
У адной з нядаўніх нядзельных радыёперадач для вернікаў-католікаў святар паведаміў, што беларусы займаюць трэцяе месца ў свеце па колькасці абортаў.
Забойствы, самазабойствы, аборты… Як жа людзі дайшлі да такога? Няўжо ж так ачарсцвелі, страцілі лепшыя чалавечыя якасці, акамянелі душамі, страцілі рэшткі духоўнасці? Мы аднаўляем, будуем храмы, вянчаемся , хрысцім дзетак, наведваем храмы, а на самай справе такія далёкія ад веры, ад Бога. Бо забойства – адзін з найвялікшых грахоў, а жыццё – самы вялікі і дарагі Божы дар чалавеку. Права распарадзіцца даўжынёй жыццёвай дарогі Усявышні пакінуў за сабою. Падмяняць Яго волю не дадзена нікому са смяротных.
Колькі нас ходзіць у храмы на малітвы? Адкажу: мала. Многія за сваё жыццё так і не рашаюцца пераступіць парог храма. Ды і сярод тых, хто спраўна ходзіць у царкву, ці многа сапраўдных веруючых? Можа, таму і выходзіць, што рашаюцца на самазабойства людзі, далёкія ад Бога.
Нам усім: грамадству, дзяржаве – трэба рабіць рашучыя захады, каб наблізіцца да Бога. Першыя крокі да Яго часта нясмелыя. І царкоўнікам трэба беражліва адносіцца да такіх асоб, а не аспрэчваць іх, гаворачы: “Калі ты не спавядаешся, то чаго ходзіш у царкву?” А чалавек толькі-толькі пераступіў парог храма, і яго шлях да сапраўднай веры часам вельмі доўгі. Прыспешваючы чалавека, можна і нашкодзіць. Іншы раз ён прыходзіць да Бога падчас пэўнага ўзрушэння, нейкага адзінага выпадку ці падзеі.
Мне падаецца, што было б вельмі добра, каб святары знаходзілі час і наведвалі нямоглых ці цяжка хворых людзей (нават калі тыя і лічыліся няверуючымі). Гутарка святара з нямоглым чалавекам дапамагла б апошняму ўмацаваць свой дух, прыблізіць яго хаця б напрыканцы жыцця да Бога, адкінуць страх смерці, па-іншаму ўспрымаць адыход з зямнога жыцця.
Каб мы сталі сапраўднымі хрысціянамі-веруючымі, лічу, што даўно наспела пара ўвесці ў школе выкладанне Закона Божага. Не адно пакаленне вырасла ў паняверцы. Бацькоў нашых адарвалі ад веры, дзеці раслі няхрышчанымі. Жылі ў грамадзянскіх шлюбах без вянчання, без Божага благаслаўлення (а цяпер і наогул многія сужыцельствуюць нават без афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу!). А каб дзеці выраслі сапраўднымі вернікамі, трэба, каб іх нарадзілі веруючыя бацькі, каб яны маліліся за дзетак яшчэ да іх нараджэння. Ахрышчанае дзіця разам з бацькамі з малых гадоў добра ведала б дарогу ў царкву. Пайшоўшы ў школу, усё тое, што было спасцігнута ў сям’і, падмацоўвалася б вывучэннем Закона Божага. Вось тады можна было б спадзявацца, што чалавек вырасце сапраўдным хрысціянінам, вернікам па паняцці, а не па модзе. Такі чалавек не зробіць аборт, не заб’е за бутэльку гарэлкі другога, не стане забойцам, не пройдзе міма таго, хто апынуўся ў цяжкім становішчы.
На пасяджэнні раённага каардынацыйнага савета з боку кіраўніцтва раёна прагучаў папрок у адрас сацыяльнай і псіхалагічнай службаў, РЖКГ. Але ж ці толькі яны павінны несці адказнасць за сітуацыю? Галоўная прычына мне бачыцца ў той маральна-духоўнай атмасферы, якая стала пануючай у нашым грамадстве. Выдатны беларускі пісьменнік Георгій Марчук зазначыў, што пошукі сэнсу жыцця ў наш час змяніліся на пошукі грошай, што грамадства ахапіла доларавая шызафрэнія.
Задумаемся над пытаннем: хто ў нас адказвае за духоўнае і фізічнае здароўе нацыі? Гэта і дзіцячыя садкі, і школа, і ВНУ, і медыцына, сацыяльныя службы, увесь чыноўніцкі апарат, уся творчая інтэлігенцыя краіны. Гэта і ўсе мы, бо кожны з нас павінен прызнаць сваю віну за духоўныя немачы асабістыя і ўсяго грамадства. Бо кожнаму з нас павінна быць справа да таго, што дзеецца вакол нас. Усе мы – калегі, суседзі, таварышы, сябры, родныя тых, хто добраахвотна заўчасна адыходзіць з жыцця. Нехта ж з нас не здолеў заўважыць, што ў чалавека з’явіліся невырашальныя праблемы. А ў крытычны момант нікога побач не аказалася. І няшчаснаму падалося, што адзінае выйсце – пятля ці скачок з даху вышыннага будынка. У роспачы чалавек робіць свой апошні крок – крок у небыццё.
