Сацыёлог А. Вардамацкі: «Беларусь – гатовая еўрапейская краіна»

Ці ведаюць што-небудзь беларусы пра ініцыятыву Бруселя «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю»? Якаснае дыстанцыйнае сацыялагічнае даследаванне на гэтую тэму правяла «Беларуская аналітычная майстэрня Андрэя Вардамацкага». У даследаванні ўдзельнічалі чатыры сацыяльныя групы: студэнты, пенсіянеры, бюджэтнікі, работнікі дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. На пытанні БелаПАН адказвае дырэктар майстэрні Андрэй Вардамацкі.

– Андрэй Пятровіч, што больш за ўсё вас ўразіла паводле вынікаў даследавання?

– Уразіла тое, што ніхто не ведаў пра гэтую ініцыятыву Еўрасаюза наогул! Давялося выкарыстаць праектыўную методыку. Гэта значыць, прапаноўваўся нейкі тэкст, з якога людзі даведваліся пра мадэрнізацыйны пакет.

Рэспандэнты разумеюць, што такое ўзаемадзеянне з Еўропай – рэч станоўчая. Але ў масавую свядомасць пранікаюць штампы прапаганды. Некаторыя ўспрымаюць ініцыятыву «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі» насцярожана і нават з абурэннем.

– Улады не хочуць, каб народ наогул ведаў пра гэтую ініцыятыву ЕС. А паколькі асноўныя СМІ ў руках уладаў, ці вялікія шансы Еўропы дастукацца са сваім новым праектам да беларускага грамадства?

– Ці змогуць дастукацца – гэта залежыць ад таго, наколькі вынаходлівыя будуць еўрапейскія структуры ў выкарыстанні самых разнастайных медыя пры давядзенні ідэй дыялогу да звычайных грамадзян. Тэлебачанне і радыё ўжо не з’яўляюцца асноўнымі СМІ. Гэта парадаксальна, але найважнейшы СМІ сёння – з вуснаў у вусны. Калі 15% грамадства штосьці дзесьці даведваюцца, астатнія – ад гэтых 15%. Гэта закон непазбежнага распаўзання інфармацыі.

– Гэта можна сказаць ужо і пра Беларусь? 

– Так, і асабліва ў прымяненні да той мэтавай аўдыторыі, на якую і разлічаны ў першую чаргу ідэі «Еўрапейскага дыялогу». Для яе тэлебачанне ўжо дакладна не з’яўляецца асноўным СМІ.

– А як вы бачыце, дарэчы, гэтую аўдыторыю? Больш маладыя, прасунутыя?

– Не толькі больш маладыя. Размова ідзе пра публіку, прасунутую ў эканамічным, адукацыйным плане. Гэта людзі, актыўныя наогул – эканамічна, творча. Тыя, хто мае дачыненне да новых тэхналогій.

– Дык іх і агітаваць асабліва не трэба. Іншае пытанне: а што яны могуць, калі ўлада гэты дыялог з парогу адмяла?

– Так, людзі не вераць, што гэтай ініцыятыве наканавана ўвасобіцца ў жыццё. Пры ўсім высакародстве мэтаў ёй наканавана застацца на паперы, таму што ўлады не зацікаўлены ў пераменах.

– Атрымліваецца, уся праблема – у палітычным рэжыме? Ён блакуе сёння не толькі ініцыятыву ЕС, але саму мадэрнізацыю краіны, хаця пытанне даўно пераспела. Так што, пры гэтай уладзе ніякага руху не будзе – ці пачуццё самазахавання падштурхне да рэформ?

– Пачуццё самазахавання падказвае вярхам, што рэформы лепш не пачынаць.

– Па некаторых сацыялагічных звестках больш за тры чвэрці беларусаў – за перамены. Што паказала ваша зандаванне?

– Я б асцярожна ставіўся да гэтых лічбаў. Калі пра перамены гавораць не эксперты, а звычайныя рэспандэнты, то яны зусім не абавязкова маюць на ўвазе перамены палітычныя. Размова часта ідзе проста пра перамены, напрыклад, ва ўзроўні ўласнай заработнай платы.

– Якая дынаміка геапалітычных пераваг беларусаў і як яна можа ўплываць на стаўленне да «Еўрапейскага дыялогу»?

– У сакавіку–маі ішоў уздым праеўрапейскіх настрояў. І адначасова назіралася аслабленне прарасійскіх. Цяпер пайшоў зваротны працэс. І гэта звязана найперш з працоўнай міграцыяй.  Чалавек вечарам садзіцца ў цягнік, а раніцай ужо зарабляе грошы ў Расіі. Без візавага бар’ера і без моўнага, без розных фармальнасцяў. 

– Вы лічыце, што Еўрасаюзу варта б было пайсці на асіметрычныя крокі, ужо сёння шырэй адчыніць фортку для беларусаў?

– Менавіта так. Бо цяжкасці з трапляннем у Еўропу на вачах мяняюць геапалітычныя арыентацыі беларусаў. Прычым пераарыентацыя на Расію мае вымушаны характар: чалавек і рады б паехаць зарабляць у Еўропу, ды бар’еры не пускаюць. І размова тут не пра кошт візы, а пра працэдурна-бюракратычныя цяжкасці.

– А вось наколькі самі беларусы гатовыя да Еўропы?

– Беларусы маглі б канкураваць на еўрапейскім рынку працоўнай сілы. Яны маюць цягу да парадку. З пункту гледжання інфраструктуры Беларусь – амаль гатовая еўрапейская краіна. Мы прывыклі да добрай сувязі, някепскіх дарог, еўрапейскіх адлегласцяў у 200–300 км унутры краіны. Беларусы мысляць еўрапейскімі геаграфічнымі маштабамі, а не як прадстаўнікі краіны з велізарнай тэрыторыяй, дзе ў госці да сваякоў ляцяць праз пяць гадзінных паясоў.

Из рубрики