
Светлана Курилик
Смяецца той, хто смяецца… без наступстваў
Праблема 1: парывы водаправода. У мінулы чацвер у рэдакцыю патэлефанаваў жыхар вуліцы Някрасава Міхаіл Скарына і расказаў, што амаль месяц на названым скрыжаванні выцякае вада з пашкоджаных водаправодных труб. “Сёлета мы адзначаем Год беражлівасці і эканоміі. А тут – цэлая рэчка вады: калі б не канава побач, мы б увогуле паплылі! Колькі ж грошай прыйдзецца заплаціць людзям за такую безгаспадарчасць! Бо каб камунальная служба такое бязладдзе аплачвала са сваёй кішэні, то парывы даўно б устаранілі,” – абураўся Міхаіл Уладзіміравіч.
Менавіта гэты званок прымусіў журналіста адправіцца на “мокрае” скрыжаванне. Яно сапраўды такім аказалася: нягледзячы на тое, што вуліцы даўно “падсушыла” сонца, на скрыжаванні – “мора разліванае”. Вада, відаць, даўно “праклала” для сябе зручныя шляхі да луж і далей, у канаву. Над вялізнай лужынай узвышаюцца тры калы, перавязаныя бруднай стужкай: гэта павінна азначаць “сюды не лезь!”.
“Я тут нядаўна нейкага хлопчыка ратавала: ледзь павыцягвалі ногі з лужыны – так засмактала. Дык ён перепужаўся і так даў лататы!” – успамінае нядаўні выпадак Валянціна Канстанцінаўна Хілюціч.
“Сёлета столькі вады ўліло з неба, а тут яшчэ і з месцаў парываў цэлы месяц вада сцякае акурат у наш агарод. Што ж вырасце ў такім агародзе?! – бядуе Соф’я Ільінічна Дзічка якая жыве па вуліцы Някрасава, акурат каля злашчаснай канавы. Менавіта яна паказвае другі, менш заўважны, але таксама даволі вялікі парыў. – І гарадскія службы не бачаць гэтага! Затое калі мы прывезлі дровы і скінулі каля брамы, дык на другі ж дзень міліцыянер убачыў “непарадак”. Выклікалі нас у “белы дом” і далі штрафу. Дзе справядлівасць?”
Праблема 2: адкрыты люк. Пра яго жыхарам вуліц і расказваць не прыйшлося: ён знаходзіцца акурат каля парыву і “гаворыць” сам за сябе. Яго вялізная дзірка “клапатліва” ахінута з усіх бакоў накрыўкай з кола.
“Гэта мы самі прыкрылі дзірку. Бо надта яна прываблівае дзяцей. А на бяду ж многа не трэба,” – разважае Валянціна Канстанцінаўна Хілюціч.
Люк на гэтым скрыжаванні адкрыты дзесьці ўжо тры гады. “Магчыма, і больш, дакладна не памятаем,” – заўважае Тамара Шаўчынская. Але гэтага часу, відаць, малавата, каб адпаведныя службы адчулі небяспеку.
З пытаннямі, якія тычыліся парываў водаправода і адкрытага люка, журналіст звярнулася да майстра ўчастка вады і каналізацыі КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Леаніда Кісялевіча. І вось тут, як кажуць, на пустым месцы, узнікла праблема № 3: немагчымасць атрымаць адказ спецыяліста. У першай тэлефоннай размове Леанід Трафімавіч паабяцаў выехаць на месца і разабрацца з сітуацыяй. Потым на працягу двух дзён на шматлікія званкі ён адказваў, што або моцна заняты і не можа гаварыць, або – за рулём. У супрацоўнікаў рэдакцыі нават склалася адчуванне, што Леанід Кісялевіч як сеў за руль аўтамабіля – так і не вылазіў з-за яго два дні! Вось і думаем: ці не перакваліфікаваўся майстар у вадзіцеля? Хто ж тады будзе рамантаваць трубы і закрываць люк? Падчас апошняй тэлефоннай размовы “па справе” пагаварыць таксама не атрымалася: нястомны працаўнік быў зноў за рулём! Журналісту стала сорамна, што адрывае ад руля такога занятага чалавека, заставалася толькі пажартаваць. Леанід Трафімавіч у адказ рассмяяўся: пэўна, запамятаваў чалавек, што смяецца той, хто смяецца без наступстваў.
Сітуацыі будуць разгледжаны і па магчымасці вырашаны
На іншыя пытанні, якія ўзніклі на названым скрыжаванні, адказы ад спецыялістаў былі атрыманы адразу.
Праблема № 4: тэрыторыя, якая зарасла пустазеллем. Яна знаходзіцца акурат за плотам ганцаўчанкі Ніны Гатоўчыц.
Як вядома, кожны жыхар населенага пункта павінен падтрымліваць чысціню і парадак не толькі ў сваім двары, але і на прылягаючай да домаўладання тэрыторыі да восі праезнай часткі вуліцы па ўсёй даўжыні ўчастка. Аднак, як расказалі суседзі жанчыны, Ніна Дзмітрыеўна гэтага сама рабіць не можа: яна – інвалід 1-й групы, яе дачка жыве ці то ў Расіі, ці то ва Украіне.
“Пакуль мой муж мог, дык падкошваў і сваю тэрыторыю, і гэту. Але ж гады ідуць, сілы не тыя. Як бы гэта дапамагчы суседцы?” – папрасіла Валянціна Канстанцінаўна Хілюціч.
Пазней начальнік па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Клявец здзівілася: “Звычайна ў нас такіх пытанняў не ўзнікае: Ніна Дзмітрыеўна сама тэлефануе, расказвае аб праблемах”. На гэты раз суседзі аказаліся больш спрытнымі. “Мы абавязкова вывучым сітуацыю, і яна будзе вырашана,” – запэўніла Наталля Ігнацьеўна.
Паабяцаў разабрацца з наступнай праблемай і намеснік начальніка КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Сяргей Вайцешык. Праблема № 5: небяспечны паварот са скрыжавання на вуліцу Гойшыка. Пясок паступова ссыпаецца ў меліярацыйны канал, і паварот “нахіляецца” ў яго бок. “Хоць бы якую-небудзь агароджу тут зрабіць. Асабліва зімой ездзіць на машыне тут рызыкоўна. Былі выпадкі, калі машыны “навісалі” над канавай і вадзіцелям дапамагалі ратаваць іх аўтамабілі,” – расказваюць жанчыны.
“Вялікага транспартнага руху на вуліцах Калініна і Гойшыка няма. Але мы паглядзім, што там можна зрабіць. Магчыма, установім агароджу. Будзем разбірацца на месцы,” – паабяцаў Сяргей Вайцешык.
Хаця пакуль рэальных вынікаў і няма, аднак калі праблемы будуць вырашаны, журналісты “ГЧ” з задавальненнем працягнуць тэму малога скрыжавання і раскажуць аб тым, як хутка і якасна спрацавалі адпаведныя службы, як клапоцяцца яны аб людзях.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More