Народные новости

У вядомага беларускага пісьменніка Віктара Гардзея — двайное свята

Справа ў тым, што 45 гадоў таму ён выдаў знакавую – для ўласнага творчага шляху і беларускай літаратуры наогул – кніжку для дзяцей “Чырвоны грабеньчык”.

Стаўленне да дзіцячай літаратуры назіраецца самае рознае. Нехта лічыць яе справай несур’ёзнай, другаснай. У такім выпадку ўзнікае пытанне: чаму яна непадуладна большасці адораных пісьменніцкім талентам?

Напэўна бліжэй да аб’ектыўнасці ўсё ж супрацьлеглыя адносіны. Ці ж не выклікае сімпатыю, напрыклад, наступны распаўсюджаны тэзіс: для дзяцей трэба пісаць так сама добра, як і для дарослых, толькі яшчэ лепш? Дзіцячае ўспрыманне прыгожага натуральнае, не зашорана ўстаноўкамі.

Таму падмануць пачынаючага чытача, навязаць яму тую ці іншую чытанку немагчыма. Па вялікім рахунку, поспех у галіне дзіцячай літаратуры – гэта прызнанне таленту пісьменніка, лепшае сведчанне таго, што творца адбыўся. Яскравым прыкладам выступае і літаратурная постаць В. Гардзея.

У дзіцячую літаратуру – прынамсі ў фармаце кніжных выданняў – гэты творца прыйшоў амаль адначасова з годнай заяўкай на званне паэта: праз год пасля першага зборніка вершаў “Касавіца”, у 1976 г., убачыў свет “Чырвоны грабеньчык”.

Малаком разліўся ранак

Над зямлёю веснавой.

Сонейка плыве з туману –

Піць той пенны сырадой.

Як нап’ецца сырадою,

То румянец на шчацэ,

Паплыве па-над вадою,

Пакупаецца ў рацэ.

(Верш “Сонейка”)

Такімі цёплымі радкамі верша “Сонейка” адкрываецца дзіцячы свет кніжак В. Гардзея, пачынаецца знаёмства маленькага чытача з жыццём, яго фарбамі і праявамі. Галоўная ўвага аўтара скіравана на прыроду.

Сімптаматычна, што вершамі ахоплены па-коласаўску гадавы кругазварот: ад вясны да зімы. Але асноўнае месца адведзена “цёплым” старонкам – ці то ў сэнсе лета, ці то ў сэнсе пазітыўнага ўспрымання любой пары года.

Характэрнай асаблівасцю дзіцячай творчасці В. Гардзея з першых радкоў становіцца вобразнасць. Зрэшты, так і павінна быць. Тым больш што паэт умее ўбачыць, а галоўнае перадаць самымі рознымі сродкамі, ажывіць і зрабіць зразумелымі для дзіцячага ўспрымання тую ці іншую з’яву прыроды.

Так, вясновы ручаёк не проста цячэ – даганяе братоў, якія “па рэках / Служаць спраўна чалавеку” , раніца не надыходзіць, а працірае вочы, гарбуз з грады прыбіраюць не таму, што яго можа пашкодзіць мароз, а з прычыны прастуды.

Нават калі падобная метафарызацыя адбывалася б як самамэта, тыя радкі маюць права на існаванне. Перадусім таму, што іх эстэтыка і па-мастацку высокая, і псіхалагічна даступная рэцыпіенту. Тым не менш на гэтым аўтар не спыняецца.

Для яго такі падыход – адзін са шляхоў прапедэўтыкі ў свет прыроды. З аднаго боку – даволі займальны, з іншага – які ненавязліва, неўпрыкмет схіляе і да каталізацыі працэсу мыслення дзіцяці. Бо метафару ж трэба разгадаць!

Да таго ж правільны вынік разгадкі прынясе дадатковае задавальненне малому чытачу. Такім чынам яго інтэлектуальнае развіццё заахвочваецца. Прычым да гэтага прышчапляецца інтарэс і любоў.

Паэт неўпрыкмет вучыць атрымліваць радасць ад разумовых працэсаў без біблейскага памнажэння смутку. Эстэтыка В. Гардзея ненавязлівая. Яна адапатаваная да светапогляду патэнцыйнага чытача, які толькі-толькі прыйшоў да кніг.

Аўтар хутчэй дапамагае ўгледзець прыгажосць нашага свету. Многія вершы (як і сама кніжка) пачынаюцца з пейзажнай замалёўкі:

Сонца яснае ўставала,

І туман сплываў, як дым,

Жураўліха танцавала

З журавелькам маладым.

