“Малькавічы” перайгралі “Дынама” з лікам 13:0

На мінулым тыдні і ў пачатку гэтага прайшоў чарговы тур чэмпіянату раёна па футболе. Пасля сенсацыйнай перамогі каманды “Малькавічы” над “футбалістамі “Райпо”, асаблівую цікавасць аматараў футбола выклікаюць матчы з удзелам малькавіцкіх футбалістаў.

"Дынама-2103" - "Малькавічы" 0-13 / Фото: Виталий Герасименя

У  чацвер 25 ліпеня “Малькавічы” правялі сустрэчу з камандай “Дынама-2013” і перамаглі яе з разгромным лікам 13:0.

Малькавіцкая каманда гуляла быццам бы на трэніроўцы і гаспадарыла на ганцавіцкім стадыёне. А ў “Дынама-2013” ігракоў у запасе не было, і як яны ні супраціўляліся, нават гол прэстыжу забіць не здолелі. Замест траўміраванага напрыканцы другога тайма Юрыя Цялушкі дынамаўцы вымушаны былі выпусціць школьніка.

Трэба адзначыць, што да матча стадыён быў не падрыхтаваны: на час пачатку сустрэчы не было сетак на варотах, лініі таксама не былі высыпаныя, а аматары футбола не маглі прайсці на трыбуны, бо з вуліцы Паркавай былі замкнёныя вароты.

«Дынама-2013» пасля крыўднага паражэння вынесла ўрок. У гасцявым матчы, які прайшоў у аўторак з камандай “Азярэчча”, яны ўступілі з лікам 0:1, хоць у першым тайме мелі перавагу і шанц забіць гол не аднойчы.

У астатніх матчах камандзе “Люсіна” залічана паражэнне за няяўку, а тры ачкі прысуджана “ДЮСШ Агарэвічы”. “СВК Будча” прайграла “Райспажыўтаварыству” з лікам 0:7. А вось ключавую гульню “Малькавічы” і «Будаўнік – ПМК-14», дзе можа вырашыцца лёс чэмпіёна раёна, малькаўцы перанеслі на 11 жніўня. Гульню плануюць правесці ў вёсцы Малькавічы.

Наступны тур пройдзе 3–4 жніўня. 3-га жніўня адбудуцца матчы ў Малькавічах у 17.00: «Малькавічы» – «ДЮСШ Агарэвічы», “Азярэчча” – “Будаўнік” (ПМК-14). 4 жніўня плануюцца сустрэча «Люсіна» – “СВК Хатынічы” у 17.30 на стадыёне ў в. Люсіна, а у горадзе Ганцавічы пройдзе матч “Райспажыўтаварыства” – “Дынама-2013” у 19.00.

Из рубрики