Складанае юнацтва дасталася Васілю, у 1944 годзе сямнаццацігадовы юнак быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Але і да гэтага часу хлопцу давялося паспытаць, што такое вайна. Па яго ўспамінах, ворагі здзекаваліся з карэннага насельніцтва. Людзі іх баяліся і без прычыны з хат не выходзілі.
Немцы лютавалі таму, што баяліся партызан, і, калі ў іх узнікала хоць якая падазронасць, што хто-небудзь з вяскоўцаў ім дапамагае, знішчалі ўсю сям`ю.
Васіль Рыгоравіч расказаў, як нейкі мужчына прывёў у вёску двух малых дзяцей – хлопчыка і дзяўчынку, якім споўнілася мо годзікаў па тры. Ворагі павесілі іх у цэнтры вёскі: маўляў, гэта яны пакаралі дзяцей партызан. На карную аперацыю сагналі ўсю вёску, каб людзі на свае вочы пераканаліся, што з імі будзе, калі яны будуць дапамагаць партызанам.
«Некаторыя плакалі, бабы дык і наогул галасілі. А ў мужчын кулакі сціскаліся, але што рабіць? У ворагаў зброя, рыпніся – і перастраляюць усю сям`ю», – успамінаў Васіль Рыгоравіч.
Ветэран расказаў пра яшчэ адзін выпадак, калі ворагі не пашкадавалі нават немаўля ў люльцы, быццам бы яно прадстаўляла для іх пагрозу.
«Калі яны ішлі караць сям`ю партызана, то забівалі ўсіх без жалю. У адной хаце дзіцятка за нагу з люлькі выцягнулі і, трымаючы на выцягнутай руцэ ўніз галавою, стрэлілі ў яго», – сказаў стары.
Карнікі знішчалі і яўрэяў. У адзін дзень сагналі мужчын-яўрэяў каля вадакачкі ў цэнтры вёскі, на калені паставілі, потым далі ў рукі рыдлёўкі і пагналі ў лес за вёску. Там яны загадалі няшчасным капаць сабе магілу, потым расстралялі іх і пахавалі ўсіх разам у той яме. Жанчын-яўрэек і дзяцей у той раз не чапалі.
Праз гады два яны сказалі ім, каб сабралі каштоўныя рэчы, дакументы і рыхтаваліся да перасялення ў Ізраіль. Але іх падманулі: абрабавалі, забралі каштоўнасці і павезлі некуды.
«А ці ў Ізраіль іх павезлі, ці расстралялі дзе па дарозе – ніхто не ведае. Мы гэтых людзей больш не бачылі», – расказаў Васіль Рыгоравіч.
Вялікага страху нацярпеўся і ледзь не загінуў Васіль, калі ў Дзяніскавічах ворагі палілі хаты. У адзін з такіх страшных дзён людзі беглі ратавацца ў лес. Бацька з матуляй схапілі малых дзяцей і таксама пабеглі. А Васіль дапамагаў бабулі ўратаваць жывёлу: яны адчынялі хлявы і выганялі скаціну на поле, а каб яна не вярнулася, зачынялі хлявы. Таму Вася не паспеў схавацца. Да іх на двор партызаны прынеслі свайго параненага таварыша, а падлетка прымусілі на асабістым кані адвезці раненага ў партызанскі штаб, які знаходзіўся ў Будчы.
Гэта было вельмі рызыкоўна: калі б немцы даведаліся пра сувязь з партызанамі, спалілі б іх сям`ю. На шчасце, усё абышлося. Ён без прыгод давёз партызана ў Будчу, пакінуў каня ў сваяка, а сам пайшоў дадому.
«Мне сказалі, каб па дарозе ішоў, бо падумаюць, што я партызан, і заб`юць. Я амаль усю дарогу бег. Холадна ж было, ногі мерзлі. Які тады абутак быў – лапці… Калі выйшаў на ўскраек вёскі, ажно пахіснуўся – такая жудасная карціна паўстала перада мной… Паўвёскі комінаў стаіць – хаты пагарэлі», – з дрыжыкамі ў голасе расказваў ветэран.