Сказаўшы, што ў падобным выпадку вінаватыя і дзяржава, і ўсе мы, я ні ў якім разе не здымаю віны з самога чалавека, які выбраў такі шлях рашэння праблемы. Ці ўсе варыянты выхаду з тупіка ён апрабаваў? Іх жа дзясяткі ў любой сітуацыі. Невыпадкова некалі вялікі Сервантэс сказаў: “У няшчасці лёс заўсёды пакідае дзверцы для выхаду. А калі не знойдзеш іх – мужна перанось тое, што пасылае табе лёс. І памятай, што няма такога вялікага гора, якога розум і час не зменшылі б”. А Эзоп, добры знаўца жыцця, павучаў так: “ Калі прыйдзе да цябе гора, паглядзі вакол і знайдзі суцяшэнне: ёсць людзі, доля якіх яшчэ цяжэйшая, чым твая.”
Нельга замыкацца ў сабе, у сваім горы, трэба ісці да людзей, бо ў свеце многа дабрыні. Але ж трэба памятаць і пра тое, што нашы ўчынкі – бумеранг: добрае вяртаецца, а за дрэннае трэба плаціць. І часта – вельмі дорага. Неабходна мець мужнасць прызнаць гэта і перанесці як жыццёвую справядлівасць.
Нам усім неабходна быць больш уважлівымі да тых, хто побач: да родных і блізкіх, суседзяў і калег. Не кожны ў цяжкую хвіліну можа сам папрасіць дапамогі. А чуласці, дабрыні, суперажывання ў нас становіцца ўсё меней. Мы імчымся навыперадкі адзін перад адным за ўяўнымі каштоўнасцямі, дбаючы пра матэрыяльны дабрабыт. Чарсцвеюць у гэтай гонцы нашы душы, стынуць нашы сэрцы. І цяжка нам, такім халодным, адчуць нямы крык другой душы.
Часцей трэба глядзець у вочы людзям, заўважаць у іх роспач і адчай, спяшацца працягнуць руку, падставіць сваё плячо ці проста сказаць цёплае слова – дапамагчы чалавеку паверыць, што няма такога туману, з якога нельга выйсці. Сёння мы некаму прыйдзем на дапамогу – заўтра нехта нам. Калі б не было бяды і няшчасця ў жыцці, мы не змаглі б ацаніць па-сапраўднаму і шчасце.
Так, жыццё не гладкая дарога сярод квітнеючага саду. У кожнага з нас бываюць і непаразуменні з блізкімі, і нягоды, і няшчасці, і дэпрэсіі. Але ж варта вучыцца пераадольваць іх і не траціць веры ў лепшае. Трэба мацаваць свой дух, бо толькі духоўна моцны чалавек знойдзе ў сабе сілы для пераадолення выпрабаванняў лёсу.
Асабліва ўважлівымі трэба быць да падлеткаў. Патрэбна з самага дзяцінства ў сям’і, а потым і ў школе садзейнічаць фарміраванню глыбокага ўсведамлення каштоўнасці жыцця. Неабходна вучыць падлеткаў, куды і да каго яны могуць звярнуцца за дапамогай, атрымаць кваліфікаваную параду.
Людзям, якія аказаліся ў цяжкім духоўным становішчы, неабходна знаходзіць свае рэцэпты суцяшэння. Адзін з іх – творы мастацтва. Адгарніце любімыя старонкі і перачытайце іх. Успомніце шчаслівыя моманты свайго жыцця. Вярніцеся думкамі ў дзяцінства. Успомніце родных і блізкіх, якія любілі вас. Падніміце галаву і ўглядзіцеся ў высокае чыстае неба. Звярніцеся з малітваю да Усявышняга. Не ведаеце ніводнай малітвы? Складайце сваю, гаварыце з Богам сваімі словамі. Вы адчуеце, як вам палягчэе, адчуеце, што там высока ёсць нехта, хто любіць вас усялякага: добрага, дрэннага, веруючага і грэшніка… І вы зразумееце, што не маеце права падмяняць Яго волю.
Майстэрства жыць вельмі простае і ў той жа час вельмі складанае, а падказка – у біблейскім выслоўі “Ды любіце адзін аднаго”.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More