“Горка плачуць і кані, і лані…”

Даўно хвалюе мяне тэма палявання на дзікіх жывёл і птушак. Я не паляўнічы, і ніхто з маіх блізкіх не займаецца гэтым відам дзейнасці. Магчыма, я маю слабое ўяўленне пра паляванне. Затое вельмі люблю як свойскіх, так і дзікіх жывёл ды птушак. Таму хачу падтрымаць гэтых безабаронных істот.

Знакаміты паэт-зямляк Міхась Рудкоўскі ў сваіх вершах апяваў хараство роднай зямлі і моманты бескарыслівых зносін чалавека з прыродай, гаварыў аб людскіх праявах дабра і зла ў адносінах да яе
Знакаміты паэт-зямляк Міхась Рудкоўскі ў сваіх вершах апяваў хараство роднай зямлі і моманты бескарыслівых зносін чалавека з прыродай, гаварыў аб людскіх праявах дабра і зла ў адносінах да яе / Фото: Анна Кочегарова

Я называю дзікіх жывёл і птушак безабароннымі, бо іншым разам тыя законы, якія чалавек напісаў хутчэй для сябе, далёкія ад таго, каб па-сапраўднаму бараніць братоў нашых меншых. У чым яны вінаватыя перад людзьмі: толькі ў тым, што апошнімі авалодвае сквапнасць ці яны атрымліваюць задавальненне ад забойства? Адкуль бяруцца гора-паляўнічыя?

Вось прыклад з жыцця. Аднойчы перад тым, як дзеткам ісці на канікулы, я папярэдзіла іх, што будзем пісаць сачыненне пра самы цікавы выпадак падчас адпачынку. Напісалі сачыненне. Хвалю работу Сяргея К., прашу яго зачытаць сваё сачыненне ўсяму класу. Ён чытае пра прагулку на лыжах у казачны зімовы лес, пра сустрэчу там з дзікай козачкай.

– Ха-ха-ха! Мой тата застрэліў тваю козачку, – чуецца хлапечы голас.
– Андрэйка, што ты такое кажаш? – умешваюся я.
– А гэта праўда. Я ж сам бачыў, як тата прынёс яе дадому, – парыруе Андрэй.

Я, вядома, пагаварыла з бацькамі вучня. Аднак адчула: карысці ад той размовы няма. Бацька проста загадае сыну надалей маўчаць пра такія рэчы. Сам жа і не падумае спыняць свой браканьерскі занятак. Сын, хутчэй за ўсё, пойдзе па шляху бацькі. І будзе лічыць гэта нормай.

Помніцца, калісьці прачытала ў адной з газет выказванне загадчыка кафедры псіхалогіі Белдзяржуніверсітэта Ігара Фурманава аб тым, якое ўздзеянне аказвае паляванне на чалавека. “Да канца пытанне гэтае незразумелае”, – заўважыў ён. Адны вучоныя сцвярджаюць, што з дапамогай палявання ў чалавека адбываецца разрадка назапашанай энергіі. Забіў жывёліну – адбыўся выкід адрэналіну, і чалавек становіцца ўраўнаважаным у соцыуме. Другі пункт гледжання – у чалавека выпрацоўваецца такая ж залежнасць, як у іншых да курэння, наркотыкаў, алкаголю. Таму ў паляўнічага можа ўзнікнуць схільнасць вырашаць агрэсіўным спосабам і сацыяльныя канфлікты.

Некаторыя паляўнічыя атрымліваюць задавальненне ад самога працэсу зносін з прыродаю, нават не здабываючы трафея. Да прыкладу, аматарамі такога палявання былі рускія пісьменнікі Іван Тургенеў і Мікалай Някрасаў. Але ж, па-мойму, у наш час падобных паляўнічых ці няма наогул, ці калі ёсць – дык вельмі мала.

А вось большасць тых, хто адпраўляецца на паляванне, – паталагічныя забойцы. Асабліва тыя, што ідуць ці едуць у лес ці на балота, каб здабыць мяса або каштоўную шкуру без патрэбы ў іх, а толькі каб атрымаць задавальненне. Такіх паляўнічых, на мой погляд, трэба баяцца. Можна яшчэ зразумець таго, хто здабывае мяса пры сціплым бюджэце сям’і. Але як зразумець тых, хто можа купіць па самай высокай цане любое мяса ў самым дарагім магазіне?

