
Мы прывыклі па зязюліным “ку-ку” адлічваць свае гады. Але ж гэта ўсяго толькі прыгожая легенда. На самай справе куванне для зязюлі – гэта песня, якою крылаты кавалер хоча звярнуць на сябе ўвагу. І ён часам так можа захапіцца сваімі спевамі, што пракукуе больш за 300 разоў.
Але ж зязюлі “праславіліся” не спевамі, а тым, што кепскія з іх атрымліваюцца маці, кепскія гаспадыні і гаспадары: гнёздаў сваіх не маюць, яйкі нясуць проста на зямлі, а пасля ў дзюбе ці ў лапках пераносяць іх у чужыя гнёзды. Як жа гэта адбываецца?
У працэсе падкідвання яек у чужыя гнёзды ўдзельнічаюць і самец, і самка. Завостраныя крылы і паласаты малюнак на жываце падчас палёту робяць зязюлю падобнай да драпежнай птушкі. Дзякуючы гэтаму самец зязюлі палохае птушку – гаспадыню гнязда, а самка ў гэты час падкідвае яйка. Ёй хапае ўсяго 10–16 секунд, каб пакласці яйка ў гняздо. Зязюля падкідвае яйкі не ўсім відам птушак, аднак спіс “ахвяраў” налічвае больш за 100 відаў. Гэта так званыя вераб’інападобныя птушкі: чарацянка, салавей, сітаўка, зяблік, дрозд, заранка, мухалоўка… Галоўнае, каб па форме і па колеры падкінутыя яйкі не вельмі адрозніваліся ад астатніх, і тады прыёмнай маці будзе цяжэй адрозніць іх ад сваіх. Праўда, зязюліны яйкі звычайна крыху большыя.
Зезюляняты выводзяцца праз 10–14 дзён. Вылупіўшыся і адпачыўшы 10–16 гадзін, яны выкідваюць з гнязда прыёмных бацькоў іхнія сапраўдныя яйкі або нават ужо выведзеных птушанятак. Але дзеля справядлівасці трэба сказаць, што зезюляня робіць гэты разбой неўсвядомлена(яшчэ да таго, як у яго пралупяцца вочы): птушаня выкідвае ўсё, што б ні паклалі ў гняздо. Прыёмныя бацькі не крыўдзяцца на зезюляня і не адмаўляюцца карміць чужое дзіця, хоць есць яно столькі, што ім цэлы дзень трэба бесперапынна здабываць для яго розных мошак ды чарвячкоў.
Калісьці яшчэ Арыстоцель пісаў: “Зезюляня такое прыгожае, што яго кармільцы пачынаюць ненавідзець уласных дзяцей”. Знакаміты нідэрландскі арнітолаг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Нікалосас Тынберген вызначыў, што прычына ў жоўтым роце птушаняці і яго ярка-чырвонай глотцы, якія з’яўляюцца спецыяльным сігналам не толькі для гаспадароў гнязда, але і для ўсіх птушак, якія пралятаюць міма з кормам у дзюбе. А есць малое так шмат, што колькі яму ні давай – усё будзе мала. Затое ўжо праз 20 сутак птушаня вылятае з “бацькоўскага гнязда”.
За сезон зязюля адкладвае да 20-ці яек і размяркоўвае па адным у чужыя гнёзды.
Вучоныя знайшлі апраўданне зязюлі-маці. На іх думку, яна падкідвае свае яйкі ў чужыя гнёзды таму, што есць, у адрозненне ад другіх птушак, так званых вусатых вусеняў-матылькоў, якія лічацца ядавітымі. Дарослай зязюлі яны не шкодзяць, а вось малечы… Зязюля на ўзроўні інстынкту адчувае гэта. І вось, каб прадоўжыць свой род, давярае гэта іншым птушкам.
Цікава і тое, што сямейства зязюлепадобных пашырана па ўсім зямным шары, акрамя Арктыкі і Антарктыды. Жывуць гэтыя птушкі ў светлых лясах і садах. Кормяцца яны насякомымі і іх лічынкамі і таму з’яўляюцца карыснымі ў лясной і сельскай гаспадарках.
Зязюля прылятае з выраю ў другой палове красавіка, а адлятае ў цёплыя краі звычайна ў другой палове жніўня–верасні. Зімуе ў Афрыцы і Паўднёвай Азіі. Ляцяць птушкі часцей паасобку. І калі мы чуем “ку-ку”, дык гэта голас самца, а голас самкі нагадвае чалавечы рогат.
Вось яна якая, наша незнаёмка-зязюля. Будзем жа любіць і прывячаць яе не толькі ў Год зязюлі.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More