПЗБ 1938 г. Вярнуліся пад сцяг пабудовы камунізму 33 нядаўнія партыйцы, з якіх трэцяя частка належала да яўрэйскай нацыянальнасці.

Першым сакратаром раённага камітэта партыі з лютага 1940 па люты 1941 года стаў Залман Куселевіч Бейненсон. Нягледзячы на пераважнае пражыванне галоўным чынам у гарадской мясцовасці, яўрэі не цураліся пасад і ў вёсках. Так, з 13 першых старшыняў сельсаветаў два былі яўрэямі – старшыня Ганцавіцкага пасялковага савета Шмерка

Іосіфавіч Коваль і старшыня Вяліка-Рожанскага сельсавета Лазар Майсеевіч Шмуклер (па ўсёй бачнасці, брат вышэйзгадваемага старшыні ячэйкі КПЗБ Н.М. Шмуклера).

Увогуле з вылучаных на кіруючую працу на працягу 1940 г. мясцовых жыхароў з 563 чалавек яўрэйскую нацыянальнасць мелі 138 (або 24,5%).

Колькасць яўрэяў павялічвалася таксама за кошт прыезджых дзеля саветызацыі прыдбанай тэрыторыі з усходняй часткі Беларусі і з Расіі. Яны, як правіла, займалі больш высокія пасты. Так, па нацыянальным складзе са 180 «васточнікаў», якія прыбылі ў Ганцавіцкі раён, было 111 беларусаў, 43 – рускіх, 12 – яўрэяў і 3 – палякаў. У суадносінах паміж камандзіраванымі з усходу (у адрозненне ад прапорцый паміж набранымі на службу ўладзе з мясцовых) яўрэйская доля не была, аднак, высокай – 6,6%.

У сістэме кіравання па ўсёй Заходняй Беларусі ўзнік пэўны дысбаланс на карысць прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці. Ён лёгка вытлумачваецца вышэйшым узроўнем палітычнай падкаванасці яўрэяў, іх лепшай адукацыяй, большай сацыяльнай мабільнасцю, пэўнай абшчыннай салідарнасцю, меншай залежнасцю ад кансерватыўнага ладу жыцця і інш. Усё пералічанае датычыцца параўнання з беларускай сялянскай масай, інертнай па сваёй прыродзе.

Тым не менш перакос савецкая ўлада тут жа паспрабавала адкарэкціраваць згодна з дэклараванай нацыянальнай палітыкай. Павінны былі захоўвацца прапорцыі, адпаведныя нацыянальнаму складу насельніцтва па кожнай мясцовасці. Дзеля гэтага рассылаліся адпаведныя рэкамендацыі, уводзіліся квоты.

Таму па выніках выбараў у мясцовыя саветы 15 снежня 1940 года з яўрэяў-старшынь на пасадзе застаўся толькі Ш. Коваль. А па стане на 25 мая 1941 г. з 15 членаў райкама партыі было ўсяго двое яўрэйскай нацыянальнасці, з 21 служачага райвыканкама – столькі ж.

Тым не менш глеба для праяў антысемітызму была створана. Гэтаму спрыялі кампраметуючыя для ўсёй новай улады паводзіны савецкіх кіраўнікоў. На яўрэяў тутэйшае насельніцтва звяртала асаблівую ўвагу. Малады даследчык з Брэста Яўген Бодак прыводзіць наступныя прыклады.

Амаральныя паводзіны адносна жанчын выявілі тым часам два прадстаўнікі раённай улады, “васточнікі”. Іх за гэта пакаралі звальненнем і пераводам у іншую мясцовасць.

У райспажыўсаюз старшыня і яго намеснік (абодва яўрэйскай нацыянальнасці) былі камандзіраваны са Слуцка. Па прыбыцці ў пачатку 1940 г. яны заняліся спекуляцыяй. Але раённае кіраўніцтва разабралася і абмежавалася першы раз вуснымі заўвагамі. Старшыні гэта дапамагло, у далейшым ён плённа працаваў. А намеснік трапіў пад суд.

