
Праглядваючы сайты розных турыстычных фipмаў з мэтай выбраць месца для адпачынку, я зацiкавіўся турам па знакамітых гарадах Еўропы. Усё ж гэта цікавей, чым ляжаць на пляжы ў Турцыі ці Егіпце. Пасля афармлення шэнгенскай візы засталося толькі чакаць дату ад`езду.
Дні праляцелі вельмі хутка. У вызначаны дзень я сеў у цягнік і праз некалькі гадзін быў у Мінску на месцы збору для адпраўкі ў падарожжа. Паступова пачалі збірацца турысты – у асноўным моладзь, але былі і людзі сталага ўзросту. З адной такой парай мне і давялося пазнаёміцца. Мужчына расказаў, што яны з жонкай даўно марылі пра такое падарожжа, але ўсё ніяк не атрымлівалася. Працавалі ўсё жыццё, дзяцей гадавалі. Так і праляцелі гады. А цяпер яны ўжо на пенсіі, дзеці даўно выраслі, раз`ехаліся хто куды, маюць свае сем`і, прыязджаюць з унукамі ў госці. Тым часам пад`ехаў наш аўтобус, і мы неўзабаве адправіліся ў дарогу.
Маім суседам па нумары ў гатэлі аказаўся Данііл, хлопец прыкладна майго ўзросту, які ў Баранавічах працуе юрыстам. З ім мы адразу пасябравалі. Было прыемна глядзець праз акно на начны Мінск: горад вельмі прыгожы і ні ў чым не ўступае еўрапейскім гарадам. Наперадзе нас чакаў прыпынак у польскім гатэлі. Прыбыўшы на месца, мы адпачылі і працягнулі вечар у кампаніі маладых людзей з нашай групы. Пасля прайшліся па мясцовых крамах. Цэны прыемна здзівілі. У пераводзе на беларускія грошы тут усё каштавала амаль у два разы танней, чым у нас. Прагуляўшыся па горадзе, мы вярнуліся ў свой гатэль, бо раніцай ад’язджалі ужо ў Германію.
БЕРЛІН
Пасля прыездуў Берлін нас размясцілі ў гатэлі і далі некалькі гадзін на адпачынак. Далей была аглядная экскурсія па цікавых і гістарычных месцах горада. Давялося сваімі вачамі ўбачыць Рэйхстаг, гістарычныя Брандэнбургскія вароты, розныя мемарыялы і знакамітыя будынкі. Не ведаю, як у астатніх, але ў мяне гэтыя месцы асацыіраваліся з мінулай вайной. Нас пазнаёмілі і з сучаснымі раёнамі горада. Мы прайшліся па галоўнай плошчы, якая захапіла нас сваёй архітэктурай. Пабывалі на знакамітых вуліцах Берліна, у музеі, убачылі царкву Святой Ядвігі, грандыёзны Берлінскі сабор і шмат чаго іншага.
Калі гулялі па вуліцах горада, нас уразілі чысціня і парадак. Перамяшчацца па вуліцах Берліна прыйшлося на грамадскім транспарце. Каб праехаць некалькі кіламетраў, трэба было заплаціць некалькі еўра. Транспарт у іх сучасны і чысты, прыбывае без спазненняў. Амаль на кожным прыпынку вісяць шыльдачкі, дзе паказваецца расклад руху і колькі хвілін застаецца да прыбыцця. Прагуляўшыся па горадзе і зрабіўшы неабходныя пакупкі, мы зайшлі ў невялічкі бар. Ведаючы, што у Германіі самае якаснае піва, хлопцы захацелі прадэгуставаць яго.
Нас сустрэла жанчына, якая, нягледзячы на сталы ўзрост, не страціла сваёй прывабнасці. Мяне ўразіў яе пранізлівы чароўны позірк. Павітаўшыся з намі, яна шчыра ўсміхнулася. Паколькі я вывучаў нямецкую мову з пачатковых класаў, то мы пагутарылі з гаспадыняй бара. Яна расказала, што даўно марыла пра свой рэстаран, але вельмі высокія падаткі і цэны за арэнду доўгі час не давалі раскруціцца. Даведаўшыся, што мы з Беларусі, яна сказала, што дзед і бабуля яе мужа таксама родам з нашых краёў, але яны ўжо даўно памерлі. Заказаўшы па келіху піва, мы размясціліся за столікамі.
Трохі пасядзеўшы ў бары, мы падзякавалі гаспадыні за цёплы прыём, ветліва развіталіся і рушылі далей, бо нас чакаў начны пераезд у Парыж. Дарэчы, у кожным горадзе Еўропы пры размяшчэнні ў гасцініцы ці гатэлі прыходзілася плаціць турыстычны падатак – два -тры еўра за дзень.
ПАРЫЖ
Ах, Парыж, Парыж… Мы так хацелі хутчэй трапіць у гэты знакаміты горад! Размясціліся хутка. Экскурсія па Парыжы пачалася з агляду Трыумфальнай аркі, плошчы Згоды, сабора Нотр Дам дэ Пары і іншых знакамітых мясцін. Затым давялося ўбачыць Елісейскія палі, Люксембургскі палац, мост Аляксандра Трэцяга. Увогуле, у Парыжы было запланавана прабыць тры дні, таму астатак дня мы вырашылі адпачыць, бо вельмі стаміліся за дзень. Назаўтра была вельмі насычаная праграма.
