
Виталий Герасименя
Унесеныя аб’екты – найбольш каштоўныя помнікі гісторыка-культурнай спадчыны, 19 з якіх адносяцца да нерухомых: цэрквы, капліцы, курганныя могільнікі і інш., 5 – рухомыя – гэта абразы, якія з’яўляюцца ўласнасцю пэўных прыходаў праваслаўных цэркваў.
Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў устаноўлены ў 1982 г. Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і асабліва цікавых месцаў (ICOMOS), што была створана пры ЮНЕСКА. Пачаў адзначацца ён з 18 красавіка 1984 г.
У 1992 г. ва ўжо незалежнай Беларусі быў прыняты закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» і адпаведна быў створаны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, які на сённяшні момант налічвае каля 5 тысяч аб’ектаў.
Пры райвыканкаме створаны каардынацыйны Савет па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, а ўзначальвае яго старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч.
На пасяджэннях каардынацыйнага Савета, што адбываюцца не радзей, чым адзін раз у квартал, разглядаюцца пытанні не толькі беражлівага захавання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, але і іх папулярызацыі, выкарыстання ў турыстычных мэтах і патрыятычным выхаванні моладзі.
За выкананнем заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны сочыць метадыст раённага метадычнага цэнтра пры аддзеле культуры Таццяна Калдушка.
Адметнымі прадстаўнікамі помнікаў архітэктуры на тэрыторыі раёна з’яўляюцца праваслаўныя цэрквы, каталіцкія капліцы і старадаўнія шляхецкія сядзібы. Варта ўзгадаць цэрквы: Георгіеўскую ў Чудзіне, Праабражэнскую ў Будчы, Міхайлаўскую ў Начы, капліцу пры былой сядзібе Абуховічаў у Вялікіх Круговічах, а таксама пахавальную капліцу Вендорфаў у Ясянцы.
Асобна з усяго шэрагу помнікаў архітэктуры можна выдзеліць Георгіеўскую царкву ў Вялікіх Круговічах. Пабудавана яна была ў 1771 г. як уніяцкая на сродкі мясцовага шляхціча Ксаверыя Абуховіча.
У сярэдзіне ХІХ ст. яна стала праваслаўнаю царквою, пасля чаго, па ўсёй бачнасці, значна перабудавалася. Выканана яна з дрэва ў форме прадаўгаватага крыжа, асобна пастаўлена званіца, унутры апсіду ад асноўнага аб’ёму царквы аддзяляе двухузроўневы іканастас на 17 абразоў.
Нельга абысці ўвагай і захаваныя да гэтага часу шляхецкія сядзібы Апацкіх-Свяжынскіх у Агарэвічах і Падарэўскіх у горадзе Ганцавічы (яна месціцца ва ўрочышчы Горкі). Дакладная дата пабудовы сядзібы ў Агарэвічах невядома, але па меркаванні польскага акадэміка Рамана Афтаназі, яна адносіцца да пачатку ХІХ ст.
Да нашых дзён, акрамя сядзібнага дома, захаваўся моцны, на трывалым цокалі, будынак свірана. На адным з яго франтонаў з цэглы выкладзены год пабудовы – 1911. Дата пабудовы сядзібы Падарэўскіх – другая палова ХІХ стагоддзя.
Захаваўся аднапавярховы дом, які зараз выкарыстоўваецца пад кантору паліўнай гаспадаркі, а таксама рэшткі парку і ліпавая алея.
Да помнікаў археалогіі адносяцца шматлікія курганы і курганныя могільнікі, якія ў пераважнай большасці знаходзяцца на поўначы раёна. Курганы на тэрыторыі нашага краю – земляныя насыпы над старажытнымі магіламі, па ўсёй бачнасці, прадстаўнікоў славянскіх плямёнаў дрыгавічоў.
Курганы звычайна акруглыя па форме, дыяметрам 5-15 м, вышынёю 0,5-2,5 м. Дата іх узнікнення адносіцца да Х-ХІІІ стагоддзяў. У народзе курганы часцей за ўсё называюць «капцамі», альбо «валатоўкамі» і звязваюць іх з пахаваннямі шведскіх або французскіх салдатаў.