«З ВАЙНЫ ПАХУ РЫБЫ НЕ ПЕРАНОШУ…»
На вайну хлопец пайшоў тады, калі вызвалілі Заходнюю Беларусь. Ён успамінае, што салдаты часта галадалі.
«Выдавалі нейкі паёк, дзве скібачкі хлеба і кашу-размазню накшталт пярлоўкі. І рыбай пратухлай кармілі. Жываты скручвала так, што хоць плач. Да гэтага часу не пераношу паху рыбы», – прыгадаў Васіль Рыгоравіч і дадаў, што, каб прыглушыць голад, салдаты, бывала, елі нават сырую бульбу.
Доўга на перадавой ваяваць хлопцу не давялося: амаль адразу ён атрымаў сур`ёзнае раненне і сем месяцаў правёў у шпіталі ў Венгрыі. Яго паранілі ў правы бок, але, на шчасце, куля прайшла навылёт. Аднак Васілю давялося перанесці тры аперацыі.
«Рана ніяк не загойвалася, гніла. Антыбіётыкаў жа тады не хапала. Але неяк загаілася, толькі вось паўбока у мяне выразалі», – расказаў пра раненне ветэран.
Медсястрычкі ў шпіталі шкадавалі хлопца, падкормлівалі чым маглі.
«Я ж зусім яшчэ юнак быў, маленькі, худзенькі. У сямнаццаць гадоў на вайну пайшоў, бо маці па нейкай прычыне прыпісала мне лішні год у дакументах», – расказаў Васіль Рыгоравіч.
Пасля таго, як яго выпісалі са шпіталя, ён аж сем гадоў служыў у Вене пры камендатуры. Там ён навучыўся па-майстэрску граць на акардэоне. Ветэран мае баявыя ўзнагароды – за раненне яго ўзнагародзілі медалём, а пасля таго, як вярнуўся на радзіму, у Ганцавіцкім ваенкамаце ўручылі медаль Перамогі над Германіяй.
НАГАРАВАЎСЯ НА ВАЙНЕ, АЛЕ ПРЫДБАЎ СЯМЕЙНАЕ ШЧАСЦЕ
Са сваёй будучай жонкай Марынай Васіль пазнаёміўся ў пачатку пяцідзясятых на вячорках, ці яшчэ, як кажуць, «зборках». Маладому Васілю адразу прыглянулася прыгажуня, якая так звонка спявала. Дзяўчына ж не магла не адказаць узаемнасцю хлопцу, у якога ў руках аж гарэў гармонік.
Пасустракаўшыся год, маладыя пажаніліся. Марыне было 20, Васілю – 25 гадоў. Складана было жыць людзям у пасляваенныя часы, была нястача ва ўсім: і ў ежы, і ў вопратцы. А маладой пары дык і ўвогуле дапамогі і падтрымкі чакаць не прыходзілася, бо не было адкуль. Таму яны ўвесь час падтрымлівалі адзін аднаго і пражылі разам больш за 65 гадоў.
Васіль Рыгоравіч 40 гадоў адпрацаваў у леспрамгасе шафёрам, Марына Якаўлеўна працавала доўгі час у калгасе паляводам, 13 гадоў – прыбіральшчыцай у школе. У сям`і ягонай дзве дачкі – Надзея і Любоў, тры ўнукі і тры праўнукі, дзяўчынка і хлопчык названы ў гонар прабабулі і прадзядулі.
Дачка Надзея жыве ў Пярмі, яна ваеннаслужачая. Любоў жыла ў Адэсе, была настаўніцай музыкі. На жаль, ужо трэці год, як жонкі Васіля Рыгоравіча не стала. Цяпер разам з татам жыве дачка Люба.
«Гады бяруць сваё – тата стаў слабы, і яму трэба дапамагаць. Але я рада жыць разам з ім у роднай хаце», – патлумачыла дачка.
Ветэран сказаў, што кожны год чакае Дня Перамогі, бо гэтая дата вельмі важная для яго.
«Перамогу ж мы вынеслі на сваіх плячах», – сказаў ветэран.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More