Спачатку мы паехалі у Версальскі палац. Мне было асабліва цікава наведаць знакаміты Луўр, дзе было шмат экспанатаў. Так-так, гэта той самы Луўр, дзе знаходзіцца вядомая карціна «Мона Ліза» мастака Леанарда Да Вінчы. Дарэчы, гэта самы знакаміты музей свету. Далей мы адправіліся гуляць па Парыжы, фатаграфавацца. І вось тое, дзеля чаго варта з`ездзіць у Францыю, – Эйфелева вежа. Ёю можна любавацца бясконца. Вечарам, калі сонца зайшло і заззялі агні горада, Парыж прадстаў ва ўсёй сваёй красе і грацыёзнасці.
Мы пабывалі ў самых прыгожых месцах горада. Убачылі знакамітую арку, раскошныя сучасныя дамы і крамы, галерэі, музеі, плошчы і скульптуры. На наступны дзень, нягледзячы на натоўпы турыстаў, мы падняліся на самы апошні паверх знакамітай вежы Эйфеля і сталi сведкамi рамантычнага прызнання. Адзін хлопец стаў на калена перад дзяўчынай і прапанаваў ёй руку і сэрца. Ад нечаканасці дзяўчына ледзь не заплакала. Усе прысутныя пачалі пляскаць у далоні, віншаваць іх. Ах, як гэта было рамантычна!
БРУСЭЛЬ
У другой палове дня наша група адправілася ў Бельгію. Прыбыўшы туды, мы вырашылі не ехаць на экскурсію, а самастойна спланаваць свой час. Пагулялі па горадзе, набылі сабе сувеніры і розныя рэчы. Дабраліся да плошчы Гран-Плас, якая лічыцца сэрцам горада і самай прыгожай плошчай Еўропы.
Вечарам, шпацыруючы па плошчы горада, мы пазнаёміліся з вельмі прыгожымі дзяўчатамі. Мы даведаліся, што яны прыехалі сюды з Лондана, каб адпачыць і пагуляць. Яны закончылі ўніверсітэт і цяпер працуюць.
Дзяўчына, якую звалі Ганна-Марыя, расказала мне, што яе бацька вучоны, родам з поўначы Расіі, але яшчэ ў савецкі час прыехаў працаваць у Лондан, дзе ажаніўся і застаўся жыць назаўсёды. Другую дзяўчыну звалі Саскія. Яна размаўляла толькі на англійскай мове і расказала, што прыехала з Джамайкі. У яе бацькоў вялікая сям`я – сямёра дзяцей. Дзве яе старэйшыя сястры ўжо замужам. Бацькі – прадпрымальнікі, таму здолелі аплаціць вучобу Саскіі ў Англіі.
Мы запрасілі дзяўчат працягнуць знаёмства ў рэстаране, які размяшчаўся на пятым паверсе пад адкрытым небам. Час праляцеў весела і цікава. Мы пілі шампанскае, жартавалі, смяяліся. Гледзячы на Саскію, я падумаў: «Вось бы прывезці такую нявесту дадому. Цікава, што сказалі б бацькі? Напэўна, вельмі здзівіліся б». Пытаюся ў яе: «Саскія, паедзеш да нас у краіну?» А яна смяецца ў адказ. Прасядзелі мы амаль да раніцы. Вельмі ж не хацелася адпускаць іх. Нарэшце мы шчыра развіталіся, абмяняліся інстаграмамі і разышліся. Раніцай нас чакаў пераезд у Нідэрланды.
АМСТЭРДАМ
Горад нам вельмі спадабаўся – зусім не такі, як астатнія. У першыя хвіліны здавалася, нібы трапілі ў эпоху Сярэднявечча. Падчас экскурсіі па горадзе мы ўбачылі шмат чаго цікавага, пабывалі ў многіх яго славутых месцах. Асабліва запомніліся каналы горада. Ствараецца ўражанне, быццам увесь горад стаіць на вадзе. Для нас было нечаканасцю тое, што ў Амстэрдаме легальна можна купіць і нават дазволена курыць марыхуану, якая прадаецца ў спецыяльных шопен кафэ.
Мае знаёмыя адразу памкнуліся былі паспрабаваць цыгарэтку, але не зрабілі гэтага, бо заўтра нам трэба было ўжо вяртацца дадому. Даведаўшыся, што ў Амстэрдаме ёсць вуліца Чырвоных ліхтароў, дзе дзяўчаты лёгкіх паводзін аказваюць свае паслугі, мы з хлопцамі, парагатаўшы, паехалі туды на таксі. У гатэль мы вярнуліся пад раніцу жывыя і здаровыя. Мы ўжо сабраліся ў дарогу, але прыйшлося чакаць некалькіх турыстаў з нашай групы, бо ў адной пары на вуліцы ўкралі кашалёк з грашыма.
Нас папярэджвалі, што такія выпадкі здараюцца, таму грошы і другія каштоўныя рэчы трэба трымаць пры сабе. Не хацелася развітвацца з гэтымі месцамі, але час ляціць хутка. На зваротным шляху я пракручваў у галаве ўсё гэта незвычайнае падарожжа. Шмат чаго яно мне дало: новыя эмоцыі, веды, новыя знаёмствы – усяго і не пералічыш. Таму раю тым, хто не адважваецца падарожнічаць, – едзьце. Пакуль ёсць сродкі і магчымасць, не адкладвайце на потым. Хто ведае, як будзе складвацца лёс кожнага з нас.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More