
Cветлана Малышко
У вёсцы выгаднае геаграфічнае становішча, яна як бы «прыляпілася» да горада. Вось праходзіш апошні дом па гарадской вуліцы імя Праскурава, а праз якую сотню метраў ужо мінаеш знак з назвай вёскі Ельня і ступаеш на галоўную яе вуліцу – Калгасную.
Тое, што гэтая вёска не падобная да большасці ў нашым раёне, адразу кідаецца ў вочы. Шмат двухпавярховых будынкаў, машын, добраўпарадкаваныя падвор`і – так выглядае вясковы «мікрараён» (менавіта так называюць карэнныя жыхары тую частку вёскі, дзе моладзь атрымала надзелы і пабудавала свае дамы).
На галоўнай вуліцы вёскі жывуць у асноўным карэнныя жыхары, але і тут шмат прыгожых домоўладанняў. Прычым састарэлых хат амаль няма! Нават калі ў якой з іх даўно ўжо ніхто не жыве, яна ўсё роўна мае прыстойны выгляд.
Прыгажосць тут неверагодная, цішыня, якой так нестае іншы раз у горадзе, у паветры вітае водар расцвіўшых садоў і кветак. Дарогі на вясковых вуліцах такія, якім пазайздросцілі б многія жыхары з гарадскіх вуліц.
Пра гэтую вёску так і хочацца сказаць : «Я хачу тут жыць!»
Наталля Мышкавец з сям`ёй – мужам Дмітрыем і сынам Ілюшам пераехалі жыць у Ельню зусім нядаўна – гэтай зімой. Раней маладая сям`я здымала кватэру ў горадзе.
«Насамрэч мы не планавалі жыць тут, рашэнне пераехаць узнікла спантанна. Мы шукалі таннае жыллё, а ў горадзе на той час нічога прыдатнага для нас не было. І тут нам прапанавалі купіць гэты дом. Узялі крэдыт, купілі, і вось мы ў вёсцы! І ніколькі аб гэтым не шкадуем, бо тут – здорава!» – сказала Наталля.
Яна пералічыла перавагі вясковага жыцця: «Свая хата – гэта свая хата, і з ніякай кватэрай яе не параўнаць. Тут мы гаспадары, можна рабіць што хочаш, ніхто не пакрыўдзіцца, не будзе незадаволеных суседзяў. І для сына тут раздолле: хочацца бегаць – няхай! Нам цяпер не трэба пільнавацца машын… І гародніну ці садавіну сынок можа есці адразу з градкі ці з куста. Да таго ж, мы дыхаем чыстым паветрам, і лес паблізу… Ці ж гэта не добра?»
Такое жыццё для Наталлі і Дзмітрыя не ў навіну, бо яны абодва нарадзіліся і выраслі ў вёсцы: ён у Начы, яна – тут, у Ельні. Таму маладая мама радуецца, што яе сынок Ілья, якому толькі 1 год і 10 месяцаў, жыве паблізу ад бабулі.
«Можна хоць кожны дзень у госці хадзіць», – усміхнулася яна. Тым болей што Наталля часта бавіць час адна з сынам, бо муж працуе ў Мінску і дома бывае толькі па выхадных.
Па гарадскім жыцці Наталля не сумуе, бо вось ён, горад, рукой падаць: да цэнтра Ганцавіч можна дайсці прыкладна за паўгадзіны ці нават менш. А калі ёсць веласіпед ці аўтамабіль, дык гэта наогул не праблема. Цывілізацыі, якую так шукаюць многія, уцякаючы з іншых вёсак у горад, у Ельні таксама хапае: амаль у кожны дом праведзены прыродны газ і водаправод.
І пры гэтым у кожнага вяскоўца тут – вялікі надзел. Ля дома Мышкаўцоў – 30 сотак. «Можна хоць у футбол гуляць, – пажартавала Наталля. – А калі сур`ёзна, дык мы тут сад пасадзім, агарод. І яшчэ пабудуем што захочам – на ўсё месца хопіць».
Планаў на будучае шмат. І Наталля верыць, што ўсе яны ажыццявяцца, бо бачыць перспектыву развіцця вёскі Ельня.
«Гаварылі, што горад будзе пашырацца, будуць будаваць кааператывы. Але і цяпер моладзі тут шмат, яны будуюцца, купляюць старыя хаты, – сказала яна. – На мой погляд, у Ельню едуць жыць таму, што добра тут. Лепшай за нашу вёску нідзе, бадай, няма!»
Пра тое, што жыццё ў гэтай вёсцы даволі прывабнае для моладзі, гавораць цэны на хаты: яны каштуюць прыкладна па 8–10 тысяч долараў. Прычым гэта не цагляныя новабудоўлі, а састарэлыя хаткі, у якія яшчэ трэба ўкласці шмат сродкаў, каб давесці іх да ладу.
Шыдлоўскія – самыя старыя жыхары вёскі Ельня. Аліне Адамаўне 87 гадоў, яе мужу Уладзіславу Антонавічу – 84 гады. Яны пражылі ў вёсцы Ельня каля 60 гадоў.
Яны не ўраджэнцы Ельні. Уладзіслаў родам з суседняй вёсцы Пасекі. Аліна нарадзілася ў вёсцы Лапацічы Ляхавіцкага раёна. Пазнаёміліся яны на вяселлі ў сяброў , некаторы час сустракаліся, а потым і самі справілі шлюб і пераехалі жыць у Ельню.
