
«Хатынічы – гэта мая вёска. Я тут нарадзіўся, застаўся жыць, працаваў і жыву сёння», – кажа Андрэй Андрэевіч Ярашэвіч, герой нашага аповеду.
Былы настаўнік тлумачыць, адкуль пайшла назва Хатынічы:
«Навукоўцы мяркуюць, што назва Хатынічы ўтварылася ад слова «хатулі» – на Палессі так называлі драўляны абутак – або ад слова «хата». Але я з афіцыйнай версіяй не згодны і мяркую, што назва пайшла ад слова «хацець» – жадаць. У суседніх Раздзялавічах пра нас кажуць «хаценаўцы», а не «хатынаўцы».
У Хатынічах існуе свая адметная гутарка. Жыхар вёскі на вядро скажа «вадро», на мяшок – «машок». Хатынічы некалі былі валасным цэнтрам.
Дзед Ярашэвіча Васілій Іосіфавіч быў некалі старастам воласці. Калі Якуб Колас пасля сканчэння настаўніцкай семінарыі быў накіраваны ў вёску Люсіна, яны неаднойчы бачыліся.
Якуб Колас прыязджаў у Хатынічы за школьнымі прыладамі, картамі, сшыткамі. Дарэчы, Хатынічы апісваюцца ў трылогіі Я. Коласа «На ростанях» (у першай аповесці «У палескай глушы») пад назвай Хатовічы.
КАЛІ АДЗНАЧАЦЬ ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ?
Нарадзіўся хатынавец у сялянскай сям`і ў 1945 годзе, але мае тры дні нараджэння. Усе мяркуюць, што гэта жарт, але хатынавец расказаў, як так здарылася.
Я скончыў сярэднюю школу ў 1962 годзе. Вучыўся добра. Потым паехаў здаваць экзамены на настаўніка ў Пінскае педвучылішча. Вялікіх гарадоў я баўся, бо вёска наша была адрэзана ад іншых. Каб трапіць у педвучылішча, ішоў 20 кіламетраў пяшком у другі раён да Бобрыка. А адтуль ужо аўтобусам ехаў у Пінск. Апошняя вёска ў нашым раёне – Яловая. Было смешна, што ў некаторых гаспадароў хлеў стаяў у Пінскім раёне, а хата – у Ганцавіцкім. Гаспадыням трэба было ісці даіць кароў з Пінскага ў Ганцавіцкі раён. Потым шыльду мяжы раёнаў пераставілі
Калі юнак здаў уступныя экзамены, прыйшоў выклік, каб 1 верасня прыехаў на вучобу. Пашпартоў на той час у вясковых жыхароў не было. Пасведчання аб нараджэнні юнак не меў.
Калі прыйшоў выклік, то на вучобу трэба было прывезці пацвярджальны дакумент, што ён Андрэй Андрэевіч Ярашэвіч. Хлопец пайшоў пехатой у Ганцавіцкі ЗАГС.
Пасведчанне шукалі доўга, але не знайшлі і сказалі прыйсці заўтра. Назаўтра сказалі яшчэ раз, каб заўтра прыходзіў. А ўжо было 1 верасня. Трэба было ехаць на вучобу. Хлопец плакаў, бо меў вялікае жаданне стаць настаўнікам.
«1 верасня мне сказалі, што могуць выпісаць пасведчанне аб нараджэнні, але за 15 студзеня 1946 года. А я ж з 1945 года. Мама казала, што я нарадзіўся праз два тыдні пасля свята Пакроваў у сераду. Чаму 15 студзеня 1946 года? Таму што знайшлі недзе ў царкоўных кнігах, што мяне ў гэты дзень хрысцілі. Я сказаў, каб рабілі, што хочуць, хоць запішуць, што я з 1800 года. Толькі б было пацвярджэнне таго, што я – гэта я», – распавядае Андрэй Андрэевіч.
