
Не сакрэт, што многія ганцаўчане вымушаны ездзіць на заработкі ў Расію. І тыя, грошы, якія яны прывозяць, падтрымліваюць на плыву шматлікія гандлёвыя прадпрыемствы раёна.
На жаль, няма афіцыйнай і нават неафіцыйнай статыстыкі пра тое, колькі ганцаўчан ездзіць у Расію. Але прыблізныя падлікі, зыходзячы з таго, што калі не сам, то ў кожнага ёсць сваяк ці сусед, які працуе на будоўлях Падмаскоўя ці Пецярбурга, дык тысяча чалавек набярэцца, хоць некаторыя ганцаўчане называюць лічбу ў два-тры разы большую. Нават калі з раёна працавала тысяча чалавек, а зарабляў кожны з іх у сярэднім у месяц па 1000 долараў ЗША, то за 10 месяцаў яны маглі прывезці 10 мільёнаў долараў. Тысячу долараў для будаўнікоў-гастарбайтараў год таму, калі курс у сакавіку мінулага года быў 30 расійскіх рублёў за 1 долар, мог зарабіць нават некваліфікаваны рабочы, падсобнік. Прафесійныя каменшчыкі, цесляры, сталяры, сантэхнікі зараблялі па 2–2,5 тысячы “зялёных”.
Але будзем зыходзіць з умоўных 10 мільёнаў долараў, большая частка з якіх расходавалася ў Ганцавічах. Канешне, не ўсе грошы траціліся ў Ганцавічах, але ўсё ж значная іх частка, бо мужчыны-гастарбайтары забяспечвалі ўсім неабходным свае сем’і, і іх жонкі нават не думалі пра нейкую там работу, няблага жылі, дазваляючы сабе прывабна апранацца і добра харчавацца. Гэта толькі зараз і самі афіцыйна непрацуючыя, і іх жонкі задумаліся, што рабіць, каб не прылічылі да «тунеядцев».
Дык вось, нават калі 6 млн долараў гастарбайтары і іх сем’і трацілі на пакупку тавараў і паслугі ў раёне, то гэта давала магчымасць працаваць гандлёвым прадпрыемствам, даваць людзям працу і зарплату, укладваць грошы ў развіццё. Усе вы бачылі, што ў Ганцавічах як на дражжах вырасталі новыя магазіны: райпоўскія, прыватныя, адкрыўся цэлы гандлёвы цэнтр – і іпэшнікі на рынку не гаравалі. Толькі мэблевых магазінаў у Ганцавічах не менш за пяць, аўтамагазінаў шэсць ці сем. Але, на вялікі жаль, залатая жыла з Расіі ўжо не будзе прыносіць такіх даходаў беларусам, як у мінулыя гады.
І калі эксперты, у тым ліку і расійскія, не памыляюцца, што ў Расіі будзе сур’ёзны эканамічны спад, то чакаюць ганцаўчан нялёгкія часы. І прагнозы гэтыя прадказальныя, у адрозненне ад крызісаў 2005 і 2008 гадоў. Падзенне кошту на нафту – гэта адзін з асноўных паказчыкаў, што ў Расіі паляпшэння эканамічнага росту не будзе. Расія па-ранейшаму сядзіць на нафтавай іголцы. Сфарміраваны бюджэт РФ пры кошце на нафту ў 80 долараў за барэль ужо правальны. Ці падымецца яна вышэй за 70 долараў, эксперты лічаць малаверагодным. Нафта зараз каштуе каля 60 долараў за барэль. Да таго ж знешнепалітычныя адносіны з Расіяй ў свеце каардынальна змяніліся. Як бы ні казырыліся расійскія палітыкі, санкцыі дабра не прынеслі. І Пуцін ужо не так насмешліва адносіцца да санкцый. Без замежных крэдытаў нават такая магутная краіна ўжо мае цяжкасці. Вайна ва Украіне вымагае таксама вялікіх выдаткаў, якія трацяцца на забяспячэнне і фінансаванне так званых апалчэнцаў. Да таго ж з’явіўся Крым, куды прыйдзецца нямала ўкладвацца. А з-за гэтай сітуацыі Расія не атрымае інвестыцый, а значыць, рост эканомікі мінімум запаволіцца, а хутчэй за ўсё, будзе адмоўным.
Акалічнасці вялікай палітыкі і эканомікі суседняй Расіі, на жаль, адаб’юцца на кожным з жыхароў Ганцаўшчыны. Ланцужок негатыўных наступстваў прадказальны. Ганцавіцкія гастарбайтары кажуць, што кошты ў расійскіх рублях на будаўнічыя работы засталіся тыя самыя, а курс рубля, самі ведаеце, абваліўся да 62 расійскіх рублёў за долар. А ў сакавіку мінулага года аднаго “амерыканца” можна было абмяняць на 30 рублёў. Мой знаёмы, якія нядаўна вярнуўся з Расіі, на расійскія грошы накупляў тавараў, якія пакуль што там былі таннейшымі. Сказаў, што грошы везці было нявыгадна.
І вось калі многія гастарбайтары не прывязуць грошы з Масквы ў Ганцавічы, што будзе з гандлёвымі прадпрыемствамі? Даходы ўпадуць, зарплаты знізяцца, некаторыя прыватныя прадпрыемствы і ІП зачыняцца, падаткаў плаціць стануць менш. Выжывуць мацнейшыя.
Значна ўзрасце канкурэнцыя, як у гандлёвай сферы, так і ў працоўнай. Гэта і добра, і дрэнна адначасова. Добра, бо ў гандлі павысіцца якасць пры меншай цане на тавары. А дрэнна, бо і так працаўладкавацца няма куды, а калі гастарбайтары не паедуць і пачнуць шукаць працу патэнцыйныя тунеядцы, то працаўладкаванне можа стаць платным. Простай мовай, з карупцыяй, якой улады аб’явілі вайну, будзе змагацца яшчэ цяжэй, бо на работу зноў могуць браць за хабар. А магчымасць, што частка гастарбайтараў можа вярнуцца дахаты, рэальная. Асабліва тыя, хто мае 40–45 гадоў, але не мае працоўнага стажу. І не толькі таму, што яго прылічаць да тунеядцаў, а таму, што з’явіўся ўказ № 570 «Пра ўдасканаленне пенсійнага забеспячэння». Мінімальны стаж для прызначэння пенсіі ўжо павінен быць не менш 15-ці гадоў.
Хутка пацяплее, і тым, хто працаваў за межамі краіны ў мінулыя гады, прыйдзецца выбіраць паміж дрэнным і вельмі дрэнным варыянтамі. Беларускі рубель будзе зніжацца, расійскі, хутчэй за ўсё, таксама. І тут важна сачыць, чыя валюта будзе абвальвацца павольней. Калі беларускі рубель акажацца больш устойлівым, то варта працаваць у Беларусі, а калі не, то працоўныя зноў пацягнуцца ў Расію. У любым выпадку ў бліжэйшы час гастарбайтары будуць змушаны працаваць за значна меншыя грошы, чым раней.
А Ганцавіцкі раён чакае зніжэнне даходаў насельніцтва і прадпрыемстваў. Толькі куды ўжо зніжацца…
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More