
Петр Гузаевский
Мы запоўнілі нашы кватэры мэбляю, гардэробы – строямі, кашалькі – “зялёненькімі”. І наколькі расце наш матэрыяльны дабрабыт, настолькі, мабыць, бяднеюць нашы душы. Мы амаль забылі дарогу да Храма Божага. Чалавек сыты і абыякавы часцей за ўсё яе і не шукае. Ідэал такога чалавека – туга набіты кашалёк. Аднак я не стаўлю знак роўнасці паміж паняццямі “багацце” і “бездухоўнасць”.
Даволі заможны чалавек, вялікі паэт Усходу Нізамі ствараў на свае сродкі бібліятэкі, медрэсэ, дапамагаў студэнтам. У сярэднія вякі венецыянскія дожы падтрымлівалі мастакоў і мастацтва, не шкадуючы на гэта сваіх сродкаў. Леў Талстой быў даволі багатым чалавекам, але мала хто па сіле духоўнасці можа параўнацца з ім. Ён быў і застаецца прыкладам служэння дабру, справядлівасці, міласэрнасці, любові да радзімы, людзей.
Маральныя законы вечныя: колькі існуе чалавецтва, столькі існуюць і яны. У духоўнасці ёсць свая вышыня. Хтосьці з мудрых сказаў, што, навучыўшыся любіць усё жывое, чалавек будзе на паўдарозе да гэтай вышыні. Калі ў чалавеку будзе жыць любоў, ён не пазайздросціць поспеху калегі, а наадварот, парадуецца за яго; не пакрыўдзіць іншага і даруе таму, хто пакрыўдзіў яго; будзе шчодрым, міласэрным і прыйдзе на дапамогу другому; будзе сам сумленны з людзьмі, жывучы з імі адкрыта, памятаючы біблейскія запаведзі
Дактары напамінаюць нам, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць, а калі яна ўжо пасялілася ў якім органе – дык трэба неадкладна распачынаць яе выгнанне, каб яна не ахапіла ўвесь орган ці нават арганізм. Так і з духоўнасцю. Мы заплюшчваем вочы, каб не бачыць тое, чаго нам не хочацца бачыць. П’янства, алкагалізм, наркаманія, а цяпер спайсы, сіроцтва, суіцыд… Гаворачы пра гэтыя заганныя з’явы ў нашым грамадстве, вельмі ж мякка выказваемся: ”пакуль што яшчэ не выкаранены…” А яны, гэтыя заганы, як зараза, пашыраюцца, разрастаюцца, разбэшчваюць маладое пакаленне, калечаць і фізічна, і духоўна. Вось і са спайсамі спахапіліся, калі яны ўжо нарабілі бяды. А дзе ж мы ўсе былі раней
На вёсцы некалі колькі было п’яніц? Адзін-два. А сёння?
У маім дзяцінстве ўсе мужчыны-калгаснікі ехалі за 50 кіламетраў з Вострава ў Макава, бо там калгасу адводзілі надзелы балота пад сенажаць. Яны там і жылі, пакуль не нарыхтоўвалі сена для калгаснага статку. У вёсцы заставаліся жанчыны, дзеці, падлеткі ды старыя. Жанчыны палолі калгасныя дзялянкі ільну, буракоў, кукурузы. Дзеці і падлеткі дапамагалі ім. Ды і статак вясковы пасвілі дзеці і падлеткі. А што цяпер?
Мяркуйце самі, асабліва тыя, чые дзеці нядаўна скончылі школу або яшчэ наведваюць яе. Ці многія з іх наведваюць розныя секцыі, гурткі, клубы па інтарэсах? Думаю, усім вядома, чаму. Існуе выказванне, што прырода не церпіць пустаты. Вось і выкарыстоўваюць гэта ў наш час розныя прайдзісветы, запаўняючы пустату рознымі відамі таннай “развлекухи”, спайсамі, наркотыкамі і яшчэ чорт ведае чым.