Ён падлічыў, што нарадзіўся прыкладна 28 кастрычніка. Гэта другая серада пасля Пакроваў. Раз у некалькі год яна прыпадае на 26 кастрычніка, а 15 студзеня Андрэя Ярашэвіча афіцыйна зарэгістравалі ў пасведчанні. Можна было ехаць на вучобу.
ВЫПАДАК НАПАЧАТКУ ВУЧОБЫ
«Калі прыехаў на вучобу, у нашай групе пачатковых класаў было 12 хлопцаў і 18 дзяўчат. Пасябраваў я са Сцяпанам Бусько з Бастыні. Ён потым адпрацаваў там 25 год дырэктарам школы. Вырашылі з ім схадзіць у сталоўку паесці. У вёсцы што мы елі?
Маці варыла звычайна кіслую капусту. А яшчэ прэсную вару: крупы альбо макароны. У ступе таўклі проса ці ячмень, а потым варылі. Таксама пяклі аладкі з жытняй мукі, намалоўшы перад гэтым жыта ў жорнах.
І вось прыходзім мы ў афіцэрскую сталовую. А там былі шчы. Мы ўжо ведалі, што гэта вараная капуста. А на другое мы ўзялі суп малочны.
Не паспелі мы тыя шчы даесці, як прыходзяць дзве дамы (мабыць, афіцэрскія жонкі) з прычоскамі і намаляванымі вуснамі і давай смяяцца з нас, як мы з`ядзім усё гэта. А мы з`елі па поўнай місцы шчэй і малочнага супу.А яшчэ выпілі па дзве шклянкі гарбаты з цукрам і хлебам.
У хрушчоўскія часы хлеб у сталоўцы быў бясплатным. Выйшлі са сталоўкі, ідзём і паміж сабой разважаем, што гэтыя дамы нейкія дурныя. Бо мы ж меркавалі, што не дзве першыя стравы з`елі, а першае і другое», – весела расказваў Андрэй Андрэевіч.
ЗБУДАВАЎ ХАТУ – У ВОЙСКА І ЖАНІЦЦА
Уласную хату настаўнік будаваў 10 гадоў. Па норме выдавалася толькі тры кубы лесу ў адзін квартал. Да гэтага часу жыў у старой прадзедавай хаце. Яна працякала і была халодная.
Сшыткі правяраў зімой пры тэмпературы -4 градусы. Лес не давалі з-за таго, што трэба было здаць норму масла. Людзі дзеля гэтага ішлі на хітрыкі. Клалі ў сярэдзіну масла для большай вагі бульбяное пюрэ.
Збіралі масла ўсякімі праўдамі і няпраўдамі. Аднойчы, каб закрыць гэтую праграму, настаўнік купіў два пачачкі маргарыну.
Маці старкавала маргарын на тарцы і дадала ў збітае масла. Атрымаўся масляны шар, які ён і панёс здаваць. Прадаўшчыца ў магазіне разрэзала шар. Унутры нічога шкоднага не было, але яно не пахла маслам.
Калі пабудаваў хату, настаўніка забралі ў войска. Служыў ён у Беламорску (у Карэліі) ля Белага мора ў радыётэхнічных войсках супрацьпаветранай абароны.
«Я быў самы стары салдат, бо забралі ў 27 год. Мне далі адпаведную мянушку «Стары». У мяне да гэтага ўжо было дзесяць гадоў педагагічнага стажу. Аднойчы прыслалі да нас у часць маладзенькага лейтэнанціка, які праводзіў палітзаняткі. А ён гаворыць ды на мяне ўвесь час паглядае. А аднойчы падходзіць і пытаецца: «Андрэй Андрэевіч, ці зразумела я расказваю салдатам?» – расказвае былы педагог.
У 1975 годзе пасля войска настаўнік ажаніўся са сваёй былой вучаніцай Надзеяй. 13 студзеня споўнілася 46 гадоў, як Андрэй Андрэевіч і Надзея Васільеўна пабраліся шлюбам. Розніца ў сужэнцаў – 10 год.
