Ганцаўчанін “прашляпіў” выйгрышную пазіцыю

Шостае месца адваявалі ганцаўчане Мікалай Рылка, Адам Волах і Мікалай Агейка на шашачным турніры, прысвечаным памяці майстра спорту Мікалая Андрушчанкава. Спаборніцтвы праходзілі ў шахматным клубе горада Пінска.

Шахматы - папулярная сярод ганцаўчан ігра
Шахматы - папулярная сярод ганцаўчан ігра / Фото: Пётр Гузаевский

Для ўдзелу ў спаборніцтвах сабралася трыццаць ігракоў з розных раёнаў. Камандны турнір праводзіўся па кругавой сістэме. Праз некалькі тураў лідарамі сталі каманды з Драгічына, Пінска і Баранавіч, астатнія былі ў ролі статыстаў.

Ігракі з Драгічына і Пінска свае сустрэчы выйгралі. Чэмпіён вобласці, кандыдат у майстры І. Гайдукевіч з Баранавіч прайграў ганцаўчаніну Мікалаю Рылка.

У ганцаўчан з’явілася магчымасць быць чацвёртымі ў турніры, але ўсё залежала ад таго, ці выйграе А. Волах з г. Ганцавічы ў кандыдата ў майстры з Баранавіч. Гульня скончылася ўнічыю, і гэта адкінула ганцаўчан на шостае месца, а Баранавічы – на трэцяе. У першы дзень залатым прызёрам стала каманда з Драгічына, срэбраным – Пінск-1.

На другі дзень быў бліц-турнір, дзе адным з лідараў быў і ганцаўчанін Мікалай Рылка. Каб трапіць у тройку прызёраў, іграку трэба было абыграць кандыдата ў майстры І. Харламповіча з Камянца. Першая партыя прынесла нічыю, а пасля другой перамогу святкаваў камянецкі ігрок. У выніку ў асабістым турніры 1-е месца ў Драгічына, 2-е і 3-е – у Пінска.

Из рубрики