
Александр Новицкий
Да прыезду Таццяны Караткевіч у Ганцавіцкім раёне подпісы збіралі толькі за кандыдатуру дзеючага Прэзідэнта. Увогуле перадвыбарная кампанія праходзіць вельмі вяла.
У суботу каля ўвахода на рынак Таццяна Караткевіч са сваёй ініцыятыўнай групай, са стэндам і бел-чырвона-белым сцягам размясцілася побач з пікетам членаў ініцыятыўнай групы, якая пад спякотным сонцам сядзела з раніцы і збірала подпісы за Лукашэнку.
У Баранавічах некалькімі гадзінамі раней ініцыятыўная група Т. Караткевіч сабрала больш за сотню подпісаў. Па словах Таццяны Мікалаеўны, у Ганцавічах жывуць людзі актыўныя: лёгка ідуць на кантакт, з ахвотай расказваюць, як ім жывецца, некаторыя скардзяцца.
Да прэтэндэндэнта-жанчыны ганцаўчане адносіліся па-рознаму: адны ахвотна падпісваліся і з падзякай ціснулі руку Таццяны Караткевіч, другія занялі пазіцыю назіральнікаў, трэція – махалі рукамі і крычалі, што каб вылучать сябе ў прэзідэнты, трэба спачатку нешта зрабіць.
Сябра ініцыятыўнай групы прапанаваў падпісацца за Караткевіч і намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірыне Бужан. Ірына Дзям`янаўна адмовіла ў подпісе.
Пасля гутаркі Таццяны Караткевіч з ганцаўчанамі, карэспандэнт “ГЧ” задала ёй некалькі пытанняў.
– Як адрэагавалі на ваш прыезд прадстаўнікі мясцовай улады?
– Я ўжо звыклася з тым, што ёсць два тыпы рэакцыі мясцовых улад: яны або “фрэндлі”, або вартаўнікі сваёй прасторы, дзе яны адчуваюць сябе як рыба ў вадзе.
Вось супрацоўнік аддзела ідэалогіі (Ірына Бужан – прык. аўтара) рассказала мне, што ў Ганцавічах усё вельмі добра, усюды чысціня, проста рай.
Па яе словах, у вашым горадзе хапае працы, з медыцынай і адукацыяй таксама ўсё ў парадку.
Пачынаю гаварыць з людзьмі і аказваецца, што ўсё далёка не так, як мне расказазалі прадстаўнікі мясцовай улады. Аказваецца, людзі едуць на працу ў Мінск, у Расію. І бяда ў тым, што ў іншых гарадах людзей не чакаюць: ім самім няма дзе працаваць.
– Назавіце некалькі пунктаў плана вашай праграмы, якія вы збіраецеся ажыццявіць. І як вы гэта будзеце рабіць?
– Адзін з пунктаў маёй праграмы гаворыць, што мясцовую ўладу трэба выбіраць, каб яна падпарадкоўвалася інтарэсам людзей. Каб дарогі, дзіцячыя пляцоўкі, газаправоды, адукацыйныя ўстановы будаваліся, зыходзячы з заявак і патрабаванняў, а не па плану. Каб выбраная ўлада, калі дае абяцанкі, памятала пра тэрмін сваёй дзейнасці і была адкрытай для дыялогу. Людзі хочуць павагі да сябе і хочуць ведаць, што будзе заўтра.
Я за тое, каб людзі ведалі, што яны могуць на нешта ўплываць у дзяржаве. Цяпер людзі аб`ядноўваюцца, звяртаюцца да мясцовай улады і дасягаюць нейкіх кампрамісаў. Але нельга быць у такой пастаяннай барацьбе.
Трэба, каб улада была дзеля людзей, а не дзеля таго, каб яны дабіваліся ўсяго такімі намаганнямі: стаялі ў калідорах улады і нешта прасілі.
Указамі прэзідэнта нічога не зробіш. Бо крызіс нарастае, паўсюдна скарачэнні… Трэба стварыць умовы, каб можна было падтрымаць прыватную ініцыятыву, каб людзі маглі самі знайсці сабе працу. А ўказы, загады павінны кануць у мінулае.
– Чаму людзі павінны прагаласаваць менавіта за вас?
– Таму што я выступаю за мірныя перамены, каб яны адбыліся адпаведна нашых законаў. Я – за тое, каб у рэгіёнах распачалася новая эра жыцця, якая будзе звязана з выбарнасцю мясцовай улады, каб у нас было больш эканамічных магчымасцей, каб мы маглі зарабляць столькі, колькі пажадаем.
Я за тое, каб дзяржава гарантавала, што мы будзем атрымліваць якасную адукацыю і медыцынскія паслугі. У галіне медыцыны і адукацыі патрэбны рэформы, на што патрэбна больш выдаткаў, чым выдзяляе дзяржава.
