Мікалай Рылка – канкурэнт гросмайстрам і майстрам спорту

Ганцаўчанін стаў прызёрам першых у гісторыі Беларусі гульняў сярод ветэранаў спорту па шашках, шахматах, дартсе, більярдзе і кулявой стральбе, якія прайшлі  27–29 чэрвеня ў г. Маладзечна.

Наш зямляк абараняў гонар Брэстчыны ў шашачным турніры, на які нечакана прыехаў чатырохразовы чэмпіён Савецкага Саюза, гросмайстар В. Габрыялян. Пасля распаду Саюза ён пераехаў на радзіму жонкі ў Мінскую вобласць, але ў чэмпіянатах Беларусі не выступаў. Восем удзельнікаў па кругавой сістэме па 10 хвілін для кожнага з супернікаў на партыю змагаліся за званне чэмпіёна рэспублікі сярод ветэранаў спорту. Як і чакалася, В. Габрыялян шэсць партый выйграў, а адну (з майстрам спорту М. Кароткіным з Віцебскай вобласці) завяршыў унічыю і стаў чакаць партыю М. Кароткіна з М. Рылкам (Брэсцкая вобл.). Нашаму земляку патрэбна была толькі перамога, якая выводзіла яго на другое месца, а нічыя і пройгрыш пакідалі яго на трэцім месцы.

У напружаным паядынку ў шашыста з Ганцавічаў рухнуў сцяжок у нічыйнай пазіцыі, і М. Рылку было залічана паражэнне. Па рашэнні судзейскай калегіі чэмпіёнамі першых рэспубліканскіх гульняў па шашках сярод ветэранаў спорту сталі двое шашыстаў – гросмайстар В. Габрыялян (Мінская вобласць) і М. Кароткін (Віцебская вобласць), а трэцім быў М. Рылка (Брэсцкая вобласць). Пераможцы і прызёр атрымалі граматы, памятныя медалі і грашовыя сумы. Наступныя гульні для ветэранаў спорту адбудуцца ў 2015 годзе ў Брэсцкай вобласці.

Вялікая заслуга ў правядзенні першых рэспубліканскіх гульняў належыць Антаніне Кошаль – алімпійскай чэмпіёнцы 1972 года па гімнастыцы.

Из рубрики