Зафіксаваны гэтым жа аўтарам і нараканні беларусаў-“заходнікаў” на адрас яўрэяў. Так, падчас выбараў у мясцовыя саветы 15 снежня 1940 г. у вёсцы Будча адна жыхарка атрымала бюлетэнь і, не заходзячы ў кабіну для тайнага галасавання, стала пасярод выбарчага ўчастка і выкрасліла ўсіх кандыдатаў. Пры гэтым заявіла: «Няма чаго галасаваць за жыдоў». Потым апусціла бюлетэнь у скрыню і выйшла.

Зразумела, што камандзіраваныя з мэтай саветызацыі Заходняй Беларусі “васточнікі” былі носьбітамі такой самай культуры, як і іх калегі па камандзіроўцы беларускай ці рускай нацыянальнасці. Таму будзе памылкова прыпісваць грахі нацыянальнаму паходжанню. Тым не менш такое здаралася сярод “заходнікаў”, якія традыцыйна вылучалі нацыянальныя асаблівасці прадстаўнікоў розных этнасаў.

Знаходзяцца дакументальныя сведчанні пра яшчэ больш рэзанансныя факты антысемітызму, якія праяўляліся “васточнікамі”. Так, звышабуральным стаў інцыдэнт, калі за тры месяцы да вайны ў райцэнтры адзін з міліцыянераў сагнаў з тратуара некалькіх яўрэяў (!) і аблаяў іх.

Не ўсім яўрэям палітыка бальшавікоў была па душы

Антысавецкія настроі, якія па магчымасці строга фіксаваліся органамі новай улады, мелі невыключнае месца не толькі сярод “заходнікаў” польскай нацыянальнасці, але і ў яўрэйскім асяродку.

Галоўнымі прычынамі непрыняцця былі эканамічныя супярэчнасці і духоўныя рознагалоссі.

Што датычыцца першага пункта, трэба зазначыць наступнае. З прыходам савецкай улады даволі хутка было экспрапрыіравана багацце найбольш заможных “заходнікаў”, сярод якіх ладную частку складалі менавіта яўрэі. Яўрэйская ўласнасць – заводы, майстэрні, гандлёвыя кропкі, іншыя прадпрыемствы – былі нацыяналізаваны. Натуральна, гаспадары не віталі страту сваёй маёмасці.

Ганцавіцкія яўрэі галоўным чынам былі заняты працай у дробнай прыватнай вытворчасці. Яе нацыяналізацыя адбывалася шляхам кааперацыі. Утвараліся арцелі са сваімі планамі, справаздачнымі сходамі і ўсімі выцякаючымі праблемамі савецкага гаспадарання.

Многія з гаспадароў, хто не пайшоў у рожкі з новай уладай, нават засталіся дырэктарамі новаствораных сацыялістычных прадпрыемстваў. У далейшым, аднак, меркавалася іх замена вопытнымі будаўнікамі сацыялізму з усходу (неабавязкова з адпаведнай спецыяльнасцю).

Лепшымі местачковымі арцелямі Я. Бодак называе наступныя: дрэваапрацоўчыя «Стаханавец» і «Чырвоны смалакур», нарыхтоўча-харчовую «Чырвоны харчавік», мэблевую «Чырвоная зорка», шавецкую «1 Мая», кравецкую «Сцяг працы». На іх працавалі ў асноўным яўрэі. У архіве існуюць падрабязныя дакументы пра дзейнасць гэтых арцеляў, якія сведчаць, што сацыялістычныя пераўтварэнні пайшлі прадпрыемствам не на карысць.