Давялося неяк даведацца, што надта “разумныя” паляўнічыя (часцей з егерамі) едуць да месцаў, дзе дзікіх жывёл падкормліваюць. Як такое назваць? Па-мойму, лепей бы такіх кармушак наогул не было, а то незразумела, пра каго клопат…

Успамінаю аповед карэспандэнта адной з беларускіх газет, якая напрасілася, каб паляўнічыя ўзялі яе з сабой: “…Пад’ехалі да кармушкі для звяроў. І тут з-пад яе з усіх ног ірвануў дзік. Паляўнічыя выскачылі з машыны, ускінулі ружжы, ды позна – дзік уцёк… А вось казулі пашанцавала менш – гэтая грацыя з шырока расплюшчанымі вачыма, спатыкаючыся, падломліваючы ногі, падала вобземлю і памірала…”. Жахлівае відовішча!

Стаіць у мяне перад вачыма здымак, які я ўбачыла ў адной з раённых газет. Шарэнга – чалавек 7-8 паляўнічых, і кожны трымае за шыю забітую шэрую гусь. Стаяць і нібы ганарацца: ”Вось мы якія спрытныя ды ўдалыя!” Між іншым, здымак ілюстраваў аповед пра раённае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, пра добрую работу яго кіраўніка. Але мне асабіста гэты матэрыял і здымак здаліся выклікам абаронцам прыроды. Тым больш, што было гэта ў той год, які быў аб’яўлены ў Беларусі Годам шэрай гусі.

Лічу: усялякая жывая істота, што прыйшла ў гэты свет, мае аднолькавыя правы з астатнімі, у тым ліку і з чалавекам, на месца пад сонцам. Але чалавек прысвоіў сабе права распараджацца жыццямі ўсіх іншых жывых істот, вельмі часта парушаючы разумныя законы, якія стварыла сама прырода ці Усявышні. Чалавек напісаў законы “пад сябе”. Ды толькі нельга забываць пра тое, што за няправеднае прыйдзецца некалі трымаць адказ. У сваёй прамове адзін са святароў сказаў: “Кожны з нас адкажа за кожны рубель, за кожнага раздушанага прусака”. Вось яно як!

Нядаўна была зацверджана новая рэдакцыя “Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства”, якія ўступяць у дзеянне праз шэсць месяцаў пасля іх апублікавання. Што змянілася? Ды амаль нічога! Калі, напрыклад, уся Еўропа не страляе вясной птушак у час іх пералёту, то Беларусь як страляла, так і будзе страляць. Дзіва што! Калі нават у Год шэрай гусі, як спадзяваліся многія абаронцы жывой прыроды, не было гэтай забароны.

Начальнік упраўлення аналізу і кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў расліннага і жывёльнага свету Аляксандр Драчун сцвярджаў: “…Як паказаў вопыт, правядзенне веснавога палявання ў Беларусі ніяк не адбілася на колькасці тых відаў, на якія праводзіцца гэтае паляванне. Больш за тое, самі спосабы, тэрміны, прылады палявання… не перашкаджаюць ім (самкам птушак – І.Р.) у перыяд спароўвання і гнездавання” (газета “Звязда”, 14 снежня, 2013 г. – “Паляваць і рыбачыць – па новых Правілах”).

Я не веру, што не перашкаджаюць. Пацікавілася, што наконт гэтага гавораць нашы нераўнадушныя суайчыннікі з грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Наступныя прыведзеныя мной звесткі адносяцца да 2009 года – Года шэрай гусі. Суайчыннікі сцвярджаюць, што папуляцыя шэрай гусі ў Беларусі не павялічваецца, а змяншаецца. Засталося ўсяго каля 200 пар шэрай гусі. Аказваецца, шэрая гусь – вельмі клапатлівая маці. У час гнездавання ці калі ў яе ўжо ёсць вывадак, адчуўшы небяспеку для гнязда з кладкай ці для вывадка, адводзіць яе, сама пры гэтым траціць усякую асцярожнасць і трапляе пад прыцэл, становіцца здабычай паляўнічых або гіне ад раны. Кладка ці вывадак без маці, вядома ж, гінуць. Дык як можна есці такое мяса?

