Мікалай Рылка выйграў навагодні турнір

Пераможцам навагодняга турніра, які завяршыўся 5 студзеня ў Ганцавічах, стаў кандытат у майстры спорту па шашках Мікалай Рылка.

У гарадскім Доме культуры ў шашачным турніры прынялі ўдзел дванаццаць аматараў гэтай інтэлектуальнай гульні. Яны змагаліся за перамогу па кругавой сістэме ў мікраматчах (мікраматч – гэта гульня, у якой кожны сапернік гуляе белымі, а потым чорнымі шашкамі). Кожнаму саперніку давалася 30 хвілін на партыю.

Па выніках спаборніцтваў лідарам першынства стаў ганцаўчанін Мікалай Рылка: з 24 партый ён выйграў 21 і ў трох паядынках атрымаў нічыю. Другое месца заняў Мікалай Агейка (г. Ганцавічы), які ад лідара адстаў на 9 ачкоў, трэцяе – спартсмен з Агарэвічаў Адам Волах. Усе прызёры атрымалі граматы і грашовыя прэміі па 100, 70 і 30 тысяч рублёў адпаведна.

25–26 студзеня ганцаўчанін Мікалай Рылка плануе прыняць удзел у прэстыжным турніры ў Мінску.

Из рубрики