Іудзеі ў сваёй рэлігійнасці былі вельмі паслядоўнымі. Гэта нярэдка не стасавалася з практычным ажыццяўленнем саветызацыі занятай тэрыторыі. У грамадскае жыццё яўрэяў умешваліся сілавыя і ідэалагічныя савецкія органы. Яўрэйская культура саветамі не ўхвалялася, бо яна ў прынцыпе базавалася на аснове рэлігіі. Бальшавікі ж былі атэістамі і вялі зацятую барацьбу супраць любой веры ў Бога.

Таму яўрэі не прынялі савецкі чырвоны каляндар. Яны па-ранейшаму прытрымліваліся сваіх святаў. У такія дні яны не выходзілі на работу, якая ў той час збольшага стала не прыватнай, а дзяржаўнай. Гэта разглядалася як сабатаж і нават набывала палітычнае значэнне. З падобнымі з’явамі вялася барацьба з дапамогай самых розных сродкаў – ад угавораў да пагроз.

Мясцовыя яўрэі імкнуліся духоўна асіміляваць прыезджых супляменнікаў. Апошнія былі атэізаваны. Здараліся непаразуменні. Так, у ліпені 1940 г. работнік канторы «Закупзерно» пасварыўся з рабінам і яго памагатым: апошнія хацелі здзейсніць абрад абразання над сынам таго работніка.

З іншага боку, новая ўлада ішла насустрач некаторым нацыянальным патрэбам. У прыватнасці, у Заходняй Беларусі адкрываліся школы з рознымі мовамі навучання. Такое яўрэйскае мястэчка, як Ганцавічы, таксама магло разлічваць на навучальную ўстанову з роднай мовай. Аднак пра існаванне такой школы звестак няма.

Цікавае здарэнне адбылося напярэдадні вайны ў 1941 г. Былі выяўлены 12 чалавек, вінаватыя ў пагроме 1918 г. 18 чэрвеня таго ж года бунтары былі прысуджаны да смерці. Аднак пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз імклівае наступленне вермахта прывяло да таго, што смяротнікі былі вызвалены з турмы і не панеслі заслужанага пакарання.
Як бачна, простым прыход савецкай улады для яўрэяў не стаў.

Да таго ж іх жыццё ўскладнілася бежанцамі з-пад германскай акупацыі, гэта значыць з усходняй часткі разгромленай Польскай Рэспублікі. У выніку ўцёкаў Ганцавічы папоўніліся 200–300 асобамі яўрэйскай нацыянальнасці. Яны шукалі тут паратунку ў супляменнікаў. Апошнія аднесліся з разуменнем. Па некаторых ацэнках, колькасць іудзеяў у мястэчку дасягнула трох тысяч.
Думаецца, апошняя лічба завышана. З улікам вышэйадзначаных 1600 яўрэяў і новапрыбылых 200–300 у суме атрымліваецца не больш 1.800-1.900 прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці.

Знаходзіцца і пацверджанне нашаму меркаванню. Паводле польскай крыніцы інфармацыі, у студзені 1940 г. у Ганцавічах налічвалася 2.665 чалавек, у тым ліку 1.500 яўрэйскай нацыянальнасці. Праўда, гэтая лічба больш падобна на інфармацыю без уліку бежанцаў, а магчыма, ужо з улікам рэпрэсаваных.

Савецкая ўлада працавала над яўрэйскім пытаннем. У нацыстаў гэта азначала ліквідацыю, саветы паступілі не так, але ўсё адно жорстка. Галоўным шляхам была абрана дэпартацыя бежанцаў. Ім новая ўлада не давярала: сярод іх маглі быць і разведчыкі. Апошняе часам ім прыпісвалі ў якасці абвінавачання (яго атрымаў, напрыклад, Казімір Лявер). Але грунтоўных расследаванняў не праводзілася. Для прысуду дастаткова было падазрэнняў.