Мы цешымся, называючы сябе талерантнымі, добрымі, міласэрнымі. А чаму ж тады ў нас, такіх добрых і міласэрных, столькі сірот? Ці задумваліся вы, чаму гэта ў кожным раёне ёсць дзіцячы прытулак і бальніцы для састарэлых? Раней, калі і ўзнікалі праблемы са старымі, дык толькі з адзінокімі, без радні. А калі была радня, хоць і не зусім блізкая, – знаходзіўся і кавалак хлеба, і куточак для старых ці дзяцей-сірот. Тут нам павучыцца б у народаў Каўказа.
Не магу забыць гадоў колькі таму выпадкова пачутую гісторыю. Паехалі мы неяк на храмавае свята ў адну з вёсак суседняй Піншчыны. Акрамя мясцовага люду, назыходзілася і наз’язджалася туды вернікаў з Ганцавіцкага, Івацэвіцкага, Баранавіцкага раёнаў. Сяджу я ў перапынку паміж службамі на лаўцы ля царквы, а побач прыселі дзве знаёмыя між сабою жанчыны з розных вёсак і разгаварыліся. Гаворка зайшла пра іх знаёмую настаўніцу. Была гэтая настаўніца прыезджай, жыла разам з маці ў вёсцы даўно, мужа і дзяцей у яе не было. Калі маці памерла, дачка пахавала яе тут жа, у вёсцы. Прыйшла немач і да самой настаўніцы. Яе адвезлі ў дом для састарэлых у Лясную, што ля Баранавічаў. Там яна памерла, там яе і пахавалі.
Дык дзе ж тут нашы душы? Настаўніца перавучыла не адно пакаленне, там жылі яе вучні, іх бацькі, іх дзеці і ўнукі. Няўжо ж нельга было пахаваць яе па-хрысціянску, усёй вёскай, каб спачывала яна побач з маці? У беларускай мове ёсць слова “талака”, якое абазначае дзейства, работу, выкананую агулам, разам, бясплатна, на карысць таму, каму патрэбна дапамога. На жаль, аказалася гэтае слова сярод устарэлых, бо знікла само гэтае дзейства, узаемадапамога.
І згасла неяк раптам радасць ад свята. Мне стала страшна. Балючым аскепкам асела ў маёй душы гэтая жыццёвая гісторыя. Можа, таму, што ніхто ні ад чаго не застрахаваны. Але мы, пакуль маладыя і здаровыя, часта бываем сляпымі, не ўмеем распазнаць сапраўднае сярод уяўнага, гонімся за прывідамі, нам усё нечага не хапае. Забываем біблейскі афарызм: бедны не той, у каго мала, а той, каму мала.
У жыцці так многа ўсяго, з чым нельга мірыцца. Агрэсія стала традыцыяй у нашым жыцці, у палітыцы, а ў СМІ – скандалы, плёткі, даносы. Дэгераізацыя, звяржэнне былых куміраў адкрывае дарогу для трыумфу шэрасці. І гэтая шэрасць, пасрэднасць адчувае сваю сілу, падымае галаву, топча сапраўдны талент, а высакароднасць, сумленне, праўдзівасць заганяюцца ў кут. Гаспадарамі жыцця лічаць сябе нахабнікі, часта прайдзісветы – тыя, у каго нішчымная душа, але тоўсты кашалёк. Некалі выдатны беларускі пісьменнік Янка Сіпакоў пісаў: “Едзеш пад Мінскам – дом-палац. Значыць, тут жыве злодзей. Глядзіш – далей яшчэ больш шыкоўны палац – сапраўдны замак. Значыць, тут жыве яшчэ большы злодзей”.
Некалі ці саромеліся, ці баяліся выстаўляць накрадзенае напаказ – сёння гэтым ганарацца. Незабыўная Фаіна Ранеўская казала пра такіх: “Нет большего счастья, как обладать одной извилиной в мозгу и большим количеством долларов”. А сучасны рускі пісьменнік Аляксандр Праханаў пра наш час выразіўся коратка: “Дзе быў Тварэц, аказаўся Купец”.