У іх трое дзяцей (сын і дзве дачкі) і сямёра ўнукаў. Дочкі Алена і Людміла – педагогі. Адна з іх жыве ў Ганцавічах, а другая ў Мазыры. Сын Дзмітрый працуе на мытні ў Мінску.
НАСТАЎНІЦТВА І ГРАМАДСКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ
Акрамя выкладання рускай і беларускай філалогіі ў Хатыніцкай сярэдняй школе, дзе працаваў з 1964 па 2008 год, Андрэй Ярашэвіч выкладаў і ў вячэрняй школе.
«33 гады ўзначальваў вячэрнюю школу ў вёсцы Хатынічы. У мяне вучылася ў трох класах да 100 чалавек. Зараз такога няма ні ў воднай вясковай школе. Заняткі пачыналіся ў 20 гадзін вечара і цягнуліся да апоўначы чатыры разы на тыдзень», – кажа настаўнік.
У 1971 годзе Ярашэвіч скончыў завочна філалагічны факультэт БДУ і стаў у Хатынічах першым настаўнікам з вышэйшай адукацыяй. Працаваў вельмі шмат.
Па яго словах, адпрацоўваў першую змену ў школе і, калі быў невялікі перапынак, прыходзіў дамоў што-небудзь з`есці. А калі не было перапынку, то піў ваду ў школе і бег выкладаць урокі другой змене.
Акрамя ўсяго, шмат разоў настаўнік праводзіў вяселлі. На той час хто гаварыў прыгожа, той і быў тамадой. Дэпутатам сельсавета і райсавета вясковец быў шмат дзясяткаў гадоў.Андрэй Андрэевіч узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы».
«23 гады быў старастам вёсак Хатынічы і Яловая. У мае абавязкі ўваходзіла разбіраць праблемы людзей. Пісаў у Брэст, у Мінск, нават у Маскву. Аднаму чалавеку дапамог, каб надбаўка да пенсіі была, бо ён ваяваў на Карэйскай вайне. Бальніцу хацелі закрыць – пісаў у Міністэрства аховы здароўя. Яна працуе для нашых жыхароў і цяпер», – кажа пенсіянер.
ЖЫЦЦЁВЫЯ ЗАХАПЛЕННІ
Андрэй і Надзея Ярашэвічы не так даўно адзначылі юбілеі. 9 студзеня гаспадыні споўнілася 65 год, а 15 студзеня гаспадар адзначыў у трэці раз 75-годдзе.
Акрамя таго, 13 студзеня было 46 год, як сужэнцы пабраліся шлюбам. У Андрэя Андрэевіча глаўкома, але ён шмат чытае, бо не можа без гэтага ўявіць сваё жыццё.
Выпісвае да пяці часопісаў і розныя газеты. Адна з іх – «Ганцавіцкі час». Шкадуе, што на «Народную волю» немагчыма ў сённяшніх умовах падпісацца.
«Цудоўную газету закрылі. Пазбавілі народнай волі народ наш. Гэта вельмі праўдзівая газета была», – засмучана кажа ён.
Акрамя таго, настаўнік некалі вывучаў самастойна нямецкую, іспанскую і арабскую мовы. Мог трохі размаўляць і нешта напісаць на кожнай. Лепш за ўсё ведаў нямецкую і нават час ад часу замяняў настаўніка нямецкай мовы ў школе.
Калі немцы прыязджалі ў Хатынічы, размаўляў з імі без перакладчыка. Ім гэта падабалася. Ён і цяпер памятае некаторыя словы з некалькіх моў.
Гаспадары трымаюць невялікую гаспадарку: парсючкоў, кур, коціка Ігрыка. Хатні любімчык шпарка бегае па хаце і абдзірае шпалеры, а ўночы кладзецца ў нагах і грэе гаспадара сваім цяплом.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More