На першай ступені п’едэстала – ганцаўчанін

Ганцаўчанін Мікалай Рылка заняў першае месца ў спаборніцтвах па шашках падчас спаборніцтваў сярод ветэранаў спорту Брэсцкай вобласці. Яны прайшлі 20 снежня ў спартыўным комплексе Палескага ўніверсітэта г. Пінска.

Спаборніцтвы праводзіліся па чатырох відах шашак, шахматах, настольным тэнісе і дартсе. У шашачным турніры змагаліся дванаццаць удзельнікаў у пяці турах па “швейцарцы” з кантролем часу 10 хвілін на партыю. Усе партыі гуляліся цікава, ніхто не хацеў адступацца.

Першае месца заняў кандыдат у майстры спорту ганцаўчанін Мікалай Рылка. Ён набраў 9 ачкоў з 10. У рашаючай партыі Мікалай перамог майстра спорту пінчаніна Уладзіміра Масейчука, які набраў 8 ачкоў і заняў другое месца. На трэцім месцы апынуўся кандыдат у майстры спорту Іван Грыцэня (Пінскі раён). У турніры таксама прымаў удзел ганцаўчанін Александр Цялушка. Але ў прызёры злёту ён не трапіў.

Усе прызёры былі ўзнагароджаны граматамі і медалямі. Пераможца таксама атрымаў сто тысяч беларускіх рублёў. А за другое і трэцяе месца прызы падрыхтавала прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Брэсцкай вобласці.

Из рубрики