У чэмпіянаце раёна па футболе чарговая сенсацыя

Рэкордны выпадак зафіксаваны ў матчы паміж камандамі “Люсіна“ – “СВК Хатынічы”, які прайшоў у мінулыя выхадныя ў в. Люсіна. Люсінскія футбалісты ўстанавілі своеасаблівы рэкорд, забіўшы першы гол на 6-й секундзе сустрэчы.

У чэмпіянаце раёна па футболе чарговая сенсацыя
У чэмпіянаце раёна па футболе чарговая сенсацыя / Фото: Виталий Герасименя

Але гэта была не апошняя “сенсацыя”. І яе паднеслі ў адказ хатыніцкія ігракі. У другім тайме хатыніцкія футбалісты засталіся ў меншасці, бо адзін з ігракоў атрымаў чырвоную картку і быў выдалены з поля. На той час гаспадары вялі з лікам 2:1, і, здавалася, перамога ўжо была не за гарамі. Але, апынуўшыся ў меншасці, хатынаўцы кардынальна змянілі стан гульні, змаглі забіць тры(!) галы і атрымалі перамогу з лікам 4:2.

Па словах Міхаіла Ярашэвіча, цікавым быў матч у Азярэччы, дзе вайскоўцы прымалі ганцавіцкую каманду “Дынама-2013”. Але ўдача на гэты раз была на баку каманды “Азярэчча”, якая здолела забіць адзіны гол і перамагла з лікам 1:0.

А вось чарговы матч, які не адбыўся па прычыне няяўкі каманды “Дынама-2013” на сустрэчу з камандай “Райспажыўтаварыства”, выклікаў незадаволенасць ігракоў і некалькіх дзясяткаў балельшчыкаў, якія ў прызначаны час прыйшлі на стадыён у мінулую нядзелю. Па словах трэнера “Райспажыўтаварыства» Андрэя Жалезнага, ён некалькі гадзін рыхтаваў стадыён, і ігракі «Райспажыўтаварыства» пакінулі свае справы і адпачынак, а ў выніку – такое расчараванне… Паіграўшы паміж сабой, “райпоўцы” разышліся. “Чаму “Дынама-2013” не з’явілася, мы так і не зразумелі. Я тэлефанаваў ігракам каманды “Дынама”, а тыя нават не ведалі, што будзе матч, – расказаў А. Жалезны. – З такой арганізацыяй чэмпіянату добра будзе, калі каманды дагуляюць гэты сезон, а ў наступным наўрад ці хто захоча”.

Яўген Кабрынец па тэлефоне патлумачыў “ГЧ”, што матч павінен быў адбыцца і сапраўдныя прычыны яму невядомы: “Я папярэджваў Андрэя Жалезнага, што ігракі “Дынама-2013” павінны сабрацца, але сам не змагу прыняць удзел у матчы, таму што па асабістых справах павінен буду выехаць за межы раёна. Непрыемна, канешне, але я магу толькі выказаць надзею, што ў астатніх матчах “Дынама-2013” удзел прыме».

Из рубрики