
З архіва "ГЧ".
Добры дзень, паважаныя супрацоўнікі газеты “Ганцавіцкі час”
Вельмі хочацца падтрымаць вас у цяжкі для вас час. Вырашыла напісаць, як мне, ды і не толькі мне, дапамаглі журналісты вашай газеты.
Я, можа, і прайшла б міма гэтага конкурсу, але калі прачытала ліст гараджанкі Ніны Сямёнаўны Вашкевіч, мне адразу ўспомнілася фраза: «Зараз пазваню ў “ГЧ”, а там разбяруцца па справядлівасці.»
Тады і нахлынулі на мяне ўспаміны. Бо гэтую фразу я чула неаднаразова, і сама не раз яе прамаўляла. Некалькі гадоў таму ў канцы маёй вуліцы Першамайскай былі велізарныя ямы, адным словам, брады. Пасля дажджоў, асабліва ўвесну, немагчыма было дайсці дадому або выйсці з хаты. На гэтым участку дарогі жыве чатыры сям’і.
Мы часта звярталіся з гэтай праблемай да мясцовай улады. У адказ чулі толькі абяцанне або прапанову сабрацца і заплаціць за тэхніку і пясок самім.
Неяк раз, раззлаваўшыся на ўвесь свет, я напісала артыкул у газету ”Ганцавіцкі час” пра нашу праблему. Пётр Паўлавіч Гузаеўскі парэкамендаваў мне звярнуцца да старшыні райвыканкама Уладзіміра Міхайлавіча Столяра. Пасля майго візіту ў райвыканкам праз некалькі дзён прыйшоў ліст з тэкстам, што падсыпка будзе праведзена вясной – праўда, у якім годзе, не ўдакладнілі.
Час ішоў, а мы ўсё хадзілі ў гумовых ботах. Вучні ішлі ў школу, трымаючыся за платы, а ў садок мы перавозілі дзяцей на веласіпедах. Калі прабіралася па гразі ў чарговы раз, маё цярпенне лопнула і я патэлефанавала на “гарачую лінію” “Ганцавіцкага часу”. Я распавяла ў падрабязнасцях аб праблеме Пятру Паўлавічу.
І хутка да мяне прыехала журналістка Кацярына Курловіч – мая аднавяскоўка, якая ў той час працавала ў газеце. Дарэчы, я выносіла ёй гумовыя боты на скрыжаванне, каб яна магла дайсці да майго дома. Кацярына сфатаграфавала наша балота, напісала артыкул і прыклала да яго адказ з райвыканкама.
Праз некалькі дзён мяне разбудзіў гук тэхнікі пад акном: рабілі падсыпку дарогі і вазілі нават не пясок, а друз. “ГЧ” стварыў цуд! Мы некалькі гадоў спрабавалі нешта зрабіць, а журналісты газеты зрабілі гэта за кароткі прамежак часу.
Зыходзячы з гэтай сітуацыі, я засвоіла ўрок Пятра Паўлавіча: не баяцца стукацца ў зачыненыя дзверы, бо яны калі-небудзь ды адчыняцца.
Яшчэ адзін выпадак быў у маім жыцці, калі я звярталася па дапамогу ў газету. Не памятаю дакладна год, але гэта было недзе ў 2004-2005 год, я тады працавала ў мясцовым кафэ. І быццам добра ўсё было, але санвузел там не працаваў. Драўляны туалет знаходзіўся на вуліцы метраў за 50 ад кафэ. Я ж звычайны жывы чалавек, і мне трэба было калі-нікалі выходзіць па патрэбе.
Ну вось пайшла аднаго разу, а ў той час патэлефанавала начальства на стацыянарны тэлефон – на званок я, вядома, не адказала. Дык пазней, калі датэлефанаваліся, абвінавацілі мяне ў тым, што я не была на працоўным месцы, нават апраўдацца не дазволілі.
“Ах, так? – падумала я. – Зараз патэлефаную Гузаеўскаму, той хутка разбярэцца”. Ну і патэлефанавала, расказала пра набалелае. Пётр Паўлавіч напісаў артыкул на гэтую тэму. Кіраўніцтву, праўда, гэта не вельмі спадабалася, затое не прайшоў і тыдзень, як у кафэ працавалі ажно два санвузлы (“М” і “Ж”).
Пётр Паўлавіч, вы ўмееце пісьменна і своечасова раздаваць чароўныя пендалi!
Некалькі месяцаў таму мой бацька звярнуўся за дапамогай у рэдакцыю газеты з праблемай аб транспартным падатку. Ірына Дамарацкая дапамагла яму разабрацца, падказала, як і куды трэба звярнуцца. Маю маму цікавіла пытанне аб чэках маёмасці – Ірына, як добрая фея, патлумачыла маме, што ды як трэба рабіць.
Вясной мінулага года ў газеце з’явілася рубрыка» Выбери себе друга», дзе размяшчаліся аб’явы пра бяздомных жывёл, якія часова ўтрымліваюцца ў прытулку-ператрымцы. Вы проста не ўяўляеце, якая гэта была дапамога прытулку! Менавіта праз газету вялікая колькасць катоў і сабак знайшла прытулак.
Як сумна, што такая патрэбная газета растварылася. Бо менавіта журналісты “ГЧ” дапамагалі простаму народу вырашаць няпростыя задачы. Куды цяпер звяртацца тым жа пенсіянерам, такім, напрыклад, як мае бацькі, якія ў сельскі Савет не заўсёды адважацца пайсці?
Журналісты “ГЧ” заўсёды падтрымлівалі простых людзей і граматна дапамагалі ім. Людзі маглі звярнуцца з любой просьбай, ім ніколі не адмаўлялі, заўсёды дапамагалі. Яны не дзялiлi людзей на сацыяльныя статусы, уважліва выслухоўвалі і з павагай ставіліся да ўсіх.
Спадзяюся, што гэта часовае непаразуменне і газета ў хуткім часе зноў з’явіцца ў нашых дамах. Вельмі гэтага хочацца. Дзякуй вам, паважаныя супрацоўнікі “ГЧ”, за вашу працу! Чытаю цяпер «Ганцавіцкі час» на сайце.
Жыхарка вёскі Хатынічы, Надзея Васільеўна Мінько
Пісьмы, якія ўжо даслалі нашы чытачы на конкурс «Чым запомніўся «Ганцавіцкі час» можна пачытаць на сайце:
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…
Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…
Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…
Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…
Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…
This website uses cookies.
Read More