
На якой мове вы размаўляеце?
Карыстаючыся ў сваім паўсядзённым жыцці роднай мовай, я заўважыў, што дзеці мяне не разумеюць, асабліва ў гарадах. Для іх беларуская мова, як тая ж нямецкая або англійская. Прывяду прыклад з жыцця. Гэтую гісторыю расказала мая знаёмая Юля Матусевіч: “Дзесьці год таму мы сустрэліся са сваімі знаёмымі, якіх даўно не бачылі. Яны запрасілі нас да сябе. Неяк атрымалася, што мы гаварылі між сабой па-беларуску. Праз некаторы час у пакой зайшла дачка нашых знаёмых – дзяўчынка гадоў дзесяці, якая добра вучыцца ў школе, з камп’ютарам на “ты”. Пачуўшы нашу размову, яна нават застыла на хвіліну, а пасля здзіўлена спытала: “А на каком языке вы разговариваете?” Здзіўленыя такім пытаннем і бацькі, і мы не знайшліся, што адказаць.
На першы погляд, даволі-такі смешная гісторыя, але калі задумаешся, дык на вочы слёзы наварочваюцца. І ўзнікае пытанне, хто ў гэтым вінаваты: мы ці школа? Што мы самі ў гэтым вінаватыя, дык гэта бясспрэчна. Але і са школы здымаць адказнасць не варта.
Навошта вучыцца, калі ў ВНУ можна паступіць з тройкамі
Я вырашыў спытаць у настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Галубовіч, якая працуе ў Мінскай гімназіі, што яна робіць для таго, каб заахвоціць дзяцей размаўляць па-беларуску.
– Наведваем музеі (хоць і прымусова), арганізоўваем паездкі па гістарычных мясцінах. Я заўсёды прыводжу дзецям прыклад пра тое, што лацінская мова існуе (вучым у ВНУ, рэцэпты выпісваюць), а народа няма. З нашай мовай атрымліваецца наадварот: беларускі народ ёсць, а мовы няма. Робім упор на свядомасць і патрыятызм, – адказала Алена.
– А ўвогуле, на тваю думку, Алена, для чаго ў жыцці патрэбна беларуская мова?
– Каб не быць Іванамі няпомнячымі. Жыць у Беларусі і не ведаць беларускай мовы – гэта ж так сорамна! Раней, калі хто не ведаў радні да шостага калена, яго выганялі з племені, таму што такі чалавек можа здрадзіць.
Цяпер адсутнічае матывацыя. Вывучылі мову, а дзе ёю карыстацца? Толькі ў школе на ўроках беларускай мовы і літаратуры? У гімназіі, дзе я працавала, былі беларускамоўныя класы, але ў каледжы толькі на рускай мове выкладалі. А перавучвацца вельмі складана.
– Якія спецыяльнасці патрабуюць ведання беларускай мовы?
– Па-першае, гэта настаўнікі роднай мовы. Можна сюды дабавіць супрацоўнікаў музеяў, экскурсаводаў, дыктараў, журналістаў… Каб ведаць мову, патрэбна асяроддзе, умовы, змены дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да яе. Ды і чаму можна навучыць за 2-3 гадзіны школьнай праграмы? Навошта вучыцца, калі ў ВНУ можна паступіць нават з тройкамі? А людзі з вышэйшай адукацыяй, сам ведаеш, якую зарплату атрымліваюць.
Для прыкладу, наш Дзіма за месяц атрымаў 700 долараў, дапамагаючы на будаўніцтве, маючы толькі 11 класаў за плячыма. У мяне вышэйшая адукацыя, вышэйшая катэгорыя, стаж працы 20 гадоў, а на такую зарплату мне трэба працаваць 2 месяцы на 2 стаўкі.
Таксама на якасць навучання ўплывае загружанасць настаўнікаў непатрэбнай папяровай работай. У мяне ёсць знаёмая, якая прыходзіць у клас, піша нумар практыкавання на дошцы, якое дзеці павінны выканаць, а сама піша паперы.
Па афармленні дакументацыі яна заўсёды першая, а тэмы ўрокаў дзецям не тлумачыць. Адзнакі ставіць добрыя. Бацькам толькі гэта і трэба. Ужо ў гэтым навучальным годзе я паспела схадзіць на конкурс «Скарбы мовы», яшчэ нават не ведаючы дзяцей-пяцікласнікаў. А колькі часу займае «всеобуч»! Ужо за гэты час я растраціла больш за палову пачка пішучай паперы.
Беларускую мову выкладаюць па-руску
Размаўляючы з дзецьмі, я даведаўся, што ў некаторых школах рэспублікі настаўнікі беларускай мовы выкладаюць па-руску. Насця Дайлід, вучаніца адной з мінскіх гімназій, расказала мне: «Учительница весь урок разговаривает по-русски. Только некоторые слова или предложения, которые разбираем, произносит по-белорусски..»