(Верш “Танцы журавоў”)

Паэтам не проста вышукваецца прыгажосць у навакольным жыцці, – звычайныя рэчы, з’явы В. Гардзей дапамагае ўбачыць прыгожымі і разумнымі. Прычым на мове, дзіцяці зразумелай. Так і адбываецца эстэтычнае выхаванне.

Акрамя яго, адзначым і аптымістычнае гучанне кожнага радка. Аптымізм гэты натуральны, нявыштукаваны. Ім у паэта абарочваецца нават прыход восені, самай змрочнай пары года. Толькі патрэбна разгледзець у яе з’явах і элементах вітальнасць. Так, у вершы “Сланечнік” “брат і палечнік” сонцу хваліцца, быццам ён грэе “ўсіх сваім цяплом”.

Але вось прыходзіць восень,

І хвалька травінкі просяць:

— Халадэча на дварэ,

Ты б, сланечнік, нас сагрэў,

Каб сцюдзёнаю расой

Нам не мыцца раніцой…

Ды ад сораму, канечне,

Голаў апусціў сланечнік.

Як бачна, дзіцячая паэзія В. Гардзея шчодра перасыпана гумарам – лёгка ўспрымальным, разам з тым тонкім. Бываюць творы, у якіх усмешка замешваецца ў адначасовым спалучэнні хітрасці і наіўнасці:

— З’еш салодкі яблык, дзеду,

Што ў суседа я нарваў.

— Дзякуй хоць сказаў суседу?

— Дык мяне ж ён не дагнаў…

(Верш “Добры ўнучак”)

Побач з вышэйадзначанымі “кампанентамі” адрасаванай дзецям вершатворчасці В. Гардзея заўсёды ходзіць мараль. Ізноў-такі без агрэсіі. Але далікатна ўспрымальная. У наступныя дзесяцігоддзі ў азначаным рэчышчы будзе напісаны яшчэ шэраг кніг для дзяцей гэтага аўтара: «На арэхавай палянцы» (1982), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата — трактарыст» (1989), «Зай, які лічыў варон» (1991), «Зайкава балалайка» (1998), “Мудры воран” (2013), “Сарочына цырульня” (2013), “Лясная трывога” (2015).

Да іх арганічна прымыкаюць паэтычна-патрыятычна-экалагічныя выданні “Малая дзіцячая Чырвоная кніга” (2008), “Малая дзіцячая Чырвоная кніга. Ахоўная флора” (2010), “Птушка года Беларусі 2000–2020” (2020).

Як бачым, на дзялянцы, якую В. Гардзей пачаў “кніжна” асвойваць яшчэ 45 гадоў таму, паэт не перастае шчыраваць – і выступае рэгулярна, плённа, арыгінальна. Таму і дзіцячая грамадскаць не толькі прымае па сённяшні дзень творчасць сёлетняга юбіляра, але і ўзносіць яе на афарыстычны ўзровень. Так сталася, у прыватнасці, з наступнымі радкамі:

У чырвоных новых ботах

Ходзіць бусел па балотах…

Менавіта з гэтых вядомых слоў паэта літаратурны крытык Марына Весялуха пачала некалькі гадоў таму свой артыкул пра першую дзіцячую кнігу В. Гардзея «Чырвоны грабеньчык», пры гэтым справядліва падагульняючы: “Думаю, гэтыя радкі з самага дзяцінства памятаюць многія беларусы…

Так, гэта гучыць крыху пафасна, але ж дзіцячыя вершы Віктара Канстанцінавіча сапраўды здольныя і вучыць, і выхоўваць, і забаўляць. Таму яны запатрабаваны не толькі пакаленнямі сучаснікаў, але і наступнікамі”.

Мы ж гэтымі словамі, цалкам пагаджаючыся з імі, свой успамін пра першую дзіцячую кнігу паэта закончым, не сумняваючыся пры гэтым, што час ужо зацвердзіў творы В. Гардзея ў якасці класікі дзіцячай літаратуры і што агучаная ацэнка таксама не трансфармуецца будучымі пакаленнямі чытачоў і крытыкаў.

fgun_furn

Recent Posts

Что выбрать в Лиссабоне для отдыха на воде — яхту, вечернюю прогулку или рыбалку

В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…

1 неделя ago

Почему после поездки в Лиссабон хочется ещё один отпуск

Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…

2 недели ago

Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах

Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…

1 месяц ago

Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье

Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…

1 месяц ago

Как быстро и легко остановить понос народными средствами!

Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…

1 месяц ago

Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз

Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…

2 месяца ago