
Паўлу Андрэевічу 72 гады, з якіх ён вось ужо каля 60 гадоў іграе на гармоніку. Вясковы музыкант – самавучка, навучыўся граць ад свайго бацькі. Ён расказаў, што той выконваў на музычным інструменце класічны рэпертуар: падэспань, польку, кракавяк. А хлопцу гэта было нецікава, і ён стаў іграць эстрадныя мелодыі.
“Мо ў класе пятым вучыўся, калі ўпершыню ўзяў у рукі бацькаў гармонік. Ды так удала ўзяў, што і цяпер з рук не выпускаю”, – пажартаваў музыкант.
На яго рахунку больш за сто мелодый песень з рэпертуара вядомых эстрадных выканаўцаў: Музыкант не толькі грае, але і спявае. Нотнай грамаце ён ніколі не вучыўся, музыку і песні ўспрымаў на слых, развучваў, удасканальваў.
Слава пра юнага музыканта пайшла па раёне, і яго сталі запрашаць пайграць падчас святаў. Павел Андрэевіч успамінае пра адно з першых вяселляў, на якім яму давялося паспяхова сыграць.
“Прыехалі з Дзяніскавіч запрасіць іграць на вяселлі, а я яшчэ ў школе вучыўся, саромеўся вельмі. Кажу: “Ну куды я паеду, я ж малы яшчэ, рэпертуар не надта вялікі ў мяне, што я змагу вам сыграць?” Але людзі надта настойвалі, і я згадзіўся. Адыграў ад душы! Людзі потым дзякавалі. Вось так і пачалася мая вясельная кар’ера”, – усміхаючыся, расказаў Павел Локтыш.
Потым былі вяселлі як у роднай вёсцы, так і ў Задуб’і, Макаве, Хатынічах, Еськавічах, Дзяніскавічах. І нават за межамі раёна – у Століне – куды яго запрасілі граць родныя жаніха, які быў родам з Люсіна.
Павел Андрэевіч расказаў, што невялічкі перапынак у музычнай кар’еры давялося зрабіць, калі служыў у арміі ў танкавых войсках.
“Там не да музыкі было”, – патлумачыў ён.
А вось калі прыйшоў з арміі, то стаў іграць у клубе на вясковых вячорках (так раней называлі дыскатэкі). І на адной з такіх вячорак пазнаёміўся з дзяўчынай Любоўю, якая вучылася тады ў дзясятым класе. Спачатку маладыя сустракаліся, а потымі зладзілі вяселле.
“Надта добра граў Паша, аж заслухоўвалася. Ды і не я адна, усім яго гармонік і песні былі даспадобы”, – усміхаючыся, расказала пра першыя ўражанні Любоў Іванаўна.
Павел Андрээвіч з музыкай сябраваў заўсёды: і калі працаваў у мясцовым калгасе шафёрам, і калі перад выхадам на пенсію перайшоў працаваць па гэтай жа прафесіі ў “глаўк”. Ведаючы яго захапленне і музычны талент, яго сталі запрашаць у мясцовы клуб, каб ён падыграваў спявачкам з калектыва “Дубрава”.
З калектывам ён выступае больш за дзесяць гадоў. “Запрашаюць – граю, бо не бачу сябе без гармоніка, – сказаў музыкант і дадаў: – Музыка для мяне – гэта радасць. Калі сумна – саджуся за гармонік і… адпускае. Калі радасна – таксама граю. Гэта маё жыццё”. Цяпер, праўда, на вяселлях не грае. Кажа:
”Мода на свята з гармонікам прайшла. Цяпер усё болей у рэстаране вяселлі гуляюць, а там музыка іншая”.
Ды і вяселляў у вёсцы цяпер амаль не спраўляюць, бо моладзі ў Люсіна, па словах Паўла Локтыша, з кожным годам усё менш і менш…
У сям’і Локтышаў не толькі гаспадар, але і жонка цесна звязана з музыкай. Любоў Іванаўна вось ужо трэці год з’яўляецца актыўнай удзельніцай люсінскага калектыва “Дубрава” – з задавальненнем спявае разам з сяброўкамі. Яна расказала, што спяваць любіла з маленства, але да выхаду не пенсію ўсур’ёз не ўспрымала сваё захапленне.
Толькі, бывала, напявала сама сабе, калі займалася хатнімі справамі ці на сямейных святах падпявала мужу. А з-за працы – яна 38 год адпрацавала ў гандлі, у мясцовай краме загадчыцай – не было калі ўдзельнічаць у самадзейнасці.
“Мы ж раней як працавалі – да апошняга пакупніка, а не па графіку дзверы крамы зачынялі. І сумяшчалі справу прадаўца, грузчыка, прыбіральшчыцы… Дадому позна прыходзіла, не да спеваў было”, – патлумачыла жанчына.
Затое на пенсіі, калі з’явіўся вольны час, Любоў Іванаўна ўспомніла пра сваё захапленне і цяпер з задавальненнем спявае на сцэне. Але і для сябе Локтышы заўсёды граюць і пяюць з радасцю.
Кажуць, што ў іх доме заўсёды ладзілі вясёлыя сямейныя святы: гучыць музыка, а дзеці і ўнукі не толькі слухаюць бацькоў, калі тыя спяваюць пад акампанемент гармоніка ці баяна, але і падпяваюць ім. А адзін з унукаў нават іграе на гітары. “Музыка з намі заўсёды. Як жа без яе? Без музыкі як без душы”, – сказала гаспадыня.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More