Я шмат цытую, бо ведаю, што не скажу разумней за вялікіх і знакамітых. Так, вялікі рускі гісторык і філосаф У. Салаўёў, які жыў на стыку ХІХ і ХХ стагоддзяў, прадбачыў наш час, калі гаварыў: “Горе тому обществу, где порок не ищет тёмных углов, а горделиво разгуливает при дневном свете по улицам и площадям”.
А вось яшчэ прыклад. Гляджу тэлеперадачу “Пусть говорят” Андрэя Малахава. На гэты раз яна прысвечана народнай артыстцы СССР, “залатому голасу Расіі” Вользе Варанец. Людзі старэйшага ўзросту памятаюць яе песні «Гляжу в озёра синие…», «Ромашки спрятались…», «Дочери, дочери…», «Я – Земля, я своих провожаю питомцев…» і многа іншых шэдэўраў. Дык яна ж адной сваёй песняй “Гляжу в озёра синие…” выхавала дзясяткі тысяч патрыётаў! Ёй помнік належала б паставіць пры жыцці за гэта! Сумныя развагі выклікала перадача, нават горкія. Бедныя-бедныя мы, бедная Расія!.. Куміры тыпу Максіма Галкіна жывуць у замках, а Вольга Варанец – у маленькай двухпакаёўцы на 28 квадратных метраў! Можа, сённяшнія лепсы ці міхайлавы могуць прыблізіцца да яе? А яны ж – куміры. Ад іх “млеюць” тыя, у каго слабыя сэрцы.
Мы часта абураемся, што існуе цэнзура ў СМІ, на радыё і г. д. Лічу, што цэнзура на безгустоўшчыну, на нізкапробнае ой як патрэбна. Прывяду словы з песень, якія пачула на 1-ым Нацыянальным канале: “А снег идёт, а снег идёт, а я стою, как дура…», «Ну что ж ты страшная такая, ты такая страшная, и ненакрашенная страшная и накрашенная…» Дык няўжо ж такое дастойна апявання? У нас жа ёсць шмат песень, якія б выхоўвалі чыстыя, светлыя пачуцці і напаўнялі імі нашы і так ужо спустошаныя душы. А чаму б не ўключыць у перадачы папулярных радыёканалаў песні ў выкананні цудоўных спевакоў мінулых гадоў: Т. Раеўскай, В. Вуяціча, В. Скарабагатава, А. Рудкоўскага і інш.
Сусветна вядомы выканаўца ролі Ш. Холмса расійскі акцёр В. Ліванаў даў знішчальную характарыстыку нашаму грамадству і ўсім нам: “Если обществом правят деньги, а не совесть и мораль, то востребовано только одно искусство – «для толпы». Если давать публике развлекуху – сплошное «гы-гы-гы», то оно большего и не требует».
А пра якую духоўнасць гаворыць мова сучаснага чалавека? Здаецца часам, што без мацюкоў большая частка насельніцтва не можа выказаць сваю думку. Нават перад тэлекамерай (прыпомніце выключэнні брыдкаслоўя на ТВ у розных шоу: “Пусть говорят”, «Говорим и показываем» і інш. Ужываючы мацюкі, размаўляюць паміж сабою ў кампаніі хлопцы і дзяўчаты, з матам пасуць статак, паганяюць каня, начальнік з падначаленымі знаходзіць агульную мову часам толькі з дапамогай мата… Матам размаўляюць! Мат калечыць нас і нашых дзяцей яшчэ да іх нараджэння. Мы ўсе звыкліся і жывём у намацюганай прасторы. А ёсць жа паняцце “намоленая прастора”, якое асацыіруецца з заспакаеннем, дабрынёй, замілаваннем. Адны з нас моляцца, другія мацюгаюцца. На жаль, тых, хто мацюгаецца, значна больш. Ісус Хрыстос павучаў: “Не тое апаганьвае чалавека, што ўваходзіць у вусны, а тое, што выходзіць”. Вось каб мы былі бліжэй да Бога, дык нічога падобнага з нашых вуснаў не выходзіла б. Мы чулі б выразы, якія я заспела пачуць у сваім дзяцінстве: “Памагай Бог” – як пажаданне пры любой справе, пачынанні; “З Богам” – пры развітанні, калі хтосьці адпраўляўся ў дарогу ці таксама прыступаў да работы; “Хай Госпад цябе ахоўвае” і інш.
