
Звычайна да нас на вячоркі прыходзіць больш мужчын (матуля бярэ прасніцу з кудзеляю і ідзе на жаночыя вячоркі да Мані Лявонкавых). На гэты раз бацька з суседам вялі спачатку гаворку пра надвор`е, гаспадарку і навіны ў вёсцы. А потым дзядзька Сяргей пачаў расказваць, як ён у 1939 годзе, калі служыў у войску польскім, трапіў у палон да немцаў. Куды падзелася дрымота, якая авалодвала мною, – я ўважліва стаў слухаць.
ПРАЙШОЎ ПОЛЬШЧУ І ГЕРМАНІЮ, А ВЫЗВАЛІЛІ АМЕРЫКАНЦЫ
Дзядзька расказваў:
«Наш батальён спыніўся ў лесе на начлег. Былі выстаўлены пасты. Ноч была ціхая, бязветраная. На досвітку над лесам на ўсход праляцеў самалёт. А калі развіднела, наш батальён быў акружаны нямецкімі аўтаматчыкамі і нас узялі ў палон без адзінага выстралу. Нашых камандзіраў, як аказалася, не насцярожыў гэты самалёт, які скінуў дэсант – вось такія яны былі ваякі».
Сусед да гэтага часу таіў крыўду на сваіх польскіх камандзіраў, бо каб не той недарэчны палон, то, можа, па-іншаму склаўся б яго лёс.
«Я доўга мяняў лагеры спачатку на тэрыторыі Польшчы, а потым і ў Германіі, пакуль не трапіў да баўэра, – прадаўжаў апавядаць дзядзька Сяргей. – Але з гаспадаром мне не пашанцавала: ён аказаўся нядобрым чалавекам, адносіўся да мяне так, нібы я скаціна якая. Працаваць прымушаў ад цямна да цямна, а карміў вельмі дрэнна. Думаў ужо, што не выжыву ў гэтай праклятай Нямеччыне. Але прайшло мо з паўгода, як аднойчы я прачнуўся ад дзіўнай цішыні: ніхто на мяне не крычаў. На двары я ўгледзеў амерыканскіх салдат, якія мяне і вызвалілі. Яны агітавалі мяне ехаць у Амерыку: маўляў, там я цудоўна буду жыць, бо ў СССР пры камуністах такога не будзе. А цяпер думаю: можа, і праўда, каб паехаў тады, то жыў бы лепей, чым цяпер? Але ж куды я без сваёй вёскі, лесу і балота? Ды і ўвогуле, там добра, дзе нас няма».
Дзядзька Сяргей закашляўся і змоўк, хаця я гатовы быў слухаць яго бясконца.
ЯК ЖЫЛОСЯ Ў ЗАМОЖНЫХ НЕМЦАЎ
А тут і мой бацька, Сямён Рылка, прыгадаў тыя часы.
«У 1943 годзе немцы прыйшлі ў нашу вёску і сказалі ўсім маладым запісвацца ў паліцыю, калі не хочуць, каб іх вывезлі на працу ў Германію, – расказваў бацька. – Але ніхто з нас не пайшоў у тую паліцыю, таму ўсіх і сапраўды вывезлі ў Германію. Спачатку я апынуўся на цукровым заводзе.
Было вельмі цяжка працаваць у тры змены, асабліва ў начную: мы, сельскія жыхары, ноччу спім і да такой працы непрывычныя. Таму калі аднойчы нас пастроілі і спыталі, хто можа працаваць у сельскай гаспадарцы, я першы выйшаў са строю. Трапіў я да заможных немцаў. Іх двое сыноў, як я потым даведаўся, ваявалі на ўсходнім фронце. Спачатку мне паказалі, як трэба араць зямлю.
Зямлі ў гаспадароў было шмат, і калі б я хадзіў за плугам так, як гэта робяць у нас, то за ўсю вясну не заараў бы гэтыя гектары. У іх заворваюць палі па-іншаму. Я запрагаў двух коней, садзіўся ў двуколку і ехаў на поле. Коні ішлі па полі, і зямлю аралі адразу два плугі.
Мая праца заключалася ў тым, што я павінен быў круціць рычаг, каб плугі апускаліся ніжэй або, наадварот, вышэй. У мяне быў свой пакой. Харчаваўся я разам з гаспадарамі і немкай-кухаркай, якая прыходзіла сюды штодзень са свайго дому, каб гатаваць ежу.
