
Фота с партала: imagesofall.com
Рэпрэсіі не абмінулі і жыхароў нашага раёна. Гэта адбылося на некалькі гадоў пазней пасля таго, як нашая мясцовасць была вызвалена першымі саветамі з-пад улады Польшчы – у 1939 годзе.
«Лічбы рэпрэсаваных уражваюць. На дзве вёскі – Вялікія і Малыя Круговічы – лік пацярпелых ад сталінізму сягае да паўсотні чалавек. І гэта толькі пайменна ўстаноўленыя асобы» (з архіваў Анатоля Трафімчыка). Колькі ж тых ахвяраў было ў цэлым па раёне, дасюль невядома, але, мяркуючы па лічбах толькі дзвюх вышэйузгаданых вёсак, колькасць ахвяр сталінізму была неймавернай!
Якаў Басін, гісторык, публіцыст: У 1937-м годзе Сталін і яго палітбюро афіцыйна дазволілі катаванні. І гэта было зафіксавана ў дакументах.
Ігар Кузняцоў, гісторык: У камеры да сцяны ставілі пяцьдзясят чалавек. Не давалі ні піць, ні есці, ні выходзіць спраўляць фізіялагічную патрэбу. Стаяў стол, чарнільніца і папера. Чалавек мог падысці і прызнацца ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Пасля гэтага яго адводзілі ў іншую камеру, давалі спаць ці нават паесці.
Ірына Раманава, гісторык: У камеры, якія былі разлічаны на сем чалавек, размяшчалі семдзясят чалавек. Выкарыстоўваліся канвеерныя допыты – гэта калі на працягу некалькіх сутак змяняліся толькі следчыя.
Рыгарас Падвайскас, супрацоўнік музея генацыда (Літва): Людзям выколвалі вочы, адрэзвалі языкі, вырэзвалі на грудзях сімвалы Літоўскай рэспублікі.
Ірына Раманава, гісторык: Нярэдка ініцыятыву праяўлялі супрацоўнікі органаў. Яны як уводзілі гэтыя пыткі ў сістэму, так і прыдумвалі нейкія новыя метады.
Ігар Кузняцоў, гісторык: Многія расправы насілі сэксуальную афарбоўку. Напрыклад, прымусілі ажыццяўляць у сваёй прысутнасці палавы акт асуджаную настаўніцу і асуджанага мужчыну, абяцаючы за гэта памілаваць. Адразу пасля заканчэння прадстаўлення небаракі былі задушаны. Гэтакая практыка выкарыстоўвалася не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэгіёнах.
Ірына Раманава, гісторык: Інсцэніравалі абразанне. Выкарыстоўваліся такія зверскія сярэднявечныя пыткі, як саджанне на кол. Тыя ж архіўныя дакументы сведчаць, што многія каты працавалі не за сумленне і не за страх, а атрымлівалі ад гэтага сапраўдную асалоду і задавальненне. Таталітарная дзяржава стварыла спрыяльныя ўмовы для садыстаў і катаў.
Ігар Кузняцоў, гісторык: Я хачу некаторых расчараваць. Машыны-душагубкі прыдумала не гестапа, а першым вынайшаў НКУС. Прычым тыя звесткі, якія мы маем, сведчаць, што гэта была прэрэгатыва мінскага аператыўнага аддзела НКУС. Але яны выкарысталі іншы спосаб. У адну з глухіх камер сутарэнняў наўпрост з машыны падводзілі шлангі.
Яны не выкарыстоўвалі класічныя душагубкі, якімі потым карысталіся немцы. У НКУС часам не забівалі чалавека адным выстралам. Ставілі па два-тры чалавекі ў патыліцу адзін аднаму, улічваючы высокую прабівальнасць калібра 7,62 (вінтовачны патрон). Яны ладзілі спаборніцтвы, хто больш заб`е.
Падставамі для арышту, а потым і высылкі ў аддаленыя рэгіёны СССР альбо для расстрэлу былі розныя: ад класавага паходжання (паны, землеўласнікі) або сацыяльнага (заможныя сяляне, гэтак званыя кулакі) да самых абсурдных, як, да прыкладу, «кепікі ў адрас савецкай улады ці анекдот на гэту тэму» (А. Трафімчык).
Што ж давялося перажыць тым, хто трапіў у лапы НКУС, страшна нават уявіць. Абыходжанне з арыштаванымі было, мякка кажучы, бесчалавечным. І каб мяне не абвінавацілі ў фальсіфікацыі гісторыі, прыклады катаванняў агучаць самі гісторыкі (цытаты ўзяты з дакументальнага фільма «НКВД – Гестапа. Браты па крыві» рэжысёра У. Самойлава).
Па маіх падліках, у Нямеччыне было рэпрасавана не больш аднаго працэнта насельніцтва. У Савецкім Саюзе, у залежнасці ад рэгіёна, гэта лічба не менш 10–15%. А па некаторых гарадах і абласцях да 25–30%. У Беларусі толькі ва ўнутранай турме НКУС было за адну ноч расстраляна больш за сто выбітных прадстаўнікоў. А ў іншыя ночы стралялі і па 200–300 чалавек.
