
Светлана Малышко
На Ганцаўшчыне вёска Боркі даволі вядомая з-за балот вакол яе, якія здаўна лічацца журавінавым краем. Яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму барчакі славіліся як заможныя людзі, якія свой капітал зарабляюць на балоце.
Цяпер жа тут жывуць у асноўным пажылыя людзі, якія не тое што ў балота, але і да крамы ці да ФАПа дабіраюцца з цяжкасцю.
Самаму малодшаму барчаку Аляксею Рабцэвічу 21 год, а самай старэйшай сяльчанцы Марыі Якаўлеўне Віннік ужо 93 гады (дарэчы, гэтая жанчына самая старэйшая ў Любашаўскім сельскім Савеце, да якога адносіцца вёска Боркі. – Заўв. аўтара).
Аляксей нарадзіўся 17 лістапада 1995 года. Так здарылася, што калі надышоў час хлапчуку ісці ў школу, у Борках яе зачынілі, і на вучобу ў гарадскую СШ №2 боркаўскіх дзяцей вазілі на аўтобусе.
Пасля заканчэння 11 класаў хлопец паступіў вучыцца ў Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж на тэхніка-электрыка і скончыў яго мінулым летам. Але працы сабе хлопец не знайшоў.
Ён вучыўся на платным аддзяленні, і пасля вучобы яму прапанавалі працаваць у Глыбокім, але ён не згадзіўся.
«Мне прапанавалі толькі працу, ні жылля, ні пад`ёмных я б не атрымаў. А як уладкоўвацца на новым месцы без грошай, ды яшчэ ўдалечыні ад бацькоў? Таму я вярнуўся дадому і стаў шукаць працу тут. Разлічваў, што мне пашанцуе», – расказаў Аляксей.
У Ганцавічах маладому спецыялісту таксама месца не знайшлося, хоць ён абышоў шэраг прадпрыемстваў – нікому малады спецыяліст без вопыту не быў патрэбен. У армію яго таксама не забралі з-за стану здароўя. Аляксей – адзіны малады хлопец у вёсцы. Яго равеснікі-сябры параз`язджаліся хто на вучобу, хто на працу. Дзяўчат у вёсцы таксама няма. Аднак Аляксей настроены аптымістычна.
«Калі прыйдзе час, жонка сама знойдзецца, дзяўчат у горадзе шмат. Пакуль жа мне рана яшчэ задумвацца пра асабістую сям`ю, час ёсць. Спачатку трэба знайсці працу, стаць на ногі», – усміхнуўся хлопец.
«Нічога, я ўжо звыкся. Гэта на самой справе не так і страшна, бо я ж не на бязлюдным востраве жыву. Тут матуля з бацькам, суседзі, ёсць з кім пагаварыць, – сказаў Аляксей. – Ды й да шумных кампаній ці дыскатэк у кафэ я не імкнуся, няма мне чаго там рабіць. Ужо лепей кнігу пачытаць, гэта сапраўды цікава».
Праўда, бібліобус, які наведвае вёску пару разоў на тыдзень, хлопца не радуе: ён кажа, што там няма кніг, якія яму даспадобы.
«Журналы, дэтэктывы, жаночыя раманы – мне гэта нецікава. Вось фантастыка – другая справа , таму шукаю кнігі ў інтэрнэце», – патлумачыў малады вясковец. З сябрамі ён падтрымлівае зносіны таксама ў інтэрнэце і кажа, што ніводзін з іх не хоча вяртацца ў вёску.
«У вёсцы няма перспектывы. Усё пазачынялася – школа, клуб, на працу трэба ў горад ездзіць. Дык навошта ж тады жыць тут? Я таксама хутка паеду адсюль. Думаю, што нашай вёскі праз некалькі дзесяцігоддзяў зусім не стане, бо моладзі тут няма, старых і тых ужо няшмат, – сказаў Аляксей. – Шкада, калі так адбудзецца. Вось каб даць Боркам другое дыханне ды адчыніць тут якое прадпрыемства, мо і моладзь прыехала б працаваць і жыць у вёсцы… Але гэта малаверагодна, бо нават школа, якую здалі ў арэнду прадпрымальніку, так і не «запрацавала».
Марыя Якаўлеўна ўсё сваё доўгае жыццё правяла тут, у роднай вёсцы. Нарадзілася яна 26 студзеня 1924 года ў простай вясковай сям`і. Дзяўчынка рана асірацела – у сем гадоў яе разам з братам забралі да сябе і выхоўвалі бабуля з дзядулем. У школе яна адвучылася толькі тры гады.