Гаспадар на мяне не крычаў і не сварыўся, але калі добра выпіваў, то іншы раз я чуў у свой адрас «русіш швайн». А гаспадыня тады сварылася на мужа, каб ішоў і праспаўся ад п`янкі, а не гаварыў абы-што. Увогуле ў гэтай сям`і яна была галоўная і камандавала ўсімі. Мяне яна папярэдзіла, каб не меў ніякіх спраў з немкамі: калі даведаюцца пра такое, то нямецкую дзяўчыну абстрыгуць, а мужчыну-іншаземца павесяць. У нядзелю ў мяне звычайна быў выхадны, і мне выдавалі два пфенінгі.
Аднойчы перад вячэраю ў мае дзверы пастукалі. Я адчыніў: перада мною стаяў малады мужчына ў форме капітана. Ён прывітаўся і сказаў: «Мяне завуць Пауль, я толькі што прыехаў з фронту ў адпачынак, бацькі нават не ведаюць яшчэ аб гэтым. Сэмэн, можа, у цябе ёсць кубак?»
Я падумаў, што, напэўна, бацькі пісалі яму на фронт пра мяне, інакш адкуль ён ведае маё імя? Хутка кубак быў у руках Пауля. Ён дастаў невялікую бутэльку, наліў з яе і выпіў. Выходзячы ад мяне, сказаў: «Сэмэн, цябе праз хвілін 15 паклічуць».
Хутка я пачуў, як крычалі ад радасці бацькі, што прыехаў сын. І сапраўды, дакладна праз 15 хвілін мяне паклікалі за стол. Калі налілі чаркі, Пауль адным залпам выпіў сваю. Бацька яго толькі здзіўлена вымавіў: «О-о-о!» Праз некалькі месяцаў я ўбачыў на галаве ў гаспадыні чорную хустку і зразумеў: загінуў нехта з яе сыноў. У хуткім часе ў гэтую вёску прыйшлі савецкія войскі. Мяне мабілізавалі, і я стаў салдатам савецкай арміі».
ДЗЯДЗЬКА КАРПЕЙ – КАМУНІСТ?
Бацька ўстаў, падышоў да камінка і паправіў галавешкі.
«Табе, Сямён, хоць мы абодва былі рабамі на Нямеччыне, больш пашанцавала», – падвёў вынік дзядзька Сяргей.
Ён збіраўся яшчэ нешта сказаць, але тут на вуліцы пачуліся крыкі: гэта ішоў з клуба п`яны дзядзька Карпей. Ён быў першым камуністам на нашай вуліцы, і за гэта яго, малаадукаванага, назначылі загадчыкам клуба.
Дзядзька Карпей спыняецца каля кожнай хаты і крычыць:
«Я камуніст, у мяне ў кішэні ляжыць партыйны білет, я вас усіх, ворагаў народа, адпраўлю на Салаўкі!»
Калі дзядзька падышоў да нашай хаты і стаў крычаць тое самае, дзядзька Сяргей з горыччу сказаў бацьку:
«Пры чым тут партыйны білет? Трэба ж у душы быць камуністам. Але лапаць ёсць лапаць і лапцем застанецца».
На вуліцы зноў стала ціха: напэўна, дзядзька Карпей дайшоў да сваёй хаты. Дзядзька Сяргей пажадаў нам добрай ночы і таксама пайшоў адпачываць. А я моцна пакрыўдзіўся на Карпея за тое, што з-за яго не паслухаў цікавыя гісторыі, якія мог яшчэ пачуць у гэты вечар.
Карпея прыкладна праз месяц перавялі на іншую працу – загадчыкам гаруча-змазачных матэрыялаў. Канечне ж, гаварылі ў вёсцы, камуніста не пашлюць гной з кароўніка сахаром выкідваць. Але вяскоўцам з нашай вуліцы было без розніцы, дзе ён працуе, – галоўным і радасным было тое, што ніхто больш на дварэ не крычаў: дзядзька Карпей працу на новым месцы заканчваў значна раней, чым у клубе, і дамоў ішоў, калі было яшчэ відно, а таму не крычаў.
І мне ніхто больш не перашкаджаў слухаць па вечарах, лежачы на цёплай печы, цікавыя гісторыі свайго бацькі, дзядзькі Сяргея і іншых мужчын.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More