Круглы стол творчага аб’яднання “Пралеска” на тэму “Я люблю беларусь сінявокую і мову яе”

Правесці круглы стол на гэтую тэму падштурхнула тое, што бацькі вучняў Любашаўскай пачатковай школы звярнуліся ў раённы аддзел адукацыі з просьбай, каб школа перайшла на рускую мову навучання.  Просьба-зварот любашаўцаў была задаволена.  Але чаму мы лічым родную  непатрэбнай і што з гэтым рабіць?  

„Чым больш народ цэніць чужую музыку, тым бліжэй ён да знікнення”, – казаў кітайскі філосаф Канфуцый .

Чаму так ладзіцца, што мова наша паціху знікае са штодзеннага маўлення, памяншаецца колькасць гадзін беларускай мовы ў школе, беларускія творы некаторыя вучні ведаюць толькі з перакладу на рускую мову? Чаму так адбываецца і да чаго гэта прывядзе, абмеркавалі ўдзельнікі  круглага стола, што праводзіўся ў рэдакцыі “Ганцавіцкага часу” 14 студзеня 2016 года. Да размовы  прыйлі самыя ярыя актывісты і барцы за родную мову.

“Што ж гэта робіцца з намі, людцы?! – гаварыла былая настаўніца беларускай мовы Ірына Рудкоўская.  – Падумаць толькі, знайшлося пару чалавек – «разумнікаў», якія ўсё правярнулі, а  астатнім было ўсё роўна. Абыякавасць, якая ў апошнія гады раз`ядае нашы душы, па-мойму, – адна з галоўнейшых прычын многіх нашых бедаў. А тут, у выпадку з мовай навучання ў школе, абыякавасць як на далоні. Ніхто з бацькоў вучняў, што прасілі за рускую мову, і з тых, хто падпісваў прысуд роднай мове, галаву доўга не ламаў, узважваючы ўсе «за» і «супраць». Бо ім усё роўна”.

Для Ірыны  Міхайлаўны пытанне аб роднай мове вельмі балючае.  Яна была самай актыўнай удзельніцай гутаркі. Пачала з таго, што  ўспомніла, як некалі адна з настаўніц, калі размова зайшла пра родную мову, адкрыта выказалася, што той  ўсё роўна, якая мова, хоць руская, хоць беларуская, хоць нямецкая. Абы каўбаса была. “Мабыць  такой думкай кіраваліся і любашаўцы”, – гаварыла на сходзе ў рэдакцыі  Ірына Міхайлаўна.

 Яна паліла ў вочы ўсё, што думала: гаварыла, што любашаўскія бацькі добраахвотна зрабілі яшчэ адзін крок да краю бездані, у якую мы скінем родную мову. А следам за ёю паляцім туды і самі.

Абмяркоўвалася і тое, што нават  мудрацы ўсіх часоў і народаў сцвярджалі і сцвярджаюць і сёння, што: «У мове – жыццё і смерць народа», «Мова – душа народа».  Удзельнікі кідаліся такімі фразамі як “Як ні круці, мы – магільшчыкі роднай мовы, магільшчыкі чыстай душы народа-беларуса”. “Мова родная – скарб народа, скарб бясцэнны. Згубім яго – згінем самі”.

Гаварылася, што здраджваючы мове, мы здраджваем сваім бацькам, дзядам, нашым блізкім і далёкім продкам. Здраджваем таму, што яны стварылі і перадалі сваім наступнікам. А мы зракаемся яе, зракаемся звання беларуса. Нам павінна быць вельмі сорамна перад нашымі продкамі. Але ці ёсць ён яшчэ ў каго, гэты сорам, і ці ёсць сумленне?

Да круглага стала ўдзельнікі падрыхтавалі нават вытрымкі з твораў пра мову.

Некаторыя з іх зачытваліся вельмі эмацыйна.  Вось, напрыклад, з творчасці Язэпа Лёсіка: «Мы перш за ўсё беларусы, а ўжо потым сацыялісты, дэмакраты ці кансерватары. Захаваўшы сваю нацыю і збудаваўшы свой дом, мы зможам усталяваць у сябе парадкі, якія адпавядаюць і нашаму сумленню, і нашым поглядам… Хто кажа, што любіць Бацьку Нябеснага, а бліжняга свайго ненавідзіць, той ілжэц. Хто любіць народ, а яго мову і культуру не прымае, той ашуканец. Служыце народу, любіце нацыю!» («Народ і інтэлігенцыя»).

Другія прыводзілі словы Вацлава Ластоўскага: «…Родная мова для нас – гэта музыка ўсіх пачуццяў, якія перажываў наш народ, яго туга і радасць, голас сэрца народнага і святло яго розуму. Душа без роднай мовы – гэта кветка без кораня, гэта скрынка, пусты дом, напоўнены трупамі… Той, хто засмечвае родную мову чужароднымі словамі, не мае права гаварыць, што ён любіць яе. Той, хто не ведае роднае мовы, называцца сынам народа не мае права! («Родная мова»).

Вельмі трапным быў адказ пры размове на круглым стале на пытанне,  дзе наш гонар, чаму мы  не шануем мову?

“Згубілі недзе. Растрацілі ў гонцы за матэрыяльнымі дабротамі. Няўжо нацыянальны патрыятызм у нашай моладзі мы выхаваем, возячы іх на «Лінію Сталіна»? І гэта ў той час, калі закрываюцца беларускамоўныя школы і школы наогул, выміраюць вёскі, а разам з імі і носьбіты беларускай мовы. А маладому пакаленню пра беларускасць і не думаецца. Хаця і любашаўцаў я ў некаторай ступені разумею: дзеткі закончаць школу, пойдуць далей вучыцца, а ВНУ ўсе рускамоўныя. Дык навошта тая беларуская?”– сказаў нехта з удзельнікаў.

Чаму так?

А можа таму, што ў Расіі Маскоўскі ўніверсітэт – вядучая ВНУ краіны, і выкладанне ў ёй вядзецца на рускай мове; ва Украіне ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце, у Мінску ў БДУ таксама выкладаюць на рускай мове. Дык можа і праўда зручней нам было б вучыцца на англійскай як больш пашыранай у свеце мове, калі ўжо вырашылі мы, беларусы, што наша мова такая нягожая?

«Кладзём яе ў саркафаг…», – з болем у сэрцы канстатаваў яшчэ больш за два дзесяцігоддзі таму Міхась Рудкоўскі.

Грашым мы з мовай, грашым, і гэта добра відаць нават няўзброеным вокам. Бог, стварыўшы наш народ, даў зямлю, на якой ён павінен жыць, і мову, на якой гэтаму народу гаварыць. Таму Усявышні нашы малітвы не чуе, бо прамаўляем мы іх не на  дадзенай нам Ім мове. Назавіце хоць яшчэ які народ у свеце, які б так непаважліва ставіўся да роднай мовы? Не напружвайцеся: няма  такога.  Мы  хоць  тут, мабыць, наперадзе ўсіх”, – гэта былі апошнія словы, якімі  і завяршыўся круглы стол на тэму “Я люблю Беларусь сінявокую і мову яе”.

Из рубрики