
Дзіўны мы народ – беларусы. Мабыць, ці не адзіныя ў свеце ўстанавілі дзяржаўнае свята – Дзень беларускага пісьменства. Паганаравалі два дні ў год родную мову: правялі канферэнцыі, сустрэчы з мовазнаўцамі, беларускімі пісьменнікамі. Пашанавалі, пасадзіўшы яе ў Чырвоны кут пад абразы ў роднай хаце. Але ж уласцівасць усіх святаў адна: яны хутка заканчваюцца. Закончыўся і Дзень беларускага пісьменства. І родная мова прыняла сваё паўсядзённае аблічча – зноў стала Папялушкай. Зноў апынулася за парогам бацькоўскай хаты. Нічога не мяняецца. Як з болем сказана ў апошняй кнізе Васіля Януковіча “Залаты лістапад”:
Год кнігі,
Тыдзень мовы,
Дзень пісьменства…
Застаецца прыдумаць:
Гадзіна беларускага патрыятызму.
Дзе-нідзе вядзецца яшчэ прапаганда беларускай культуры, беларускасці. Здаецца, добры тэлепраект “Наперад у мінулае” на тэлеканале “Беларусь-3”. Але ж без лыжкі дзёгцю не могуць тэлевізійнікі абысціся. Каментары да беларускіх песень – на рускай мове. Аксана Вечар – на беларускай мове. Юрась Вашчук – на рускай мове. Аднак калі яшчэ з 3-ім каналам можна мірыцца, дык пра 1-ы Нацыянальны ўзгадваць не хочацца. І чаго яго называюць нацыянальным? Абсурд. Мы ж – беларусы.
Слухаю перадачу абласнога радыё. Распавядаюць пра работу Камянецкай раённай бібліятэкі. Загадчыца біліятэкі гаворыць пра тое, што ў бібліятэцы будзе праводзіцца мерапрыемства “Сэрцам роднага слова краніся”. Цудоўна!.. Было б… Калі б не распавядалася пра ўсё гэта на… рускай мове.
Дзіўная любоў да роднага слова, да Радзімы, ці не так? Слухала – і не верыла ёй. Бо не кранаюць нікога тыя, хто сам не крануўся сэрцам роднага слова.
Успомнілася, як 1-ы Нацыянальны канал беларускага радыё ў адной з беларускамоўных перадач даў слова супрацоўніцы Беларускага нацыянальнага музея архітэктуры і быту. Дык яна ні да чога лепшага не дадумалася, як расказваць пра свой музей на рускай мове. Мне ад такіх перадач з “моўным асарці” адна прыкрасць. Здавалася б так: калі перадача беларускамоўная, то і шукайце, яе стваральнікі, тых, хто “ўпішацца“ ў вашу перадачу, гэта значыць, валодае роднай мовай. Хоць і тут дзіўна: як гэта супрацоўнікі нашага Нацыянальнага музея не валодаюць мовай беларусаў? Ці змогуць такія супрацоўнікі данесці нашчадкам тое, для чаго створаны гэты музей, – дух беларускасці, гонар за нашых продкаў, жаданне не страціць тое, што сабрана нашым народам на працягу стагоддзяў?
Яшчэ прыклад. Лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алесь Карлюкевіч у Дзень роднай мовы на 1-ым Нацыянальным канале радыё расказвае на мілай роднай мове пра сваю Ігуменшчыну і знакамітых землякоў. Расповед яго дзеліцца на дзве часткі, а між імі ўстаўляецца песня на рускай мове пра любоў да Радзімы, да Беларусі. Добрая песня… Але ж каб па-беларуску…
Узгадваецца мне зямляк, былы калега Андрэй Ярашэвіч – рупліўца на ніве беларушчыны. Выдатнік асветы Рэспублікі Беларусь, настаўнік вышэйшай катэгорыі, ён праз усё сваё жыццё даказвае вернасць матчынай мове і бацькоўскай зямлі.
Працавала ў Хатыніцкай школе настаўніцай матэматыкі Вера Канановіч. Добры матэматык! Называла з гонарам матэматыку царыцаю ўсіх навук. Але мне заўсёды здавалася, што філолаг з яе быў бы яшчэ лепшы: яна так тонка адчувае мову, умее дасціпна выказаць сваю думку, пажартаваць, упрыгожыўшы сваю мову нейкім асаблівым выразам, трапным слоўцам. Бывае, так міла прыкмеціць: “Які на вас прыгожы каптанік!” І цёпла на душы становіцца ад камплімента і ад такога сімпатычнага слова, як “каптанік”.
А беларускай мовай Вера Рыгораўна карысталася заўсёды і ўсюды. Давялося неяк ёй у сталіцы падчас сустрэчы гутарыць з міністрамі. І нічога, казала потым, паразумеліся, размаўляючы па-беларуску.
Ніколі не забуду, як напрыканцы 60-ых гадоў я прыехала на працу ў Будчанскую школу. Дырэктарам там быў Даніла Маркавіч Мануленка. Сам ён украінец па нацыянальнасці, а з якой павагай ставіўся да нас, беларусаў, і да нашай роднай мовы! Мала таго, з задавальненнем і гонарам карыстаўся ёю, і ўся школьная дакументацыя вялася тады на беларускай мове. Згадзіцеся, пры такім падыходзе не ўзнікала дзвюх думак, на якой мове весці выкладанне ў школе. Больш бы такіх настаўнікаў! Як жа яны нам патрэбны сягоння! Менавіта ў настаўнікаў мы павінны вучыцца сапраўднай выхаванасці, сапраўднай інтэлігентнасці, сапраўднаму інтэрнацыяналізму!
Падзякаваць і сказаць добрыя словы хачу землякам – аматарам роднага слова. Паэтка з Хатынічаў Ніна Кавальчук называе беларускую мову “мовай роднай хаты”. У каторы раз перачытваю Нінін верш і прыгадваю сваё дзяцінства, бацькоўскі дом і той час, калі жыццё ўспрымалася толькі ў светлых фарбах, калі ты адчуваў сябе надзвычай утульна пад крылом мамы і таты. І ад адных успамінаў пачынае казытаць ноздры пах свежаспечанага жытнёвага хлеба, якім прапітваліся ўсе куточкі роднай хаты…
Ведаю адно: чытай я падобны верш на рускай мове – наўрад ці выклікаў бы ён такія пачуцці. Дык хіба ж можна здрадзіць такой мове? Гэта тое самае, што здрадзіць нечаму самаму-самаму дарагому.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More