Савецкія рэпрэсіі яўрэяў можна падзяліць на наступныя катэгорыі:

  1. Арыштаваныя як ворагі савецкай улады. Арыштоўваліся па меры выяўлення. Па Ганцавічах вядомы некалькі такіх выпадкаў. Прычым тры з іх адбыліся ў адзін дзень: 21 сакавіка 1940 г. забралі ўладальнікаў прадпрыемстваў і мануфактурнай крамы. Да іх сінхронна далучылі дзяніскаўца Іосіфа Баруховіча. А трохі пазней, 28 ліпеня таго ж года этапам пагналі ўраджэнца Баранавіч, згаданага вышэй К. Лявера.

 

2. Дэпартаваныя мясцовыя жыхары як патэнцыйна небяспечныя для савецкай улады. У гэту катэгорыю шмат яўрэяў (нароўні з іншымі нацыянальнасцямі) трапіла падчас першага высялення – у лютым 1940 г. Такімі ахвярамі, нам вядомымі, сталі, напрыклад, члены сям’і лесніка Плотніка.

 

3. Дэпартаваныя бежанцы, пражыванне якіх у Заходняй Беларусі савецкай уладай не прадугледжвалася з-за палітычна-ваенных перасцярог. Гэта акцыя адбылася ў чэрвені 1940 г. Яна фактычна мела антыяўрэйскі характар, бо, за рэдкім выключэннем, тымі ўцекачамі былі іудзеі. Сярод новых жыхароў Ганцавічаў мы змаглі адшукаць з гэтай катэгорыі семярых. Іх аб’ядноўвае нараджэнне на этнічна польскай зямлі і ўцёкі на выратавальную Беларусь.

 

4. Хоць гісторыі жыцця іх розняцца. Сара Клянэр апынулася ў Ганцавічах з 4-гадовай дачкой. Пра дзетак даволі маладых пар Зільберштэйнаў, Машковічаў і Федэрбушаў зусім нічога не сказана. Яшчэ адной парай з’яўляліся, відаць, брат і сястра Разінштэйны. Нават формы імён цёзак мясцовых і прыезджых яўрэяў па дакументах розняцца: ганцавец Плотнік называецца Іосіфам, а варшавяк Машковіч – Юзэфам.

Паводле крыніцы на іўрыце, у глыб Савецкага Саюза былі сасланы дзесяць яўрэйскіх сем’яў, галоўным чынам уласнікаў вялікіх прадпрыемстваў. Насамрэч іх, як і арыштаваных, было значна больш.

Разам з тым значную частку бежанцаў не дэпартавалі з Ганцавіч, і прычыны гэтага невядомыя.Але, як сведчаць архіўныя дакументы, увесь час цыркуліравалі рэкамендацыі мясцовым уладам, кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў пазбаўляцца ад гэтай групы грамадства. Аднак яўрэі і надалей працавалі. Многія з іх былі спецыялістамі ў дрэваапрацоўцы, лясной гаспадарцы і розных рамёствах. У асноўным яны паходзілі з Варшавы і Познані.

Некаторыя паспелі паслужыць у польскай арміі перад яе разгромам. У многіх былі блізкія сваякі ў Нямеччыне (так у афіцыйнай дакументацыі называлі тэрыторыю Польшчы, якую акупавала Германія). У некаторых арцелях саматужнікаў яны складалі вялікі працэнт работнікаў. Напрыклад, у згаданым вышэй «Стаханаўцы» з 17 чалавек было 8 бежанцаў-яўрэяў. Адным з вырашальных фактараў тут магло стаць якраз удалае працаўладкаванне.

Пры ўсёй жорсткасці савецкіх рэпрэсій адносна сацыяльна ненадзейных для ўлады заходнебеларускіх яўрэяў іх дэпартацыя ў глыб СССР многім выратавала жыццё.