І гэта не дзіўна, калі ўлічыць, якіх у нас рыхтуюць настаўнікаў. Прахадныя балы на настаўнікаў беларускай і рускай моваў – адны з найніжэйшых. Так, у мінулым годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасць “беларуская філалогія” прахадны бал склаў лічбу 157. На спецыяльнась “руская філалогія” – 253 балы. Для параўнання – на спецыяльнасць сусветная эканоміка – 372 балы. Ужо нават на журналіста прахадны бал вышэйшы, чым на настаўніка беларускай і рускай моваў – 325 балаў. Дык чаму тут здзіўляцца, калі беларускую мову выкладаюць па-руску? Добра, што хоць так.
Чыноўнікі баяцца мовы як чорт ладану
Некалькі пытанняў я задаў Глебу Лабадзенку – журналісту, арганізатару курсаў па вывучэнні беларускай мовы «Мова Нанова». Гэтыя курсы праходзяць у Мінску, Гародні і шэрагу іншых гарадоў.
– Глеб, чаму так сталася, на тваю думку, і чаго недастаткова ў школе для таго, каб авалодаць беларускай мовай?
– Тут ёсць некалькі прычын. Самая асноўная – матывацыя. Як пераканаць школьніка, што яму трэба вучыць беларускую мову, калі ён не чуе яе на вуліцах, на радыё, у газетах, на тэлебачанні. Не чуе і на дзяржаўным узроўні – чыноўнікі гавораць або на трасянцы, або «па-руску» з беларускім акцэнтам. Але толькі не па-беларуску, баючыся сваёй мовы, як чорт ладану. Загаворыць самы галоўны па-беларуску – усе назаўтра мову ўспомняць! Што да школы, то мова ўведзена ў разрад «неабавязковых» прадметаў. Калі не памыляюся, то гадзін на мову менш, чым на фізкультуру. Такім стаўленнем школа адразу намякае, што мова – гэта так, для галачкі.
– Чаму ўзнікла патрэба ў курсах беларускай мовы?
– З курсамі асабіста мы вырашылі паспрабаваць – і гэта спрацавала: людзі пайшлі абсалютна без прымусу. Якая іх матывацыя? Яны разумеюць, што беларуская мова і ўвогуле нацыянальная самаідэнтэфікацыя – адзіны шлях ў будучыню, калі мы не хочам стаць Крымам, каб нас прыйшлі і вызвалілі «абаронцы» з Масквы.
У нашай краіне беларускамоўныя школы ёсць толькі ў вёсках. У гарадах увогуле няма беларускамоўных школ, а то нават і класаў. А калі і ёсць, дык толькі ў буйных гарадах, але не ва ўсіх.
Так, у Магілёве, дзе жыве больш за 360 тысяч чалавек, у беларускамоўным класе навучаецца толькі адна вучаніца – Ялінка Салаўёва. Яе бацькам давялося пазмагацца з мясцовым чынавенствам за права навучання іхняга дзіцяці на роднай мове. Цяпер бацькі Ялінкі шукаюць для яе аднакласнікаў.
Вышэйшая адукацыя на роднай мове ў нас адсутнічае. На некаторых спецыяльнасцях толькі ёсць: тыя ж настаўнікі беларускай мовы, гісторыкі, і, бадай, усё. У прафесійна-тэхнічных вучылішчах адукацыя вядзецца выключна па-руску. Але гэта даволі складана для былых навучэнцаў беларускамоўных школ, бо яны не разумеюць шмат якія тэрміны з фізікі або іншых прадметаў у рускім перакладзе.
Размаўляем на роднай «трасянцы»
У школе больш гадзін даецца на замежную мову, чым на беларускую. Але пры гэтым замежнай пасля заканчэння школы таксама ніхто не ведае.
Вынікі апытання, адмыслова праведзенага ў сетцы інтэрнэт для гэтага артыкула, засведчылі, што нават настаўнікі, якія выкладаюць прадметы на беларускай мове, у паўсядзённым жыцці карыстаюцца «трасянкай». Што ж да іншых беларусаў, дык яны амаль усе без выключэння гавораць на «трасянцы». Я ўлічваю і тых, хто ў апытанні засведчыў аб тым, што карыстаецца рускай. Знайсці ў нашай краіне беларуса, які гаворыць на сапраўднай рускай мове, вельмі цяжка.
На якой мове вы размаўляеце ў паўсядзённым жыцці?
Па-беларуску – 15,1 %.
Па-руску – 42,5 %.
На мясцовым дыялекце – 42,4 %.
Як сказаў аднойчы гісторык Адрэй Янушкевіч: «З нас гэтага беларускага маўлення ўсё роўна не выціснуць. Як мы ні будзем старацца «касіць» пад рускага, усё адно ім не станем». Ён у свой час паспрабаваў, будучы ў Маскве, не вылучацца з натоўпу. Не атрымалася.
Падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае, хацелася б заўважыць, што цяперашняя сістэма адукацыі патрабуе каардынальных зменаў, асабліва ў дачыненні да выкладання беларускай мовы і не толькі ў школе, але і ў іншых установах адукацыі. Ці адбудуцца гэтыя змены? Усё будзе залежаць толькі ад нас, ці захочам мы авалодаць дасканала хоць бы адной з трох моў, якія выкладаюцца. І ў першую чаргу той, якая з’яўляецца для нас РОДНАЙ!
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More