Атрымліваецца, Беларусь хоць тут “впереди Европы всей», бо Еўропа забараніла такі адстрэл! А мы квапімся на “зялёненькія”, што прывязуць з Захаду тыя паляўнічыя, каму ўздумаецца пастраляць птушак пры іх вясеннім пералёце на сваю радзіму. Ляцяць да сваіх спрадвечных лугоў, балот, рэчак і азёр. Ляцяць, каб выканаць свой спрадвечны абавязак – даць працяг жыццю, даць патомства. А на Радзіме іх сустракае пякельны агонь з ружжаў!

Вяртаюся зноў да таго, што ў новай рэдакцыі нічога не змянілася ў лепшы бок. Мяркуйце самі: тэрмін заканчэння сезона веснавога палявання на глушца і цецерука перанесены з 30 красавіка на 10 мая. Яшчэ даўжэй зможа насалоджваць паляўнічы сваю душу адстрэлам гэтых прыгажуноў нашых лясоў!

Праўда, штрафы для парушальнікаў павялічаны ўтрая. Але ці мне, былому педагогу, не ведаць, што штрафамі парадку не навядзеш. Галоўнае тут – быць выхаваным з дзяцінства ў любові і беражлівасці да прыроды. І не штрафамі трэба папаўняць бюджэт, а знаходзіць у ім сродкі, каб укладваць іх у выхаванне высокамаральных, сумленных і адказных патрыётаў Радзімы. Ды і нам, дарослым і ўсім старэйшым людзям, самім трэба быць прыкладам для падрастаючых пакаленняў.

У якасці дадатнага можна адзначыць хіба толькі тое, што ў новай рэдакцыі адсутнічае ўжо тэрмін “непажаданыя віды жывёл”. Гэта ж трэба было нейкай “разумнай” галаве падзяліць жывёл на пажаданыя і непажаданыя! Па-мойму, Усявышні, ствараючы ўсё жывое на зямлі, кожнай, нават самай маленькай істоце адвёў пэўную ролю. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Карл фон Фрыш, вучоны ХІХ ст., які вывучаў паводзіны пчолаў, рыб, матылькоў, пісаў:

Ничтожных в мире нет существ,
Коль мир познаний сладок.
Везде и всюду волшебство
И тайный есть порядок,
От еле видной тли до звезд
Исполнен мир загадок.

Хутчэй за ўсё тыя, хто піша і прымае падобныя законы і правілы, самі любуюцца экзатычнымі птушкамі пад паўднёвымі нябёсамі. А я хачу, каб і я, і мае дзеці, і іх дзеці атрымалі ў спадчыну не спустошаную зямлю, а разам з усім тым, што створана было на ёй матухнай-прыродай і Усявышнім. І родную мову, і шэрую гусь, і беларускія балоты і лясы. А яшчэ хочацца пажадаць, каб кіраўнікамі паляўнічых гаспадарак прызначаліся людзі, якія ў дзікім птаху і зверы бачаць не кавалак мяса, а цудоўнае тварэнне прыроды, якім варта любавацца, а не забіваць яго.

Завяршыць сваё заступніцтва за братоў нашых меншых хачу радкамі верша паэта-земляка і майго брата Міхася Рудкоўскага, які моцна любіў родны край і заўсёды выступаў абаронцам прыроды:

Забіваем, калечым і ранім
Без віны, абвяшчэння вайны…
Горка плачуць і кані, і лані,
Толькі нам слёзы іх не відны.
Плачуць сіраты, плачуць удовы,
А забвення няма анідзе.
І пусцеюць азёры, дубровы,
І Чырвоная кніга расце.
Рэжуць цела
Прыроды вярыгі,
І куды ні зірні – глум і здзек.
А што будзе праз нейкі там век апантаны?
Не занёс бы ў Чырвоную кнігу сябе чалавек!

Из рубрики