
У нядзелю 28 лістапада ў праваслаўных вернікаў распачаўся Калядны пост, і ў гэты час прынята адмаўляцца ад спажывання ежы жывёльнага паходжання. Гэта значыць, давядзецца адмовіцца ад мяса (свініны, ялавічыны, а таксама мяса птушкі), малочных прадуктаў і яек.
Але ў праваслаўнай царкве дазваляецца паслабенне для хворых, дзяцей, цяжарных і для людзей цяжкай фізічнай працы. Ну і, вядома ж, вайскоўцам не абавязкова прытрымлівацца строгага посту, тым больш, што і выбару ў іх асаблівага няма.
Самае галоўнае ў гэты час – малітва і праца над самім сабою. Я ж падчас сваёй службы ў войску вырашыў трымаць строгі Калядны пост. Раскажу, што з гэтага атрымалася.
Быў я чалавекам веруючым і нават падумваў пасля службы ў войску стаць святаром. Ды і цяпер, хоць у царкву амаль не хаджу, але ў Бога веру. Ужо напрыканцы сваёй службы вырашыў: чаго б мне гэта ні каштавала і якія толькі выпрабаванні не выпадуць на шляху да рэалізацыі гэтага майго рашэння, вытрымаю пост да канца.
Пры гэтым я цудоўна разумеў, што ўсе сорак дзён мне давядзецца практычна галадаць. Тыя, хто служыў у войску, ведаюць, што ўсе стравы там гатуюцца з выкарыстаннем прадуктаў жывёльнага паходжання альбо на тлушчы. Таму ўсе гэтыя дні ўся мая ежа – хлеб і вада!
Ведалі аб маім рашэнні выключна толькі хлопцы аднаго са мною прызыву. Безумоўна, яны былі ўпэўненыя, што праз дзень-другі я кіну гэтую справу і буду харчавацца, як усе. Але яны памыліліся. Маё рашэнне было добра ўзважаным, і я выдатна разумеў, на што іду.
Паступова аб гэтым даведаліся і іншыя саслужыўцы, тым больш што ўсе катлеты, дранікі з мясам і нават масла я аддаваў іншым салдатам. Я сам нічога не афішаваў, але і не рабіў своеасаблівай таямніцы. Што праўда, прасіў хлопцаў не казаць пра гэта афіцэрам. Бо добра разумеў, што калі яны даведаюцца, дык тады мой рэлігійны ўчынак можа абярнуцца для мяне дадатковымі выпрабаваннямі.
Дзесьці праз тыдні два хлопцы зразумелі, што моцна памыліліся на мой конт і што ўрэшце я прадоўжу пост да канца. І разам з тым вырашылі адгаварыць мяне трываць далейшую “галадоўку”! Маўляў, усё, дружа, час спыніцца, так ты да дэмбеля не дацягнеш! На што я катэгарычна адказаў:
“Дзякуй за перажыванні і клопат! Але я распачынаў пост не для таго, каб потым кінуць на паўдарозе! Раз я сказаў, што вытрываю – значыць вытрываю!”
Пасля гэтай нашай размовы яны расказалі аб усім лейтэнанту (на жаль, я не памятаю ягонага прозвішча), які быў намеснікам майго камбата. Лейтэнант быў амаль майго ўзросту, толькі-толькі з вучэбкі. Таварыш лейтэнант правёў са мною сяброўскую прафілактычную размову.
Ён мяне пераконваў, што ў войску не месца для рэлігійных подзвігаў і што цяпер мая задача – вярнуцца дадому жывым і здаровым. Маўляў, вера – гэта добра, але цяпер не час і не месца для ахвяры! Я яму падзякаваў за клопат і адказаў:
“Я выдатна разумею, на што іду, і ад свайго рашэння не адступлюся!”
Ён яшчэ спрабаваў мяне пераканаць спыніць пост, але зразумеў, што гэта ў яго не атрымаецца. Тады далажыў аб маім рэлігійным учынку камандзіру дывізіёна. Падпалкоўнік таксама спрабаваў да мяне дастукацца, сыпаў усё тымі ж аргументамі, што і лейтэнант.
Тут ужо я быў вымушаны фармальна з ім пагадзіцца, але ўцямнага адказу на пытанне, спыню я пост ці не, ён усё ж не атрымаў. А пагадзіўся так толькі для таго каб, урэшце, усе пакінулі мяне ў спакоі. І гэтая мая тактыка займела плён. Больш аніякіх падобных размоў са мною не праводзілі, хоць і ведалі, што пост я па-ранейшаму саблюдаю.
Лейтэнант быў, мабыць, вельмі ўражаны маёй прынцыповасцю і вераю, таму што на Новы год пачаставаў мяне “снікерсам”. Вы шмат бачылі, каб камандзіры частавалі сваіх падначаленых шакаладам, а не трохпавярховым матам?! Не?! Я дык бачыў такое ўпершыню!
Завяршыць мой пост дапамагла вайсковы кухар. Жанчына вельмі спагадліва да мяне ставілася і заўсёды, калі была ў нарадзе па сталовай, мяне падкормлівала. Гатуючы ці то кашу, ці то бульбу, адкладвала мне ежу на талерку асобна і толькі потым у агульны кацёл дадавала тушонку.
Апроч таго, клала мне на талерку і марынаваныя агуркі, якія ў сваім рацыёне бачылі хіба што афіцэры. Мы ж, простыя салдаты, былі пазбаўленыя такіх прысмакаў. Падсілкавацца такім чынам я мог усяго толькі раз у чатыры дні, выключна тады, калі ў нарадзе была гэтая жанчына. Іншыя кухары мяне так не песцілі. І таму звычайны рацыён у астатнія дні быў просты – кубак гарбаты і луста чорнага хлеба.
Пры гэтым я працягваў жыць звычайным побытам салдата беларускага войска – ад нарадаў, ад працы ў парку вайсковай тэхнікі і ад фізпадрыхтоўкі мяне ніхто не вызваляў! Што праўда, я сам для свайго задавальнення па вечарах не раз клаўся пад штангу, каб зрабіць які дзясятак адцісканняў. Таму за гэтыя сорак дзён я вельмі моцна схуднеў.
Пры гэтым здароўе я не падарваў, ды і жыцця таксама не страціў! Галоўнае, верыў у сябе і ў свае сілы, ды і здароўе фізічнае мела істотнае значэнне. Калі маеце духоўную неабходнасць у такім рэлігійным учынку, калі ласка! Калі ж не?
Нічога страшнага, Бог вас за гэта не асудзіць! Для Яго галоўнае – ваша вера і малітва, а ўсё астатняе – гэта другаснае!
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…
Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…
Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…
Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…
Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…
This website uses cookies.
Read More