За дзве ці тры ночы функцыянавання Мінскай турмы НКУС было знішчана людзей больш, чым у Кёльне – турме гестапа – за час існавання нацысцкага рэжыму. Гестапа выбівала сведчанні з людзей, якія рэальна здзяйснялі альбо спрабавалі здзейсніць злачынства супраць Нямеччыны. НКУС выбіваў сведчанні з тых людзей, якія, як правіла, ніякіх злачынстваў не здзяйснялі супраць савецкай улады і ў галаве не было іх здзейсніць.
Амерыканка – мінская ўнутраная турма НКУС. Часта ў дакументах сустракаюцца звароты тыпу «…мы не паспяваем за ноч расстраляць 200 – 300 чалавек». На што ішоў адказ кіраўніцтва: «Шукайце новыя спосабы».
Але куды больш вусцішным з`яўляецца аповед самога ката Івана Д., які я знайшоў у кнізе Святланы Алексіевіч «Час SECOND-HAND (Канец чырвонага чалавека)»:
– Ці хутка канчаецца чалавек, на колькі яго хапае? Я табе адкажу: ножку венскага крэсла ў задні праход альбо шылам у машонку – і няма чалавека. Ха-ха… няма чалавека… Адна фігня!
…у лагеры маглі зняволенага распрануць дагала і прывязаць да дрэва, мошка яго за суткі так аб`ядала, што адзін шкілет заставаўся. Узімку ў саракаградусны мароз дахадзягу, які не выканаў дзённую норму, аблівалі вадой. Дзясяткі ледзяных статуй стаялі для застрашвання да вясны… (Паўза.) Нікога не судзілі! Нікога!
…Праца такая.. З чым параўнаць? Параўнаць можна з вайной. Але на вайне я адпачываў. Расстрэльвалі немца – ён крычыць па-нямецку. А гэтыя… гэтыя крычалі па-руску… Быццам свае… У літоўцаў і палякаў было лягчэй страляць. А гэтыя – па-руску: «Балваны! Ідыёты! Канчайце хутчэй!»
Ё…!! Мы ўсе ў крыві… выціраем далоні аб уласныя валасы… Часам нам выдавалі фартухі… Праца была такая. …Праца – не дай Бог! Недабіты, ён упадзе і гучна, як свіння… харкае крывёй… Асабліва непрыемна страляць у чалавека, які смяецца.
Ён ці звар`яцеў, ці табой пагарджае. Роў і мат стаялі з абодвух бакоў. Есці перад такой працай нельга… Я не мог… Увесь час хочацца піць. Вады! Вады! Як пасля перапою… Ё…!! Да канца змены нам прыносілі два вядры: вядро гарэлкі і вядро адэкалону.
Гарэлку прыносілі пасля працы, а не перад працай. Адэкалонам мыліся да пояса. Пах крыві з`едлівы, асаблівы пах… на пах спермы крыху падобны… У мяне была аўчарка, дык пасля працы яна да мяне не падыходзіла.
Ё…!! Рэдка… але трапляўся баец, якому падабалася забіваць… яго з расстрэльнай каманды пераводзілі ў іншае месца.
Такіх недалюблівалі. Шмат было вясковых, як я. Вясковыя мацнейшыя за гарадскіх, бо да смерці больш прывучаныя: хто калоў дома кабана, хто цяля рэзаў, а курыцу – дык кожны.
Да смерці… да яе прывучваць трэба… Першыя дні вадзілі паглядзець… Байцы толькі прысутнічалі пры пакаранні ці канваіравалі асуджаных. Былі выпадкі, што адразу вар`яцелі. Не вытрымлівалі. Справа тонкая… Зайца забіць, і то звычка патрэбная, не кожны можа.
Ё…!! Ставіш чалавека на калені – стрэл з нагана амаль ва ўпор у левую патылічную частку галавы… у вобласць левага вуха… Рука да канца змены вісела, як бізун. Асабліва балеў указальны палец.
У нас таксама быў план, як і ў любым іншым месцы. Як на заводзе. З планам першы час не спраўляліся. Фізічна не маглі выканаць. Тады склікалі дактароў. Кансіліум. Рашэнне было такое: два разы на тыдзень усім байцам рабіць масаж правай рукі і ўказальнага пальца. Указальны палец масажаваць абавязкова, на яго найвялікшая нагрузка пры стральбе. У мяне засталася толькі глухата на правае вуха, таму што страляеш з правай рукі…
…Уручалі нам граматы «за выкананне спецыяльнага задання партыі і ўрада», «справе Леніна-Сталіна адданыя». Гэтых грамат на выдатнай паперы ў мяне – поўная шафа. Адзін раз на год выпраўлялі з сям`ёй у добры санаторый. Выдатнае харчаванне… шмат мяса… лячэнне… Жонка нічога не ведала пра маю працу. Сакрэтная, адказная праца – і ўсё.