Супляменнікі, якія засталіся ў тых жа Ганцавічах, падчас нацысцкага панавання пагалоўна знішчаліся, выратаваліся толькі адзінкі. Затое тыя, хто трапіў пад малох савецкіх рэпрэсій, нават пад арышт, мелі шанцаў на выжыванне больш. Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз разгромленая Польшча і СССР апынуліся па адзін бок барыкад. Таму 12 жніўня 1941 г. быў прыняты Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб амністыі польскіх грамадзян”.

Звярніце ўвагу, Указ не прымушаў адцурацца ад сваёй нацыянальнасці. Многія яўрэі разам з палякамі і беларусамі прызналі сябе грамадзянамі Польшчы і ўвосень 1941 г. атрымалі свабоду. З прыведзеных у табліцы 20 выпадкаў чалавечых лёсаў толькі два засталіся невядомымі (не выключана, што іх доля была трагічнай, яны маглі не дажыць да савецкай амністыі, да таго ж у такім сталым веку).

Многія эмігравалі з “турмы народаў” (так называў У. Ленін Расію).

Такім чынам, на першым этапе Другой сусветнай вайны ў заходнебеларускай мясцовасці, у тым ліку ў мястэчку Ганцавічы, склалася стракатая яўрэйская прысутнасць. Да тутэйшых іудзеяў дадаліся ўцеклыя ад немцаў з этнічна польскіх зямель, а таксама былі камандзіраваныя з мэтай саветызацыі яўрэі-“васточнікі”. Адносіны з савецкай уладай таксама не былі аднароднымі і адназначнымі. Ёй былі рады многія, але не ўсе яўрэі, бо іх частка падверглася савецкім рэпрэсіям.

Першыя два няпоўныя гады чарговай сусветнай вайны паказалі: сталі зрушвацца асновы традыцыйнага ўкладу яўрэйскага жыцця. Але, як аказалася, недалёкая будучыня рыхтавала ўвогуле апакаліптычны сцэнар.

Страшны час Халакосту

Германская акупацыя стала самай бесчалавечнай старонкай у гісторыі нашчадкаў Маісея.

22 чэрвеня армады вермахта рушылі на ўсход. Прасоўванне адбывалася імкліва.

Яўрэі заходнебеларускага паходжання ад уцеклых у 1939 г. з нямецкай зоны акупацыі Польшчы, зразумела, ведалі пра нацысцкую палітыку ў дачыненні да іх супляменнікаў.

Таму, натуральна, многія рванулі на ўцёкі. Але іх чакала страшная неспадзяванка: колішняя польска-савецкая мяжа па-ранейшаму ахоўвалася памежнікамі. Варта працытаваць дзённік аднаго яўрэя, які пісаў: «Как велико было горе тех, кто все же достиг советской границы! Тут по всей линии границы стояли пограничные войска НКВД и угрожали застрелить каждого, кто намеревался пересечь границу.

Пропускали только тех, кто имел специальный пропуск или билет коммунистической партии. А так как пропусков нигде нельзя было получить – в воскресенье все учреждения были закрыты, а в понедельник всюду была суматоха, – то число тех, кому удалось пройти дальше на восток, было крайне незначительным. Огромная масса людей должна была вернуться обратно.

Их положение было ужасно. Идти обратно означало наверняка попасть в руки немцев, захвативших уже оставшееся пространство, а идти дальше почему-то не позволяли советские пограничные войска…»

Калі 29 чэрвеня 1941 г. нямецкая армія ўвайшла ў Ганцавічы, на наступны дзень арганізаваныя злачынцы здзейснілі чарговы пагром, які доўжыўся два дні. Падчас яго былі забіты 16 яўрэяў. Іх маёмасць разрабавалі. Так пачаўся генацыд яўрэйскай супольнасці на тэрыторыі колішняй Круговіцкай гміны.

З цягам часу ціск на яўрэяў толькі павялічваўся. Адразу іх прыцягнулі да прымусовых прац па рамонце дарог і высечцы лясоў. Ад пачатку жніўня 1941 г. яўрэяў абавязалі насіць апазнавальны знак у выглядзе жоўтай шасціканцовай зоркі і забаранілі хадзіць па тратуарах.

