Стартаваў чэмпіянат Ганцавіцкага раёна па футболе

На мінулым тыдні пасля шматгадовага перапынку стартавала першынство Ганцавіцкага раёна па футболе з удзелам васьмі каманд. Адкрыўся чэмпіянат раёна ў пятніцу, 21 чэрвеня, матчам паміж камандамі СВК “Цельшына”(в. Люсіна) і СВК “Бярозавец” (Малькавічы) на стадыёне ў вёсцы Люсіна.

Андрэй Жалезны прывёў каманду “Райпо” да перамогі ў матчы  з ДЮСШ
Андрэй Жалезны прывёў каманду “Райпо” да перамогі ў матчы з ДЮСШ "Агарэвічы" / Фото: Виталий Герасименя

За матчам у Люсіна назірала каля 80-ці аматараў футбола. Люсінцы гулялі самааддана, але каманда сапернікаў была больш напорыстай. СВК “Бярозавец” перамог з лікам 4:1. Сакрэт перамогі каманды, за якую выступаюць у асноўным футбалісты з Малькавіч, яшчэ і ў тым, што яны ўзмацнілі састаў ігракамі з Баранавіч. Дзякуючы гэтаму гульня атрымалася цікавай і прыгожай. Галявых момантаў і галоў балельшчыкі ўбачылі нямала.

У суботу ў рамках чэмпіянату адбылося яшчэ два матчы. На цэнтральным стадыёне ў горадзе Ганцавічы сустракаліся каманды “Райпо” і ДЮСШ «Агарэвічы». Першы тайм юныя футбалісты ДЮСШ трымаліся і гулялі на роўных. Райпоўцы здолелі забіць толькі адзін мяч. Але на другую палову сустрэчы сіл у моладзі не хапіла. Каманда “Райпо”, за якую выступае і былы трэнер ФК “Ганцавічы” Андрэй Жалезны, які сам выходзіў на поле і забіў адзін мяч, яўна была больш вопытная. Сустрэча закончылася з лікам 5:0.

У той жа дзень каманда СВК “Хатынічы” на сваім полі прымала каманду з Азярэчча. У Хатынічах да першага матча падрыхтаваліся грунтоўна: было ўрачыстае адкрыццё з музыкай, мясцовае кіраўніцтва вітала віншаваннем, а пасля матча ўручала прызы лепшым ігракам. Гледачоў на стадыён у Хатынічах прыйшло каля 200 чалавек. Падчас матча былі і цікавыя пазафутбольныя моманты. Аднекуль на поле выбегла курыца і панеслася праз усю пляцоўку, чым выклікала смех гледачоў. А вось футбалістам з вайсковай часці каманды “Азярэчча” было не да смеху. Прапусціўшы шэсць галоў у свае вароты, яны ніяк не маглі адквітаць нават адзін мяч, хоць і мелі магчымасці. Але ім не шанцавала. Нават пенальці футбаліст “Азярэчча” забіць не здолеў. Толькі ў дадатковы час пасля 90 хвілін гульні гол прэстыжу яны ўсё ж забілі. У выніку з лікам 6:1 выйгралі Хатынічы.

Каля паўтары сотні чалавек назіралі за матчам на стадыёне ў Чудзіне, дзе каманда СВК “Будча” прымала футбалістаў ПМК-14. Апошнюю лічаць адным з фаварытаў гэтага турніру. Але перавагі па гульні ў першым тайме пээмкоўцы не прадэманстравалі. Лік у матчы адкрыла СВК “Будча”. Толькі на 66-й хвіліне другога тайма госці змаглі адквітаць мяч і аднавіць раўнавагу. Але пасля прапушчанага мяча гульня ў каманды СВК “Будча” расклеілася. Да фінальнага свістка футбалісты ПМК-14 забілі пяць галоў.

Так закончыўся першы тур раённага чэмпіянату. Да васьмёркі каманд ужо пасля правядзення жараб’ёўкі далучылася яшчэ адна каманда – “Дынама-2013”, якая прадстаўляе Ганцавіцкі РАУС. Расклад матчаў 2-га тура наступны:
29 чэрвеня
“Азярэчча” – СВК “Цельшына” (в. Люсіна) – 16-00
“ДЮСШ – Агарэвічы” – “СВК Будча” – 16-00
Райпо – Хатынічы — 18-30
30 чэрвеня
“Дынама-2013” – РАУС – ПМК-14, 18 -00, Ганцавічы
Каманда СВК “Бярозавец” тур прапускае, бо ёй няма пары.

Из рубрики