Так, трэба трымаць нашых маладых спецыялістаў, бо дзяржава выдаткоўвала на іх адукацыю грошы. А яны пасля выбіраюць працу не па спецыяльнасці, а, напрыклад, у “Макдональдсе”. А тыя, хто ідзе па размеркаванні, усе роўна потым збягаюць. Таму патрэбны рэформы.
Рэформы патрэбны і таму, што на педфак, напрыклад, набіраюць людзей без конкурсу. Я за тое, каб на нашай тэрыторыі не было ніякіх ваенных аб`ектаў і базаў. Гэта замацуе мірны статус краіны і дазволіць развіваць эканамічныя, адукацыйныя, культурныя стасункі.
– Ці можаце вы назваць нешта значнае ў жыцці, што ўжо зроблена вамі, каб упэўніць людзей, што вы ў сілах кіраваць і дзяржавай?
– Я шмат дзе дапамагала і прымала ўдзел, але я – асоба сціплая. Паспяхова працавала ў сферы адукацыі, 12 гадоў: рыхтавала спецыялістаў-псіхолагаў, спецыялістаў па сацыяльнай працы. Шмат хто з іх працуе па спецыяльнасці і актыўна выкарыстоўвае тыя веды, якія я дала.
Шмат чаго зрабіла па сацыяльнай абароне на сваім працоўным месцы. Я была першай, хто адкрыў камп`ютарныя курсы для пажылых людзей.
Заснавала ўніверсітэты для людзей так званага трэцяга ўзросту. У гэтую галіну атрымалася прыцягнуць інвестыцыі за кошт сумесных праектаў, з міжнароднай падтрымкай. Гэта, я лічу, вельмі важна для чалавека, які працуе ў дзяржаўнай сферы, які не кіраўнік, а проста займае актыўную пазіцыю.
Потым, калі я зразумела, што такія актыўныя людзі не патрэбны дзяржаўнай сферы, я перайшла ў палітыку. У кампаніі “Гавары праўду” мы былі накіраваны на тое, каб аб`яднаць мясцовыя супольнасці ў розных гарадах краіны.
У Мінску, напрыклад, адваявалі прастору гараджан, калі ўлады збіраліся ўшчыльняць цэнтр горада, паўплывалі на праект будаўніцтва кітайска-беларускага тэхнапарку.
– Як вы расцэньваеце свае шанцы? Хто ваш асноўны канкурэнт?
– Гэта складанае пытанне. Асноўны канкурэнт – А. Лукашэнка. А ў мяне шанцы такія: або выбяруць – або не. Думаю, што патрэбную колькасць галасоў мы збяром і я буду зарэгістравана. На сёння сабрана ўжо больш за 70 тысяч подпісаў.
Мы жывём па-рознаму: дзяржава кажа адно, апаненты кажуць другое.
І цяпер становіцца больш тых, хто будзе гаварыць, што ў нас усё добра. Людзі не маюць магчымасці гаварыць праўду. Таму мы прыйшлі да таго, што трэба аб`ядноўвацца.
Я хачу, каб мяне зарэгістравалі і потым каб гучала не Таццяна Караткевіч, а людзі. Каб гучалі прапановы аб тым, што трэба зрабіць, каб краіна пайшла па шляху мірных перамен.
Мы ў сваёй кааліцыі вызначыліся, што, магчыма, гэта будзе марафон, і мы будзем на ім настойваць. Трэба, каб улада мянялася, выбіралася – гэта галоўнае. Не важна, хто будзе кіраўніком дзяржавы, бо прэзідэнты мяняюцца, таму гэта павінна адысці на іншы план.
– Ці верыце вы ў сумленныя выбары?
– Інстытут выбараў, канешне, падарваны. Выбары не прыводзяць да таго, што ўлада мяняецца – яна прызначаецца. Склалася так, што частка людзей лічыць, быццам у нас сумленныя і празрыстыя выбары, другая – што гэта не так.
Тут можна дыскуціраваць. Я ж лічу, што выбары павінны быць тым механізмам, які дазваляе грамадзянам уплываць на палітыку, якая ажыццяўляецца. Сёння людзі больш задумваюцца над тым, за каго аддаць голас. А недзе там, у глыбіні душы, яны разумеюць, што 11 кастрычніка яны не галасуюць.
Усё, што мы робім, – гэта для таго, каб актывізаваць насельніцтва, каб больш людзей удзельнічала ў выбарах. Хочам стварыць альтэрнатыву і паказаць, што на самай справе выбар ёсць. Калі людзі будуць займаць пазіцыю “не ўдзельнічаць”, мы не зрушымся з мёртвай кропкі.
Трэба гаварыць: “Я супраць усіх, я за Караткевіч або за іншага кандыдата”. Бо гэты голас – інвестыцыя ў нашу будучыню. Бо прыйдзе час і дзеці нас запытаюць, чаму мы так “тармазнулі”? Што мы адкажам, калі не хадзілі нават на выбары?
Грамадзяне Беларусі з’яўляюцца другой па колькасці групай замежнікаў, якія маюць сапраўдныя дазволы на знаходжанне ў…
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
This website uses cookies.
Read More