Мікалай Рылка – пераможца міжнароднага турніру сярод ветэранаў

26–28 чэрвеня ў г. Брэсце адбылася міжнародная спартакіяда сярод ветэранаў спорту, прысвечаная 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя беларусаў, у спартакіядзе прыняла ўдзел і каманда Маскоўскай вобласці. Ветэраны змагаліся ў шасці відах спорту: па шашках, шахматах, тэнісе, більярдзе, летнім мнагабор’і “Здароўе” і дартсе.

Кандыдат у майстры спорту Мікалай Рылка – пераможца міжнароднага турніру сярод ветэранаў.
Кандыдат у майстры спорту Мікалай Рылка – пераможца міжнароднага турніру сярод ветэранаў.

У першы дзень спаборніцтваў адбыўся турнір па шашках і шахматах, у якім прынялі ўдзел 9 спартсменаў. З першага да апошняга тура лідзіраваў майстар спорту Уладзімір Хлебнікаў (Гомельская вобласць), але ў апошнім, восьмым туры ён нечакана прайграў і з 12 ачкамі заняў трэцяе месца.

А яго супернікі кандыдат у майстры спорту Мікалай Рылка (Брэсцкая вобласць) і майстар спорту Міхаіл Кароткін (Віцебская вобласць) выйгралі свае апошнія партыі і набралі па 13 ачкоў. Каэфіцыент аказаўся лепшым у шашыста з Ганцавіч, і Мікалай Рылка стаў пераможцам міжнароднага турніру сярод ветэранаў. Ганцаўчанін адзіны прайшоў турнір без паражэння. Ён выйграў пяць партый, а ў трох сыграў унічыю.

У суботу вечарам у Палацы спорту водных гульняў у кафэ “Версаль” на таварыскай вячэры праходзіла і ўзнагароджанне. Пераможцы і прызёры атрымалі граматы, медалі і грашовыя прэміі.

Акрамя ганцаўчаніна, першыя месцы вобласці прынеслі майстар спорту па шахматах Валянціна Анохіна (Брэст) і па летнім мнагабор’і “Здароўе” майстар спорту Галіна Рабава (Брэст). Другім па дартсе стаў былы старшыня спарткамітэта Брэсцкай вобласці Мікалай Хевук (Брэст). Па мнагабор’і трэцім быў Валерый Тураў (Брэст), а Галіна Лабекіна (Брэст) сумела заняць два трэція месцы па шашках і дартсе.

Наступныя гульні сярод ветэранаў адбудуцца ў горадзе Віцебску ў 2016 годзе.

Из рубрики