Рэгулярнымі сталі карныя акцыі. Раніцай 13 жніўня 1941 г. горад быў акружаны. Яўрэяў сабралі ў адным месцы. Мужчын аддзялілі і сказалі, што іх пераводзяць у працоўны лагер. Насамрэч іх адвялі кіламетраў за 10 і забілі. 15 жніўня было забіта яшчэ каля 350 чалавек. Злачынства было здзейснена проста на кірмашы. Сярод ахвяр былі галоўным чынам жанчыны і дзеці. Іх пахавалі ў брацкай магіле.

Фашысты ды іх памагатыя не забывалі пра параўнаўча нешматлікіх вясковых яўрэяў. Так, сярод ахвяр была 35-гадовая Рахель Свідская, якая жыла на той час у Вялікіх Круговічах і ўраджэнка названай вёскі 27-гадовая Райкель Старасельская, якая жыла ў мястэчку. З усіх вёсак такіх ахвяр лік ішоў на дзясяткі.

У жніўні 1941 г. былі знішчаны практычна ўсе ганцавіцкія яўрэі.

У лістападзе таго ж года было створана гета. У яго звезлі яўрэяў мужчынскага полу ад 14 гадоў з Леніна (230 чалавек) і Пагост-Загародскага (120). На чале паставілі іх супляменніка Грынберга (ці Грынбаума). У 1939 г. ён уцёк ад немцаў з заходняй часткі Польскай Рэспублікі, але трагічным чынам быў дагнаны праз няпоўныя два гады.

Умовы ў гета былі невыноснымі. Там пастаянна ўтрымлівалася каля паўтысячы чалавек, занятых на рознай цяжкай працы. Пры гэтым кармілі вельмі кепска: па 200 грамаў эрзац-хлеба і 20 грамаў круп у суткі. Таму людзі паміралі ад голаду і хвароб. Да таго ж падвяргаліся фізічным здзекам і расстрэлам. У сілу страт гета пастаянна папаўнялася.

За спробу ўцёкаў караліся смерцю 40 таварышаў па лагерным няшчасці, ліквідоўвалася таксама ўся сям’я ўцекача. Гэта стрымлівала вязняў.

Вечарам 14 жніўня 1942 г. пры вяртанні з катаржнай працы нейкі немец паведаміў зняволеным, што яўрэі некаторых палескіх мястэчкаў знішчаны. Гэта азначала страту іх сем’яў і прыспешыла рэалізацыю планаў вырвацца на волю.

У ноч з 14-га на 15-га жніўня 1942 г. жыхары гета ў колькасці 320 чалавек ажыццявілі загадзя арганізаваную спробу ўцёкаў. Прычым старшыня юдэнрата Грынберг сам кіраваў выратаваннем. Тым часам, як паведаміў аўтару гэтых радкоў вязень гета, ізраільскі грамадзянін Іцхак Южук, частка аховы была занята супрацьдзеяннем партызанам, якія недзе атакавалі акупантаў. Каля 30 чалавек (па іншых звестках, 60-70), пераважна сталага ўзросту, засталіся.

Паводле ацэнкі ўдзельніка падзей Барыса Гінзбурга, падчас уцёкаў загінула да паловы. У выніку пагоні шмат каго з уцекачоў злавілі і расстралялі. Нярэдка спрыялі адлову збеглых мясцовыя сяляне. Трэба сказаць, што знаходзіліся вяскоўцы, якія і дапамагалі уцекачам – найперш харчаваннем. Многія адносіліся нейтральна: не выдавалі нядаўніх вязняў акупантам, але і не спрыялі яўрэям, каб не наклікаць бяды.

Цяжка ўявіць безвыходнасць той сітуацыі, у якой апынуліся нядаўнія вязні гета. Нават воля не рассунула для іх далягляды выратавання.