Людзі пажылога ўзросту памятаюць, як у дзяцінстве насупраць дзвярэй вісела ікона. Кожны, хто заходзіў у дом, перш чым павітацца, павінен быў перахрысціцца на ікону. А ці часта мы сённяшнім днём перахрысцім нашых дзетак ці іншых родных, якія адпраўляюцца з дому? Гэта ж абярэг на цэлы дзень ад няшчасцяў, бяды і непрыемнасцей.
Як часта і ці ўвогуле чытаем мы рэлігійную літаратуру? Наша задача – прывучыць дзяцей чытаць кнігі для самых маленькіх, а пазней яны самі стануць чытаць такую літаратуру. Хіба ж кепска, калі з самага дзяцінства чалавек будзе браць за правіла тое, чаму вучыць роўнаапостальны князь Уладзімір: “Старога паважайце, як бацьку, а маладога – як брата. Сваю справу рабіць не лянуйцеся… Хворага наведайце, нябожчыку аддайце належную пашану, вітайце жывых: скажыце кожнаму добрае слова…”
Прыйшоўшы ў бібліятэку, многія кідаюцца да стэлажоў з камерцыйнай літаратурай. А ці там трэба шукаць напаўненне для душы? Кніга – гэта бясцэнны дар, якія тысячагоддзі перадаецца з пакалення ў пакаленне. “Лякарства для душы” – вось які надпіс быў над уваходам у бібліятэку Рамзеса ІІ.
Упэўнена, што многіх грамадзян трывожыць тое, чаму здараецца так многа злачынстваў. Могуць забіць ні за што. Забіваюць за сотню-другую тысяч рублёў, бо няма за што выпіць. Забіваюць за вялікія грошы, бо самі не хочуць ці не ўмеюць працаваць. А жыць прыгожа хочацца! І ніякая жорсткасць законаў не змяншае колькасці злачынстваў. Корань жа зла мне бачыцца менавіта ў бездухоўнасці нашага грамадства.
Дык ці не правільней было б пусціць сродкі на выхаванне, а не на турмы, выпраўленчыя калоніі, прытулкі для дзетак, для састарэлых? Можа, тады адпала б і неабходнасць у вышэйпералічаных установах?
Нельга не пагадзіцца са святаром, які ў час адной з нядзельных пропаведзяў гаварыў, што многія з нас лічаць сябе бязгрэшнымі, бо нічога кепскага не рабілі: не кралі, не забівалі, не зласловілі і яшчэ шмат чаго “не”… Гэта добра, але ж мы не процідзейнічалі, калі гэта рабілі другія. Значыць, і мы – міжвольныя ўдзельнікі.
Будзем любіць адзін аднаго. Будзем міласэрнымі, будзем дараваць адзін аднаму. Будзем помніць словы мітрапаліта Кірыла: “Няхай сцены адчужэння паміж людзьмі будуць разбураны”. Пастараемся жыць так, каб нашы сэрцы і душы былі без чорных плям.
Верыцца, што духоўны крызіс мы пераадолеем, інакш мы самавынішчымся. Каб гэтага не здарылася адновім храмы ў нашых душах, а калі там іх ніколі не было, пабудуем новыя. У гэтым – наш паратунак. Давайце жыць так, каб бачыць не толькі зямлю пад нагамі, а і высокае неба, каб не стаць падобнымі да тых, пра каго Максім Горкі з пагардай пісаў у пачатку мінулага стагоддзя:
А вы на земле проживёте,
Как черви слепые живут.
Ни сказок о вас не расскажут,
Ни песен о вас не споют.
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…
Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…
Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…
Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…
Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…
This website uses cookies.
Read More