Да Перамогі – з іконаю

«Чем глубже скорбь, тем ближе вера»А. Майкоў Зусім нядаўна мы адсвяткавалі 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Колькі крыві было праліта, колькі слаўных сыноў і дачок засталося ляжаць у сваёй роднай зямлі, а таксама ў чужых далёкіх землях! Хто ж, акрамя гераічных, мужных воінаў, партызан і падпольшчыкаў, дапамог атрымаць перамогу над фашызмам? Да каго звярталіся салдаты і галоўнакамандуючыя за падтрымкай, на каго спадзяваліся? Паспрабуем убачыць гэта.

Сталін, які ў маладосці закончыў Тыфліскую духоўную семінарыю, палічыў, што без рускага праваслаўнага патрыятызму СССР не выстаіць супраць фашызму
Сталін, які ў маладосці закончыў Тыфліскую духоўную семінарыю, палічыў, што без рускага праваслаўнага патрыятызму СССР не выстаіць супраць фашызму

Менавіта тады, у гады Вялікай Айчыннай вайны, у часы жорсткай барацьбы, мучэнняў, страт і разрухі на нашай зямлі пасля амаль чвэрцьвяковага атэізму пачалося ўваскрашэнне царквы, народ стаў вяртацца да веры Хрыстовай.

Аказаўшыся на краі пагібелі, людзі, якія забылі веру бацькоў і дзядоў, атэісты, нават ганіцелі веры, пачыналі прасіць паратунку ў Бога. Без веры перажыць вайну было б намнога цяжэй.

Думаю, што многім з вас даводзілася чытаць ці слухаць успаміны, споведзь удзельнікаў вайны пра тое, як праз малітвы да Усявышняга, Прасвятой Багародзіцы і святых угоднікаў Божых яны атрымалі дапамогу або былі ўратаваны ад смерці.

За выратаванне ад фашызму маліліся хрысціяне ўсяго свету. Маліўся ў далёкім Ліване і мітрапаліт гор Ліванскіх Ілія. Ён спусціўся ў каменнае падзямелле, дзе без сну і яды маліўся перад абразом Божай Маці.

Праз трое сутак малітвы Яму з’явілася Царыца Нябесная і аб’явіла: “Расію трэба выратаваць. Па ўсёй краіне трэба зараз жа адчыніць усе царкоўныя храмы, манастыры і духоўныя школы, свяшчэннікаў вярнуць з фронту і турмаў і ўзнавіць богаслужэнні. Ленінград здаваць нельга. Няхай вынесуць Цудадзейную ікону Казанскай Божай Маці і абнясуць яе крыжовым ходам вакол горада. Над іншымі гарадамі абляцець самалётам з гэтай іконаю і ўсюды несці яе з сабою да граніц Германіі”.

Інфармацыю данеслі да Сталіна і ўрада СССР. Сталін, які сам у юнацтве закончыў духоўную вучэльню і Тыфліскую духоўную семінарыю, палічыў, што без падтрымкі рускага праваслаўнага патрыятызму СССР не выстаіць. Неадкладна было выканана тое, што сказала Прасвятая Багародзіца мітрапаліту Ілію. Пад Ленінградам, Масквой, Сталінградам служылі малебны. Маскву, а затым і Сталінград абляталі самалёты з іконай Казанскай Божай Маці. Ленінград абышлі крыжовым ходам з гэтай іконай. У пасляваенных успамінах салдат, якія былі ў блакадным ачапленні горада, былі такія: “Мы бачылі над горадам самую Багародзіцу з войскам анёлаў нябесных”.

Летам 1943 года, калі ў танкавых баях пад Курскам вырашаўся лёс вайны, многа савецкіх салдат сталі сведкамі з’яўлення на небе Багародзіцы, якая благаслаўляла іх, паказваючы рукою на Захад. Пасля гэтага пачалося вызваленне нашых зямель. Улады, нарэшце, сталі вяртаць святароў, і да канца вайны было адчынена каля шасці з паловай тысяч храмаў. Царкве дазволілі зноў выбраць патрыярха, а Казанская ікона Царыцы Нябеснай стала суправаджаць армію ў аўтамабілі маршала Жукава.

Перадваенны перапіс у СССР паказаў, што, нягледзячы на гады рэпрэсій, разбурэнне ці закрыццё цэркваў і манастыроў, расстрэл дзясяткаў тысяч святароў і хрысціян, больш за 60% грамадзян СССР назвалі сябе веруючымі.

Многія салдаты, афіцэры, нават генералы былі хрышчаныя ў дзяцінстве, наведвалі храмы, богаслужэнні, маліліся разам з бацькамі.

Іменна ў гады вайны , у часы смяротнай небяспекі, да іх вярталася вера бацькоў. Іменна тады Чырвоная Армія і Руская Праваслаўная царква аб’ядналіся ў адзінай мэце – вызваленні Айчыны.

Многа дзіўных гісторый расказвалі ўдзельнікі той вайны. Паводле адной з іх, пад Брэстам карнікі сагналі ўсіх жыхароў адной з вёсак на пустыр. Мужчын прымусілі капаць агульную магілу. Многія маліліся, са слязамі звяртаючыся да Бога. У гэты час над імі пралятаў варожы самалёт, у якім знаходзіўся нямецкі афіцэр. Над пустыром, дзе рыхтавалася расправа, афіцэр убачыў перад ілюмінатарам Багародзіцу, якая рукой загадвала паглядзець уніз. Ён убачыў, што адбывалася на зямлі і загадаў пілоту прызямліцца. Афіцэр высветліў, хто аддаў загад, і сказаў, каб дзве гадзіны чакалі і не прыводзілі загад у выкананне. За гэты час ён вярнуўся з Брэста і загадаў адпусціць людзей.

Стала вядома, што афіцэр гэты пасля вайны прыязджаў у выратаваную ім вёску, сустракаўся з людзьмі і даў значную суму грошай на рамонт храма.

Вядома шмат прыкладаў, калі перад баямі салдаты хрысціліся цэлымі ротамі, святары служылі малебны, прычашчалі і благаслаўлялі воінаў.

Жывучы пад мірным небам, кожны з нас павінен задумацца над сваім жыццём, над сваімі адносінамі адзін да аднаго, да ўсяго жывога на зямлі і да таго, што акружае нас, убачыць ва ўсім існым прысутнасць і волю Усявышняга.

Варта задумацца, чаму мы гнявім Бога, выпрабоўваючы Яго цярпенне, замест таго, каб прызнаць Яго і прыняць у сваё жыццё.

Мы жылі б куды шчаслівей, каб памяталі, што жывём пад Богам, што павінны жыць па запаведзях, якія ён даў нам. І зноў хочацца паўтарыць перад Усявышнім: ”Ды любіце адзін аднаго!”

Из рубрики