«Гаспадарка ў нас была вялікая, жывёлы шмат, яе трэба было выпасваць, даглядаць. Бульбы цэлы гектар садзілі, у лес па чарніцы і журавіны хадзілі. Не да вучобы было. А там хутка і вайна пачалася…», – успамінала гады дзяцінства жанчына.
Пасля вайны яны з братам, ужо дарослыя, пайшлі жыць у сваю хату. Родныя далі ім капітал: карову, каня, свіней, авечак, курэй. І на сваёй гасападарцы Марыі прыходзілася шмат працаваць. А яшчэ яна шчыравала і ў калгасе: працавала паляводам і кароў даіла.
«Мы больш за працадні рабілі, зараблялі мала. Каб сабраць грошай, у балоце душыліся ды свінчо гадавалі», – расказвала яна.
Хутка брат ажаніўся. Марыі ж не пашанцавала выйсці замуж, таму доўгі час яна жыла разам з сям`ёй брата. У сваю хату яна перайшла толькі пасля таго, калі нарадзіла сына па-за шлюбам: «Для сябе, бо гады праходзілі, і мне хацелася, каб у мяне было сваё дзіцятка, роднае…»
Сынок Аляксандр быў гонарам і радасцю для матулі. Рос ён разумным і ў школу пайшоў на год раней за сваіх аднагодкаў, бо з маленства цягнуўся да ведаў, хадзіў да дырэктара школы, каб навучыцца чытаць. У шэсць гадоў Саша стаў прасіцца ў школу, і дырэктар яму дазволіў. Школу Аляксандр закончыў выдатна і без цяжкасцей паступіў ва ўніверсітэт у Мінску, дзе адвучыўся тры курсы. Пасля з ім здарылася бяда – яго пабілі так, што пачаліся праблемы са здароўем.
«З-за сваіх ведаў пацярпеў мой сынок. З ім усялякія вучыліся – хто добра, хто не вельмі. Аднойчы не даў некаму спісаць, яго і пабілі жорстка, галаву адбілі. Шмат гадоў пакутаваў Сашка ад сваёй хваробы, ні вучыцца, ні працаваць не змог…» – расказала матуля.
Дваццаць сем гадоў сын Марыі Якаўлеўны хварэў, а потым памёр.
«У маі споўніцца дваццаць два гады, як няма майго сыночка, – з сумам прамовіла бабуля. –
Бабуля і сапраўды засталася зусім адна. Блізкіх родных у вёсцы ў яе не засталося: брат памёр даўно, пляменнік – гадоў пяць таму. Суседзяў і тых амаль няма, яны з цягам часу «перасяляюцца» на могілкі.
Цяпер бабулю даглядае сацыяльная работніца, якая і ежу прыгатуе, і прыбярэ, дроў і вады наносіць, лекі купіць. «Я ў краму гадоў пяць ужо не хаджу – цяжка, ды і не бачу амаль нічога», – сказала бабуля.
З-за сваіх хвароб і адзіноты Марыя Якаўлеўна пачала задумвацца, каб перасяліцца жыць у бальніцу на сацыяльны ложак. Але сацыяльная работніца, якая яе даглядае, адгаворвае яе.
«Кажа: «Калі хочаш, жыві ў мяне, месца хопіць». У яе свая сям`я, дзеці і ўнукі. Я чужая там, нашто ёй такі клопат?» – сказала жанчына.
Прыснілася ёй суседка, з якой сябравала і якая памерла некалькі гадоў таму.
«Прыснілася яна мне і кажа: «Цётка Маня, не ідзі ты туды, там кепска табе будзе жыць, там ёсць і ляжачыя, і паветра дрэннае, дажывай век у сваёй хаце». Вось я і думаю, што, можа, нядоўга мне засталося жыць? Прашу Бога, каб душу маю прыбраў, каб не ісці нікуды з роднага куточка. Бо вельмі цяжка на гэтым свеце адной. Не ведаю, за што мне Бог даў столькі гадоў жыцця, ды долі не адмераў…» – сказала яна.
Сукач — вёска, дзе пусцеюць хаты і не трымаюць кароў.
У вёсцы Ельня жывуць па-гарадскому, а працуюць – як вяскоўцы.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More