Спачатку маладыя жылі ў маленькай хацінцы. Там было нязручна, холадна зімой, бо дзверы адразу выходзілі на ганак і марознае паветра выстуджвала хату.
«Неяк захварэў наш старэйшы сынок, думалі, не выжыве. А ён нічога, акрыяў, ды яшчэ які хлопец вырас!» – з гонарам сказаў бацька пра свайго першынца – сына Генадзя.
Пасля гэтага выпадку яны прынялі рашэнне будаваць вялікую хату. Тым болей, што родныя Уладзіслава, якія былі цеслярамі, прапанавалі дапамогу.
«Ой, цяжка-цяжка было будавацца, каб не дапамога, не ведаю, як справіліся б! Усё ўручную прыходзілася рабіць. Але вочы баяцца, а рукі робяць! Затое хутка мы перасяліліся ў сваю хату«, – сказала Аліна Адамаўна.
Ужо ў новай хаце ў Шыдлоўскіх нарадзіліся сын Станіслаў і дачка Марына. Старыя кажуць, што за справамі і клопатамі не заўважылі, як праляцелі гады. Дзеці даўно выраслі, у іх сваі сем`і.
Генадзь жыве ў горадзе Глыбокае Віцебскага раёна, працуе электраманцёрам ў электрасетках. Другі сын – Станіслаў – выбраў кар`еру ваеннага, цяпер палкоўнік у адстаўцы, жыве ў Санкт-Пецярбургу, на пенсіі настаўнічае. А дачка Марына далёка ад бацькоў не паехала, жыве таксама ў Ельні, разам з мужам пабудавалі тут хату. Яна працуе цырульнікам у Ганцавічах.
У Шыдлоўскіх сем унукаў і адзін праўнук. Яны ўсе вельмі любяць бабулю з дзядулем і часта бываюць у іх у гасцях. Амаль кожны дзень да старых прыходзіць дачка з малодшым сынам.
«Ведаю, што хутка павінны прыйсці, і сяджу ўжо, чакаю. Бачу ў акно – ідуць! Выходжу і сустракаю. І так радасна становіцца – добрых мы дзяцей выгадавалі, клапатлівых!» – сказала бабуля.
Не сказаць, што старым дваім сумна, справы ў іх заўсёды знойдуцца. Вечарамі збіраюцца разам і глядзяць тэлеперадачы і навіны. Бабуля любіць чытаць рэлігійныя журналы, што дачка купляе ёй пры касцёле. Гаспадар таксама без справы не сядзіць: вяжа венікі, пляце кашы з ракіты. А раней, калі рукі дужыя былі, рабіў бочкі і цэбры.
«Любім мы, старыя, працаваць. У горадзе ні за што б не жылі, прапалі б. Аднойчы паехала да сына ў Ленінград, дык ледзьве дзень там перабыла: шумна, дыхаць няма чым, людзі бягом-бягом спяшаюцца на працу, на вучобу, па іншых справах. Мы ж так не прывыклі…» – сказала Аліна Адамаўна.
Калі старым хочацца пагаварыць, размаўляюць паміж сабой, бо іх равеснікаў у вёсцы засталося няшмат.
«Паміраюць карэнныя жыхары, – сказала Аліна Адамаўна. – Старых можна па пальцах пералічыць. А вось моладзь прыязджае, я некаторых нават і не ведаю. Як застаецца хата якая пустая, дык адразу ходзяць і пытаюць, ці не прадаюць яе. Не трухлеюць у нас хаты без гаспадароў. А што ж, вёска ў нас добрая, каля горада недалёка, зручна. Чаму б і не жыць? У нас усё пад бокам, жыві і радуйся».
А яе муж заўважыў: «Да нас у вёску ўцякаюць з горада тыя, хто любіць працаваць на зямлі. Хто з дзяцінства прывык працаваць, у нас не засумуе. Тут раздолле: хочаш – агарод садзі і корпайся ў ім, хочаш –ідзі па грыбы ці ягады ў лес, ён жа пабач, за агародамі. А мясціны ў нас грыбныя. Я калі дужы быў, кашамі дадому баравікі валачыў…»
Састарэлым жыхарам вёскі цяжка весці вялікую гаспадарку. Шыдлоўскія апошнія з усіх вяскоўцаў трымалі карову, збылі яе больш за дзесяць гадоў назад. Іх Раба была вельмі ручной, за гаспадаром хадзіла, як сабака.
«Мы гадоў тры адныя ў вёсцы карову трымалі. Я яе на ланцугу пасвіцца вадзіў. Памятаю, заб`ю калок, сяду і чытаю, а Раба ходзіць, пасецца. Як толькі пайду, бяжыць за мною, рвецца, не хоча адна заставацца«, – успамінаў гаспадар.
Шыдлоўскія кажуць, што сучасная вёска не такая, як раней. Маладыя не трымаюць кароў, тут амаль кожны мае машыну, а хаты стараюцца будаваць двухпавярховыя.
«Я не скажу, добра гэта ці дрэнна. Час іншы, і людзі іншыя. Маладыя жывуць не так, як мы, у іх іншыя інтарэсы, – сказаў Уладзіслаў Антонавіч. – Але я вельмі рады, што ім даспадобы нашая вёсачка, бо лепшай за яе няма нідзе! І калі моладзь будзе тут будавацца і жыць, то яна не згіне. А чаго болей жадаць?«
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More