Вялікую шкоду захаванню курганоў у савецкі перыяд аказала сельская гаспадарка, калі пад павелічэнне плошчаў сельскагаспадарчых угоддзяў разворваліся цэлыя групы курганоў.
Напрыклад, ва ўрочышчы Юліна паблізу Шашкоў з могільніка ў 15 насыпаў захаваўся, на жаль, толькі адзін курган і то дзякуючы таму, што на ім расце старажытны дуб. Не менш пацярпелі і малакруговіцкія групы курганных могільнікаў.
Найбольш вядомая і даследаваная група курганоў – Ясянецкая. Курганы гэтай групы размяшчаюцца на поўдзень ад Ясянца па абодва бакі дарогі на Вялікія Круговічы на працягу 1,5-2 км.
Дакладная колькасць іх невядома, але ў большасці навуковых крыніц іх указваецца да 100 адзінак. Раскопкі ў гэтай групе праводзіў вядомы беларускі археолаг-навуковец, стваральнік археалагічнага музея «Бярэсце» Пётр Лысенка.
Помнікі гісторыі складаюць пераважную большасць з раённага спісу, і іх можна падзяліць на дзве вялікія групы.
Да першай групы адносяць помнікі і мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў, і яны ёсць амаль ці не ў кожнай вёсцы – гэта мемарыяльныя помнікі загінуўшым у гады вайны землякам, а таксама ваенныя пахаванні, для фіксацыі якіх у Беларусі створаны асобны спіс Дзяржаўнага ўліку.
Найбольш вядомы і адметны помнік з гэтай групы – Брацкая магіла на плошчы ў г. Ганцавічы.
Помнік са скульптурамі двух воінаў і плітою з прозвішчамі пахаваных на ёй быў устаноўлены ў 1956 г., а ў 2000 г. – да святкавання 55-годдзя Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне быў заменены на новы, акаваны меддзю, са скульптурнаю кампазіцыяй з дзвюх фігур.
Другая група – гэта помнікі і памятныя мясціны, якія звязаны з імёнамі славутых людзей. Ганцаўшчыне пашанцавала на такіх асоб. У 1902 годзе ў Люсіне пачаў сваю педагагічную дзейнасць Якуб Колас.
На хутары (сёння гэта ўрочышча Шарпутоўшчына) паміж Чудзінам і Пярэвалакамі сваё дзяцінства і юнацкія гады правёў вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі.
У Востраве нарадзіўся вядомы беларускі паэт Міхась Рудкоўскі, суседняя Гута – радзіма вядомых літаратараў Івана Кірэйчыка і Уладзіміра Марука. Горад Ганцавічы стаў другім домам для Васіля Праскурава, яго імем тут названы вуліца і раённая бібліятэка, а таксама ўсталяваны дзве мемарыяльныя дошкі.
На доме па вул. Мантажнікаў, дзе доўгі час жыў Герой Сацыялістычнай Працы Віктар Шапавал, усталявана мемарыяльная дошка.
Да святкавання Дня беларускага пісьменства ў 2011 годзе ў г. Ганцавічы ў скверы быў усталяваны геральдычны знак, а на Алеі пісьменства, якую вянчае помнік Якубу Коласу, былі ўшанаваны найбольш вядомыя мясцовыя літаратары.
***
Кожны помнік і памятная мясціна вартыя асобнай увагі. Мы абавязаны зберагчы гісторыка-культурную спадчыну нашых продкаў і пакінуць яе на доўгія вякі нашчадкам.
Наша газета будзе імкнуцца больш падрабязна знаёміць чытачоў з помнікамі і мясцінамі, якія маюць цікавыя гісторыі і пра якія многія жыхары нашага раёна не ведаюць. У бліжэйшых нумарах “ГЧ” з’явіцца новая рубрыка, дзе чытачы змогуць даведацца пра гістарычную спадчыну Ганцаўшчыны.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More