Яшчэ цяжэй вытлумачыць наступнае. Немцы абвясцілі амністыю ўцекачам і паабяцалі ім захаваць жыццё. Некаторыя паверылі – вярнуліся ў гета! Зразумела, усе былі адразу расстраляныя.

Хто з уцекачоў застаўся ў жывых, пайшоў да партызан. Трагізм становішча яўрэяў часам паглыбляўся недаверлівымі адносінамі да іх савецкіх лясных мсціўцаў. У прыватнасці, яны пусцілі ў расход Грынберга. Як паведамляе вядомы даследчык Леанід Смілавіцкі (па кнізе нашага знаёмца І. Южука), у адным з партызанскіх атрадаў спярша прынялі групу ўцекачоў, але неўзабаве сказалі ім пакінуць месца дыслакацыі.

Яўрэі былі зняможаныя, таму не захацелі сыходзіць. Да таго ж яны не мелі ні вопыту, ні зброі, каб весці барацьбу ці хаця б выжыць у тых умовах. Тым не менш партызаны некалькі разоў папярэдзілі іх самымі крайнімі пагрозамі. А затым – застрэлілі. Так загінулі чатыры ўцекачы ганцавіцкага гета.

Уцёкамі і расправай была пастаўлена кропка ў існаванні ганцавіцкага гета і ў яўрэйскай гісторыі на гэтай зямлі. Фашысты па магчымасці ўсіх ліквідавалі. У мястэчку і вакол яго прыкладна за год было знішчана больш чым 6 тысяч яўрэяў.

Частка ахвяр той бойні прадстаўлена ў кнігах “Памяць” па Ганцавіцкім, Лунінецкім і Пінскім раёнах. Поўныя спісы ці хаця б набліжаныя да такіх устанавіць не ўяўляецца магчымым.

У выніку ў некалі яўрэйскім мястэчку пасля вайны засталося толькі 30 іудзеяў. Па ўсёй Беларусі з мільёна яўрэяў вайна пакінула толькі пару дзясяткаў тысяч. У Ганцавічах і наваколлі толькі за першы год нацысцкай акупацыі з’явіліся сотні магіл, у асноўным безыменных. Ёсць усе падставы казаць, што мястэчка стаіць на яўрэйскіх касцях.

За савецкім часам сістэмнага захавання памяці пра Халакост не праводзілася. Таму большасць пахаванняў знікла пад слядамі чалавечай дзейнасці або занядбанасці. Ад многіх не засталося і знаку. Пра некаторыя магілы сёння нагадваюць помнікі.

Тым не менш нават жменька ганцавіцкіх іудзеяў ды іх нашчадкаў пасля вайны стварыла яўрэйскае Аб’яднанне выхадцаў з Ганцавіч. Арганізацыя стараецца максімальна вярнуць з нябыту імёны сваіх супляменнікаў, расказаць свету пра іх трагічную долю. На сайце “Цэнтральнай базы дадзеных імёнаў ахвяр Шоа” сістэматызавана інфармацыя пра 294 ганцавіцкія ахвяры.

У сувязі з гэтым даўно напрошваецца ўзвядзенне ў Ганцавічах мемарыяла. А лепей – цэнтралізаванай сеткі такіх помнікаў па ўсёй краіне. Таму што яўрэйскія ахяры фашызму на Беларусі – гэта страта не толькі ізраільскага народа, але і нашай Айчыны.

(Чытаць пачатак)

Ольга Грицкевич

Recent Posts

Что выбрать в Лиссабоне для отдыха на воде — яхту, вечернюю прогулку или рыбалку

В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…

1 неделя ago

Почему после поездки в Лиссабон хочется ещё один отпуск

Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…

2 недели ago

Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах

Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…

1 месяц ago

Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье

Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…

1 месяц ago

Как быстро и легко остановить понос народными средствами!

Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…

1 месяц ago

Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз

Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…

2 месяца ago