…У вайну эканомілі патроны. Калі мора побач… набівалі баржу, як бочку селядцамі. З трума не крык, а звярыны рык: «Врагу не сдаётся наш гордый «Варяг», / Пощады никто не желает…» Рукі кожнаму звязвалі дротам, ну а да ног – камень. Калі надвор`е ціхае… роўнядзь… доўга відаць было, як яны ішлі да дна… Увечары вяртаемся – баржы пустыя. Цішыня мёртвая. Ва ўсіх думка: выйдзем на бераг – і нас там… Ё…!! Пад ложкам у мяне гадамі стаяў напагатове драўляны чамаданчык: змена бялізны, зубная шчотка, брытва. Пісталет пад падушкай… Я гатовы быў пусціць сабе кулю ў лоб. Усе ў той час так жылі! І салдат, і маршал. Тут была роўнасць.
Так, каты ў хуткім часе самі рабіліся ахвярамі гэтага бесчалавечага рэжыму: тыя, хто расстрэльваў у 1937-м годзе, былі расстраляныя ці ў 38-м, ці ў 39-м гадах. Толькі адзінкам пашчасціла выжыць у тыя жахлівыя часы. Івану Д., якому належаць гэтыя словы, пашчасціла. Ён прайшоў ссылку і выжыў, пасля чаго быў нават уганараваны лецішчам (рус. дача) і пенсіяй, як колішні супрацоўнік НКУС.
Гістарычная даведка:
Загад №00447 наркама ўнутраных спраў Яжова
Аперацыя па рэпрасаванні былых кулакоў, актыўных антысавецкіх элементаў і крымінальнікаў.
Загад даводзіў для кожнай мясцовасці ліміты па першай і другой катэгорыях. Першая катэгорыя азначала расстрэл; другая – высылку.
І тое, і другое прадстаўнікі НКУС праводзілі без суда і следства згодна рашэнню пазасудовых органаў, так званых «троек», у склад якіх уваходзілі старшыня абласнога ці рэспубліканскага камітэта камуністычнай партыі, начальнік мясцовага НКУС і галоўны пракурор.
Запыты на ліміты адсылаліся з саюзных рэспублік наўпрост у Маскву на імя таварыша Сталіна, дзе яны зацвярджаліся непасрэдна Іосіфам Вісарыёнавічам і іншымі членамі ЦК. Каб падмацаваць свае словы, прыводжу адну з такіх шыфровак:
Москва ЦК ВКП(б), тов. Сталину (падкрэслена ў арыгінале)
На вашу телеграмму от 3-го июля сообщаем, что нами учтено ранее высланных и возвратившихся кулаков и уголовников в Белоруссии 12.800 человек, из этого количества предлагаем расстрелять 3 тыс. человек, как наиболее враждебных и ведущих активную контрреволюционную работу и выслать из пределов Белоруссии 9.800 человек менее активных, но враждебных элементов.
В состав тройки предлагаем: …НКВД Белоруссии Бермана Б. Д., второго секретаря ЦК КП(б) Белоруссии Денискевича Н. М., начальника милиции Белоруссии Шийрона.
Секретарь ЦК КП(б) Белоруссии Шарангович
Сухія лічбы, а за імі лёсы тысяч ці нават мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей. Людзей, якія мелі неасцярожнасць крытыкаваць дзеянні партыі ці асобных яе прадстаўнікоў, альбо тыя, каму не пашчасціла з суседзямі ці знаёмымі.
Ды чэкісты не асабліва праймаліся гэтым і ўносілі ў спісы імёны абсалютна розных людзей, часам выпадкова праз сваю неабачлівасць, бязладнасць. Доказам з`яўляюцца словы Георгія Жукава на ліпеньскім пленуме ЦК КПСС (1957г.):
«Списки арестованных, которые посылались в ЦК для получения санкции на их осуждение, составлялись НКВД небрежно, с искажениями фамилий, имен и отчеств, а некоторые фамилии повторялись в этих списках дважды и трижды».
У снежні 2015 года ў Магілёве быў усталяваны помнік у гонар чэкістаў. Помнік тым, хто знішчаў нашу нацыянальную эліту, тым, хто руйнаваў сем`і, хто высяляў беларусаў у далёкую і невядомую чужыну, дзе многія з іх так і засталіся альбо жыць, альбо ляжаць у чужой халоднай зямлі. Тое, колькі лёсаў людзей і іхніх блізкіх было скалечана, не паддаецца аніякім падлікам.
Ды і цяперашні міністр унутраных спраў таварыш Шуневіч, відаць, ганарыцца падзеямі васьмідзесяцігадовай даўніны, вельмі ж ён любіць прымяраць тагачасную форму супрацоўнікаў НКУС. І таму такія помнікі і паводзіны дзейнай улады быццам нейкі здзек над простым народам, над усёй нацыяй.
Лёс жа ахвяраў – аж да сёння «плакаць жвірам з пустых вачніц!» (А. Сыс)
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More